Гасцінныя Казакі

У гасцінным панадворку, утульнай альтанцы мы сустрэліся з Сяргеем Фёдаравічам і Аленай Васільеўнай Казакамі. Галава сямейства працуе настаўнікам інфарматыкі ў Задубскай САШ, яго жонка выкладае матэматыку. Я пацікавіўся, ці лёгка знайсці падыход да цяперашніх вучняў. — Раней дзеці былі спакайнейшыя, — расказвае Сяргей Фёдаравіч. – Зараз тэндэнцыі выхавання мяняюцца. Ды і жыццё не стаіць на месцы, рухаецца да новага перадавога. Ці бачылі ранейшыя вучні сучасныя камп’ютэры, інтэрнэт і іншыя дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу? Зразумела – не. Але мы працуем, выхоўваем, калі трэба змагаемся з няпростымі норавамі сучасных дзяцей. — А ці многа іх у вашай школе? — пытаюся далей. — Было 80 вучняў. Зараз, магчыма, будзе 50. Бо школа мяняе свой статус з агульнаадукацыйнай на базавую. Далей цікаўлюся грамадскай дзейнасцю майго суразмоўцы, у чым яна заключаецца. Ён расказвае, што кожны раз яго выбіраюць старшынёй выбарчай камісіі, арганізоўвае работы па ўборцы тэрыторый помнікаў, дзе пахаваны, за-гінуўшыя воіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, па добраўпарадкаванню могілак, дапамозе сталым людзям. Панадворак сям’і Казакоў патанае ў кветках, якія вырашчаны Аленай Васільеўнай. Тут ружы, флоксы, лілеі, рамонкі, мальвы, званочкі і многія іншыя, усіх не пералічыш. Вырошчванне іх для гаспадыні не праца, а занятак па душы, тут яна адпачывае ад паўсядзённых клопатаў, школьных будняў. Недалёка бегала дачушка маіх суразмоўцаў. Я зрабіў здагадку, маўляў у настаўнікаў інфарматыкі і матэматыкі расце дачушка таксама матэматык. І не ўгадаў. Не любіць яна дакладныя навукі, а больш схільная да філалогіі, многа чытае, вучыць напамяць вершы. Дарэчы ў гэтым навучальным го-дзе бацькі будуць яе настаўнікамі. Гэта надае дзяўчынцы больш адказнасці. Нельга падводзіць родных, трэба добра вучыцца, бо патрабаванні да яе будуць больш строгімі, чым да астатніх вучняў. Развітаўшыся з гасціннай сям’ёй Казакоў, мы рушылі на сустрэчу з не менш гасціннымі і ветлымі людзьмі.


Віктар Ільюшчанка