Кветкавы рай пад вакном…

За невялікай пафарбаванай агарожай, каля дагледжанага дома № 67 па вуліцы Ільюшчанка, з раніцы і да вечара прыветліва ківаюць рознакаляровымі галоўкамі дзіўныя кветкі, што растуць у палісадзе Л.М.Агеенка. Якіх тут толькі няма: цюльпаны і нарцысы, фіялкі і маргарыткі, ірысы і флёксы, рамонкі і ружы: белыя, чырвоныя, блакітныя, ружовыя, барвовыя. Вось падзьмуў лагодны ветрык, і загайдалася, закалыхалася дзіўнымі хвалямі кветкавае мора, разносячы водар па ўсёй акрузе. Заглядаюцца на гэта хараство людзі. Праходзячы міма, усміхаюцца, радуюцца, некаторыя цікавяцца ў гаспадыні: “Як Вам хапае часу, сіл і цярпення кірпець над такой колькасцю раслін?” Гаспадыня ветліва ўсміхаецца і, паціскваючы плячамі, сціпла адказвае: “Я вельмі люблю кветкі, і мне не цяжка даглядаць іх. Працуючы ў палісадніку, ніколі не адчуваю стомы. З імі не марудна, з імі я адпачываю. А каб яны атрымаліся дужымі, яркімі і буйнымі, каля іх шмат “пачараваць” трэба”.


Акрамя захаплення кветкаводствам ў Любові Мінаўны вельмі адказная пасада – яна працуе майстрам у Кармянскім цаху газавай гаспадаркі, а яшчэ ў двары — вялікая гаспадарка, прысядзібны ўчастак каля хаты і добры кавалак зямлі ў полі. Развядзеннем кветак жанчына пачала займацца ў канцы 90-х гадоў. Любоў да кветак ёй прывіла свякроўка (родныя бацькі памёрлі, калі Люба была зусім маленькай). У час размовы мая субяседніца прызналася: “Вельмі люблю, калі дом патанае ў кветках. Уявіце сабе, глянеш раніцай праз адчыненае вакно на гэты кветкавы рай, ролі не адыгрывае сонечнае надвор’е ці пахмурнае, і так цёпла становіцца на душы, так светла, хочацца жыць, працаваць, прыносіць радасць блізкім.


Бывае прыйдзеш з працы стомленая, як выціснуты лімон, а зазірнеш у палісаднік і стомленасць як рукой здыме. Асабліва падабаюцца раннія. Яны прачынаюцца з першым цяплом, як толькі сыйдзе снег, прабіўшыся з зямлі невялічкімі парасткамі ў сакавіку — ў сярэдзіне красавіка, яны ўжо ўпрыгожваюць палісад бела-блакітнымі, малочна-крэмавымі, пяшчотна-ружовымі бутонамі. А які ў іх незямны водар — не адарвацца, не нанюхацца. Не меньшую асалоду прыносяць мне і кветкі лета: піёны і гладыёлусы, лілеі і ружы, флёксы і рамонкі. Вельмі даражу восеньскімі.


Менавіта яны, як апошнее развітанне з цяплом да наступнай вясны. Люблю, калі буйныя галоўкі барвовых і жоўтых вяргінь схіляюцца да ваконнай шыбы, а рознакаляровыя астры падстаўляюць тварыкі рэдкаму вераснёваму сонейку, як зажурана ўглядаюцца ў пахмурнае неба і сумуюць у кастрычніку мае любімыя, апошнія — белыя хрызантэмы. Кветкі – гэта частка майго жыцця, яны напаўняюць яго сэнсам і, нягледзячы на руплівую працу, яны мой адпачынак, мая радасць”. На пытанне аб тым, што такое захапленне патрабуе шмат грошаў, шчыра ўсміхнуўшыся, Любоў Мінаўна адказала: “Так, сродкі на кветкі патрачаны вялікія, але яны нішто ў параўнанні з той прыгажосцю і асалодай, якую дораць чалавеку.


Маю любоў да кветкаводства раздзяляе муж, ён дапамагае ўскопваць глебу і ўносіць угнаенне. Сын з нявесткай таксама добрыя памочнікі, разам са мной займаюцца праполкай, перасадкай, падкормкай. У час летняга адпачынку з Мінску прыязджае ў дапамогу маці дачка з унукам. Карацей кажучы, для ўсёй сям’і ў кветніку заўсёды знаходзіцца справа”. Ёсць у жанчыны мара — прыдбаць чырвоны махровы бэз і гартэнзію.
Зоя Гарбачова