Шчаслівае дзяцінства пад мірным небам

1 чэрвеня ў 10 гадзін раніцы вуліцы Кармы абудзіў смех радаснай дзетвары. Прыгожа апранутыя, з паветранымі шарыкамі выхаванцы дзіцячых устаноў пачалі сцякацца рознакаляровымі ручайкамі да гарадскога Дома культуры. Упрыгожаная кветкамі, дзіцячымі малюнкамі, цацкамі, зала ветліва расчыніла дзверы для дзетвары і дарослых. З нецярплівасцю гледачы чакалі, калі распачнецца святочны фестываль пад назвай “Как прекрасен этот мир!”. Адкрыла мерапрыемства начальнік аддзела адукацыі Н.І.Сідарава. Яна павіншавала ўсіх з Днём абароны дзяцей, пажадала моцнага здароўя, шмат радасных сонечных дзён у жыцці, светлых мар і абавязковага іх здзяйснення. Далей пачалася канцэртная праграма.


На сцэну выйшла Фея і запра-сіла гледачоў у казачнае падарожжа, на сустрэчу з порамі года. Загучала прыгожая музыка і да рабят прыйшла гаспадыня Восень, яна і пачала музычнае шоу. Прыгожым было выступленне дзяцей з Акцяброўскага садка, яны выканалі абрадавы музычны нумар “Дажынкі”. Цёпла прымаў зал “Танец лісцікаў” маленькіх артыстаў з Хізаўскага садка, выступленне Зайчыка і Лісічкі з Барсукоў. Цікава прадставілі танцавальны нумар з парасонамі выхаванцы яслі-сада №1, запамінальным быў “Танец грыбкоў” з яслі-сада № 6. Потым у госці да дзетак завітала Зіма і запрасіла на сцэну дзяўчынак з садка №2. Гледачы дружнымі апладысментамі ўзнагародзілі іх за “Танец сняжынак”. Весела прымала публіка сатырычную песенку хлопчыка і дзяўчынак з Кароцек. На змену Зіме прыйшла прыгажуня Вясна. Апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы, выхаванцы садка №1 майстарскі выканалі кампазіцыю “Жавароначкі, прыляціце”. Пакарыла публіку звонкагалосая дзяўчынка з дашкольнай установы №5. Гледачы доўга апладзіравалі маленькай спявачцы за песню пра жабянят. І вось прыйшла апошняя госця – Лета. Весела затанчылі пад скрыпачку коніка дзеці з Лужка і Ворнаўкі ў касцюмах стракоз і мураша, пчолак і казявачак. Яскравым і запамінальным было выступленне вакальнай групы з садка № 3. Дзяўчынка ў бардовай сукенцы і з вялікім белым бантам на галаве вельмі зычна і смела спявала і адначасова танчыла каля мікрафона. У канцы святочнай праграмы ўсіх маленькіх артыстаў запрасілі на сцэну. Было такое пачуцце, што шмат яркіх кветачак сабралася ў адзін вялікі, прыгожы букет. Затым усе накіраваліся ў танцавальную залу на дыскатэку. Фінальным акордам мерапрыемства быў конкурс малюнкаў на асфальце. Рознакаляровымі крэйдамі дзеці малявалі: сонейка, маму, кветкі. Пасля фестывалю на сэрцы было вельмі цёпла і радасна. Хочацца выказаць вялікую падзяку арганізатарам свята: начальніку аддзела адукацыі Н.І.Сідаравай, метадысту РАА В.І.Старавойтавай, калектывам устаноў адукацыі, загадчыцы С.Р.Супічэнка і музычнаму кіраўніку А.Л.Храмянковай дзіцячага садка №5 за разработку праекта фестывалю. Музычнае шоу прайшло пры актыўнай фінансавай падтрымцы раённага фонду міра, аддзела па справах моладзі райвыканкама, БРСМ. Такія святы сталі традыцыйнымі ў нашым раёне і вельмі патрэбнымі. Яны раскрываюць новыя таленты, вучуць маленькіх беларусаў любіць Радзіму, шанаваць спадчыну, цаніць прыгажосць.
Зоя Гарбачова
Здымак Віктара Ільюшчанкі