Дай, Божа, багатае збожжа

Распачалося ўсё шчырым вітаннем артыстамі сённяшніх гаспадароў нівы – камбайнёраў. Менавіта яны будуць напружана працаваць на зямлі, каб хлеб быў на стале ў кожнага. Пасля прывітальных слоў надышоў час самога абраду. Прыступаючы да такой адказнай справы, старэйшая жняя перш-наперш прачытала малітву і толькі пасля гэтага пачала зжынаць першы сноп, спяваючы прыгожую народную песню, якая, разліваючыся над полем, надзвычай гарманічна ўкладалася ў працоўны рытм жняі. І ў радках гэтага напеву быў адлюстраваны не толькі лёс жанчыны-сялянкі, але і ўвасобіўся ўрачысты гімн людзям працы, сапраўдным гаспадарам поля. Калі ж першы сноп быў зжаты, менавіта на яго з зямным паклонам быў пакладзены хлеб з салам як падарунак маці-Зямлі, збожжаваму полю з удзячнасцю за новы ўраджай.

 

Дырэктар КСУП “Лепяшынскі” М.М. Гулевіч, якому як галоўнаму гаспадару быў уручаны рытуальны сноп, перавязаны ўрачыстай чырвонай стужкай, падчас свайго выступлення падкрэсліў важкасць ўкладу кожнага працаўніка, азначыў планы і перспектывы: “Вы добра працавалі, хлеб вырас, і сёння наша галоўная задача – убраць яго ў як мага больш кароткі тэрмін. За 20 дзён мы зможам сабраць ураджай і прыступіць да сяўбы азімых”. Працягам зажынак сталі народныя песні “Весялей, музыка, грай!”, “Яшчэ сонца не ўзышло” і многія іншыя. А пасля невялікага канцэрту ў гонар працаўнікоў М.М. Гулевічу быў уручаны каравай, спечаны з ураджаю мінулага года. І кожнаму камбайнёру з пажаданнем здароўя і плённай працы ў адпаведнасці з народнымі традыцыямі быў ўручаны вянок з калосся, які не толькі сімвалізуе багаты ўраджай і вынік іх працы, але і ўвасабляе пажаданне здароўя.

 

Кранальным, урачыстым і ўзвышаным быў фінал абраду зажынак: камбайны, якія падчас правядзення абраду чакалі сваіх гаспадароў, адначасова крануліся з месца і распачалі працу. А завітаўшыя на жніво буслы, ніколькі не баючыся такой магутнай і гучнай тэхнікі, крочылі ўслед за камбайнамі як увасабленне мірнай працы на зямлі.
Алеся ШУЦІКАВА
Здымак аўтара