ЗАЖЫНКІ Ў КАРМЯНСКІМ

Невялічкім святам пачатку ўборкі ўраджаю адзначылі першы выхад у поле працаўнікі КСУП “саўгас “Кармянскі”. Задорнай беларускай песняй, вясёлымі прыпеўкамі віталі хлебаробаў удзельнікі аўта-клуба цэнтра культуры і адпачынку. З пажаданнямі поспехаў да камбайнераў звярнуўся галоўны аграном гаспадаркі С.У. Альшэўскі. Ён адзначыў, што галоўная задача на ўборачную кампанію – сабраць ураджай без страт і ў тэрмін. Ад імя прафсаюза і сябе асабіста віншавала з пачаткам уборкі хлеба намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама гаспадаркі Г.У. Андрэева. Галоўны эканаміст сельгаспрадпрыемства А.А. Лашкевіч паведаміў аб умовах спаборніцтва на хлебным полі, аб аплаце працы, аб заахвочванні лепшых камбайнераў. Дырэктар КСУП “саўгас “Кармянскі” Я.М. Вараб’ёў адзначыў, што ўборачная гэтага года даволі складаная, бо вызначаны сціслыя тэрміны яе правядзення. Хлеб трэба ўбраць за два тыдні, пры гэтым не губляючы якасці. Ніводнай хвіліны нельга дапусціць, каб камбайны прастойвалі, нават у час абеду, або вячэры. Для гэтага і назначаны памочнікі. Ад інжынернай службы кіраўнік запатрабаваў аператыўнасці ў забеспячэнні тэхнікі неабходнымі запаснымі часткамі. Назначаны адказныя за свой участак працы. Кожны будзе пакараны рублём за няякаснае выконванне сваіх абавязкаў. Камбайнёры шмат задавалі пытанняў па аплаце працы. Некаторыя былі нязгодныя з расцэнкамі. У адказ Яўген Мікалаевіч аперыраваў лічбамі іншых гаспадарак, раёнаў вобласці. Азначаныя расцэнкі працы ў “Кармянскім” нічым не горшыя як у іншых, а некаторыя пазіцыі нават лепшыя. “Адпачываць і святкаваць будзем пасля ўсіх работ”, — сказаў кіраўнік. – Зараз жа кожная хвіліна дарагая”. Праязджаючы некалькі гадзін пазней міма поля, дзе праводзіліся зажынкі, назіралі дружную працу лю-дзей і тэхнікі. І так будзе кожны дзень.


Віктар ІЛЬЮШЧАНКА Фота М. БАГДАНОВІЧА