Тут наш пачатак

З чаго пачынаецца Радзіма? Ну вядома з той песні, якую маці спявала нам у дзяцінстве; з зямлі, на якой нарадзіліся нашы дзяды і бацькі; з непаўторных сваёй прыгажосцю ўсходаў і захадаў; з квітнеючых улетку лугоў і восеньскіх грыбных бароў. Ці магчыма навучыць чалавека любіць Радзіму, прывіць яму павагу да прыроды, навучыць адчуваць яе рытмы, берагчы і шанаваць спадчыну? Так, магчыма! Трэба толькі з маленства тлумачыць дзіцяці: дрэўца альбо кусцік пасадзілі яму на радасць і на карысць, што кожны чалавек павінен захоўваць і прымнажаць багацце прыроды, жыць з ёй у згодзе і атрымліваць ад гэтага асалоду.


Каб навучыць дзіця шанаваць прыгажосць, клапатліва адносіцца да квёлага зялёненькага дрэўца каля школы, да квітнеючых клумб на вуліцах гарадка, бацькам і настаўнікам трэба шмат папрацаваць. І вельмі крыўдна, калі падлеткі ламаюць маладыя саджанцы, разбураюць клумбы, дарагія агароджы. Можа гэта адбываецца таму, што ў свой час немаўляці не ўсмактала з мацярынскім малаком духоўныя каштоўнасці? Вельмі цяжка прывіць маленькаму чалавеку спагаду да працы людзей, што клапоцяцца аб чысціні, любоў да малой радзімы, калі яго ўласныя бацькі паказваюць не вельмі добры прыклад. А калі маці і бацька клапоцяцца аб прыгажосці душы сына ці дачушкі, то дзіця абавязкова вырасце спагадлівым да цяжкай працы прыбіральшчыц і дворнікаў, беражлівым да асяроддзя, добрасумленным і працавітым чалавекам. Зараз у поўным разгары вясна. І хоць яна пакуль не такая лагодная як нам хацелася б, але сонейка зробіць сваю добрую справу – падсушыць людскія падворкі, абудзіць пашы, аблашчыць цёплымі промнямі бярозавы гай, каб яшчэ больш прыгожай стала наша зямля. Трэба толькі, каб у нашых сэрцах, ў сэрцах нашых дзяцей назаўсёды пасяліліся культура, сумленнасць. Давайце ўпусцім у нашы душы вясновае святло і прыгажосць, якую так шчодра дорыць нам родная зямля.
Зоя Гарбачова