Як трава пры дарозе

У прыёмную аддзела адукацыі адчыніў дзверы вадзіцель спецыялізаванага аўтобуса, які ажыццяўляе падвоз дзяцей з вёсак у гарадскія ўстановы адукацыі. Ён трымаў за руку смуглявага, на выгляд гадоў пяці хлопчыка. Дзіця плакала наўзрыд, расціраючы буйныя слёзы кулачком і раз-пораз паўтарала: “Адвязіце мяне дадому. Там бабуля чакае.” Работнікі, якія прысутнічалі ў прыёмнай, кінуліся супакойваць малога, прапаноўвалі яму хто цукерку, хто пячэнне і адначасова дапытваліся ў шафёра, маўляў, што здарылася. Той адказаў: “У адной з вёсак бацькі не сустрэлі сына з дзіцячага садка, як гэта робяць астатнія. Вось і прывёз яго сюды. Няхай Алена Мікалаеўна разбіраецца.” А.М.Чупругіна — галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, інспектар па ахове правоў дзіцяці, пазнала хлопчыка, гэта быў сын Валянціны з неспрыяльнай сям’і. Яна хутка сабралася, запрасіла паехаць разам з ёй метадыста А.М. Цімашэнка, мяне, як работніка рэдакцыі, і, ўзяўшы за руку заплаканае дзіця, накіравалася ў аўтобус, каб паехаць і пераканацца ў тым, ці ёсць хто з дарослых дома ў хлопчыка. Па дарозе яна расказала гісторыю сям’і, у якой гадуюцца трое малых – два хлопчыкі і дзяўчынка. Двойчы дзеці адымаліся ў гора-бацькоў. Некаторы час непаўналетнія знахо-дзіліся ў Кароцькаўскім сацыяльным прытулку, плата за ўтрыманне ў якім расла нібы снежны камяк. Потым маці з бацькам браліся за розум – пачыналі весці цвярозы лад жыцця, працаўладкоўваліся, наводзілі парадак ў старэнькай бабулінай хаціне, у якой пражываюць і зараз. Але надоўга іх не хапала. Зноў браліся за старое – п’янкі, у хаце бруд, бульба ды хлеб прысутнічалі ў штодзённым меню сям’і. Старэйшага сына маці сяк-так уладкавала ў садок, двое меньшых — дома, пад наглядам бабы Дуні, якая і сама, па ўзросту і па стане здароўя, патрабуе дагляду. Зараз бацькі непаўналетніх працуюць на ферме. Ступіўшы на двор, мы жахнуліся. Вакол быў такі беспарадак, што мы ледзь да дзвярэй сянец дабраліся. Дома знаходзілася баба Дуня і двое ўнукаў. У пакоях да належнага парадку таксама было далёка. Праўда, у наяўнасці былі прадукты харчавання – вараная бульба, хлеб, малако, яйкі і нават селядзец. На наша прывітанне жанчына загаласіла, запрычытала: “Дзеткі мае любыя, дайце мне памерці спакойна, тады рабіце што хочаце. Не чапайце ўнукаў, няхай з бацькамі.” Дзеці, заўважыўшы незнаёмых людзей, як пужлівыя кураняты пачалі туліцца да бабулі. Алежка заплакаў разам са старой, уткнуўшыся ў яе худое плячо. “Не плач, Алежка”, — спрабавала супакоіць яго Алена Мікалаеўна. Хлопчык за-плакаў яшчэ мацней і з поўнымі вачыма слёз запытаў: “А вы мяне забіраць не будзеце?” ”Не, мамка твая абразумецца і ўсё будзе добра…”, — суцешыла інспектар ні то сябе, ні то малых. На пытанне, маўляў, дзе Валянціна, чаму дзіця не сустрэла, і чаго на падворку такі беспарадак, старая зноў пачала плакаць. Гледзячы на малых і на бабулю, вельмі хацелася заплакаць разам з імі і спытаць Валянціну: “Чаму забываеш пра сваё прызначэнне? За якія грахі побоч з табой пакутуе стары чалавек?” Калі ехалі назад, Алена Мікалаеўна ні то сябе, ні то нас спытала: “Не ведаю, што рабіць, як прымусіць людзей бацькамі быць? Як жа балюча глядзець на малых гаротнікаў. Растуць як трава пры дарозе.” У глыбокім маўчанні ў салоне аўтобуса павісла нямая цішыня, проста не знайшлося патрэбных слоў…


Зоя Гарбачова