Каб дом быў “надзейным прычалам”

Дом – гэта калыска чалавека, яго стартавая пляцоўка, карабель ў жыццёвым моры. Не выпадкова так многа складзена песень аб бацькоўскім доме, аб родным парозе, аб “вечным прычале”, адкуль мы выйшлі і куды, дзе б не былі, заўсёды хочацца вярнуцца. Некалі ў народзе існавала шмат павер’яў, звязаных з домам. Нельга было ставіць хату на тым месцы, дзе некалі праходзіла дарога. Пры выбары месца для сялібы трэба было даведацца, ці не было тут яе раней і чаму яна спуставала.Няможна было выбіраць спрэчныя ўчасткі зямлі, каб той, хто спрачаецца не кляў будучых гаспадароў. Калі месца для пабудовы было аблюбавана, гаспадар збіраў з чатырох розных палёў па адным камяні, нёс іх пад шапкай на галаве альбо за пазухаю, ля голага цела, клаў на абраным месцы чатырохвугольнікам. Увайшоўшы ў гэты чатырохвугольнік, клаў на зямлю шапку і прасіў сваіх нябожчыкаў-дзядоў дапамагчы аблюбаванай сялібе. Калі праз тры дні камяні заставаліся некранутымі, месца было абрана ўдала. Яшчэ, калі збіраліся будаваць новую хату, ставілі на тым месцы гліняны гарлач альбо чыгунок з павучком. Калі за ноч ён пачынаў “ткаць кросны”, то месца для пабудовы добрае. Дрэва, якое выкруціла бура альбо пярун ударыў нельга было браць на пабудову не толькі хаты, а нават хлявоў, бо як казалі ў народзе, на ім бес сядзеў, а гэта вельмі шкодна для чалавека. Няможна было на хату браць рыпучага дрэва, лічылася, што людзі ў ёй будуць хварэць і паміраць. Забаранялася выкарыстоўваць не толькі на пабудову, а нават на дровы, тое дрэва, якое падаючы забіла ці прыдавіла чалавека, браць дрэва, якое падаючы завісала, бо па народных прыкметах ў хаце будуць сварыцца і біцца. На гаспадарчыя пабудовы выкарыстоўвалі дрэвы, што раслі побач з мурашнікам. Чалавек ведаў — у хлеве будзе добра гадавацца і пладзіцца жывёла. Непажадана было браць дрэва з наростамі, лічылі, што дзеці вельмі часта будуць набіваць сабе гузы. Лепшаю парою для таго, каб пусціць дрэва на хату, лічылася вясна. Самыя спрыяльныя месяцы – сакавік і красавік. Вясновы сок надаваў дрэву асобую жыццёвую сілу. У пачатку будаўніцтва пад усе чатыры вуглы гаспадыня клала асвечаныя ў царкве зёлкі, каб адпужнуць нячысцікаў. Пакуль не пакладзены першы вянец, майстрам не дазвалялася адлучацца ад месца работы, утыкаць сякеру ў бервяно ці біць па ім абухом, каб не наклікаць на дом шкоды. Калі ставілі першы вянец і першая трэска ад сякеры ляцела ў сярэдзіну будучага дома, то людзі верылі – у хаце заўсёды будзе дастатак і прыбытак. Зоя Гарбачова