Ранішняя размова

У тую раніцу маёй спадарож-ніцай была Алёнка, дзяў-чынка-трэцякласніца з вялікімі блакітнымі вачыма і саламянай грывачкай, што выбівалася з-пад такой жа блакітнай, як вочы, вязанай шапачкі. Не дачакаўшыся сваёй сяброўкі, яна махнула мне рукой і запытала: “Цёця, а можна я разам з вамі пайду?” “Пайшлі, удваіх весялей, дарога карацей будзе”, — адказала я. Дзіця было апранута ў чырвоную куртачку, спартыўныя барвовага колеру штаны, цёмна-зялёную спаднічку, шэрыя боцікі. Праз яе худзенькае плячо вісеў ярка-жоўты, як апалая лістота, важкі ранец, у руцэ — ружовы парасон. “Кветачка-сямікветачка”. — па-добраму ўсміхнуўшыся, падумала я.


“Баюся спазніцца на ўрок. Учора спаць позна лягла, хатняе заданне рабіла”, — пралапатала малая. Па дарозе я даведалася, што школьнае жыццё маёй спадарожніцы не вельмі падабаецца, нягледзячы на тое, што адзнакі па асобных прадметах ( па яе словах) нядрэнныя, і што з усіх настаўніц яе любіць толькі адна, што выкладае літаратуру. Пытаю: “Чаму ж толькі адна настаўніца цябе любіць?» Паціснуўшы плячыма, Алёнка адказала, што не ведае. Напэўна таму, што і яна вельмі любіць літаратуру, а калі вырасце абавязкова стане настаўніцай і будзе падобнай на Марыю Адамаўну. А яшчэ ёй вельмі падабаюцца школьныя сняданкі і абеды. Паколькі я ведаю, што сям’я, дзе гадуецца Алёнка, шматдзетная і малазабяспечаная, то і харчаванне дзяцей такое ж сціплае, як даходы бацькі і маці, таму школьнае харчаванне для яе, як маленькае свята. За гамонкай не заўважылі, як апынуліся непадалёку ад школы.


“Ну, бяжы хуценька, да званка яшчэ ёсць час, паспееш”,- параіла я Алёнцы. Дзяўчынка ўсміхнулася і шпарка пайшла сваёй дарогай. Паслухаўшы ранішні расказ дзяўчынкі пра школьнае жыццё, я падумала, што менавіта такімі, як Марыя Адамаўна, павінны быць усе настаўнікі, каб дзіця было ўлюблёна ў прадмет, як педагог у сваю справу. Толькі тады для вучня школа не будзе ў пакаранне. а стане вялікай краінай, дзе можна чэрпаць не толькі веды, але і рабіць адкрыцці, даведацца шмат цікавага і цудоўнага, адшукаць сваю адзіную сцяжынку ў шчаслівае жыцё.
Зоя Гарбачова