Галоўны кірмаш года

Пакроў… Колькі святочнай урачыстасці ў гэтым слове адчуваецца з самага дзяцінства: гэта і вясёлы гоман доўгачаканага кірмашу, і чароўны мядовы водар, і народныя спевы, і святочнае багаслужэнне… Не стаў выключэннем і гэты год. Яшчэ толькі развіднела, а кірмаш каля аўтавакзала пачаў сваё жыццё: пад’язджалі машыны з прадукцыяй сельскіх гаспадарак раёна, уладкоўваліся палаткі з адзеннем, хатнімі рэчамі, ежай, выстаўляліся на продаж саджанцы пладовых дрэў і кустоў. Кожны наведвальнік кірмашу мог знайсці амаль усё, што хацеў: у шырокім асартыменце былі прадстаўлены прамысловыя тавары: адзенне, абутак, рэчы для афармлення інтэр’еру.


Быў арганізаваны распродаж па зніжаных цэнах прадукцыі вытворчасці ткацкай фабрыкі. Меўся вялікі выбар і сельскагаспадарчых тавараў, можна было набыць і бульбу, і капусту, і моркву, і цыбулю, і мясную прадукцыю, і шмат чаго яшчэ. Кожная гаспадарка раёна прыняла самы актыўны ўдзел у кірмашы, прадставіўшы такім чынам жыхарам раёна магчымасць набыць усё неабходнае. Асобнай увагі заслугоўвае, канечне ж, продаж мёду – традыцыйны для святочнага кірмашу на Пакроў. Выставілі на продаж сваю прадукцыю і школы раёна: САШ №1, №2, Кляпінскі ДССШ, Ворнаўскі ДССШ. Ды хіба ж можна ўсё пералічыць? Ніхто не застаўся ў баку, кожны выходзіў з пакупкамі. А ўсіх гасцей святочнага кірмашу віталі чароўна прывабныя народныя спевы ў выкананні артыстаў ЦКіВЧ і народнага ансамбля “Добрыца”.


Шкада толькі, што добраму настрою перашкодзіла надвор’е: хоць на само свята яно было даволі цёплае, але, на жаль, з-за дажджоў, якія прайшлі напярэдадні, уся дарога каля кірмашу была ў брудзе, а непасрэдна на кірмашы ў цэнтральнай частцы ніхто нават і не спрабаваў уладкавацца для продажу чаго-небудзь, таму што нават прайсці там было немагчыма. Аднак, нягледзячы на гэта, дзякуючы намаганням ўсіх арганізатараў і ўдзельнікаў, шчырым жаданнем кожнага прадаўца прынесці хоць крыху радасці пакупнікам, імкненнем артыстаў данесці свой настрой усім прысутным, свята атрымалася, як звычайна, яркім, вясёлым і насычаным.
Алеся Шуцікава
Здымак Міхаіла Багдановіча