Сапраўднай музыкі чароўнае святло

Цяжка знайсці беларуса, якога могуць пакінуць абыякавым гукі народных песень. І гэтак жа амаль немагчыма ўявіць сабе свята без спеваў. Невыпадкова прыхільнікі беларускай народнай творчасці сабраліся ў летнім кафэ “Сонейка”. Менавіта тут адбыўся канцэрт “Спявай, душа народная”, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Беларуская песня склікала на свята фальклорныя калектывы Ворнаўскага СДК “Жывыя крыніцы”, Акцяброўскага СДК “Луца”, Баравабудскага СДК “Землякі”, а таксама фальклорны ансамбль “Добрыца” Кармянскага ЦКіВЧ. Дарэчы, кожны з названых ансамбляў прымае актыўны ўдзел у шматлікіх раённых мерапрыемствах, калектыў “Добрыца” нярэдка выязджае з канцэртамі ў суседнія раёны, а калектыў “Землякі” ў гэтым годзе абараніў званне “народны”. Адзначым, што аматараў і пры-хільнікаў народнай творчасці чакалі на гэтым свяце не толькі цудоўныя песні, але і шматлікія сюрпрызы. Нават распачаўся канцэрт не звычайным вітаннем слухачоў, а яскравай гумарэскай у выкананні вядучых – Таццяны Кірэевай і Дзмітрыя Кузняцова. Шчыра і сардэчна гучалі спевы выканаўцаў, цудоўны настрой стваралі гукі народных інструментаў, весялілі слухачоў займальныя гумарэскі. І ў дадатак да ўсяго кожны калектыў падрыхтаваў слухачам свой адметны конкурс. Так, віктарына “Ведай свой край” ад калектыва “Жывыя крыніцы” прымусіла ўсіх успамінаць старонкі нашай гісторыі, і хоць пытанні былі вельмі лёгкімі, зарабіць прызавыя балы атрымлівалася не ва ўсіх, а толькі ў тых, хто першымі давалі правільныя адказы. Алена з вёскі Акцяброва ў “пошуках нявесткі” сваіх канкурсантак прымусіла не толькі адгадваць загадкі, але і па-працаваць, і праявіць хуткасць і знаходлівасць. “Землякі” з Баравой Буды, у сваю чаргу, прапанавалі найбольш смелым праспяваць прыпеўкі, а ўдзельнікі калектыва “Добрыца” запрасілі жадаючых патанцаваць разам з імі. Пераможцы кожнага конкурсу атрымалі падарункі на добры ўспамін аб цудоўным свяце. Кожны, хто прысутнічаў на канцэрце, атрымаў сапраўдную асалоду, велізарны запас весялосці, ба-дзёрасці і аптымізму. І невыпадкова прагучалі ў адной з апошніх песень і адгукнуліся ў сэрцы кожнага слухача словы: “Бо пакуль гармонік грае, беларусы будуць жыць!”.
Алеся ШУЦІКАВА,
здымак аўтара