«Чарнобыльскі шлях» — на Кармяншчыне

Трынаццатага сакавіка ў цэнтральным Доме культуры прайшла сацыяльна-творчая праграма “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”.
25 гадоў таму была распачата гэта цудоўная традыцыя – з канцэртамі аб’язджаць раённыя цэнтры, вёскі, несці людзям радасць, адшукваць маладыя таленты і, самае галоўнае, дапамагаць людзям верыць, што ўсё нармалізуецца, жыццё прадоўжыцца і наша краіна будзе квітнець.
У канцэртнай зале ў той дзень быў аншлаг. Паглядзець на сталічных артыстаў прыйшла вялікая колькасць кармянцаў. На мерапрыемстве прысутнічалі П. Я.Паўлаў — намеснік старшыні райвыканкама і Н.І. Сідарава — начальнік аддзела адукацыі Кармянскага райвыканкама.
Артысты Беларускай Дзяржаўнай філармоніі разам з юнымі талентамі нашай Кармяншчыны больш дзвюх гадзін дарылі гледачам вясёлыя спевы, прыгожыя танцы, чаравалі сваімі галасамі. Гэта быў своеасаблівы сумесны фэст гледачоў і артыстаў.
Кацярына Іванаўна Копелева — арганізатар мерапрыемства, перадала асобае прывітанне нашай зямле ад вядомага беларускага кампазітара Ігара Лучанка. Яна з задавальненнем падаравала раённаму выканаўчаму камітэту каляндар з фотаздымкамі творчых асоб нашай краіны.
Распачалі прадстаўленне артысты Беларускага Дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята” пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Анатоля Кашталапава. Яны парадавалі гледачоў разнастайнымі музычнымі інструментамі. Таксама выступілі прызнаныя спявачкі Святлана Бойдак і Марыя Маршак. Сваім валоданнем музычнымі інструментамі здзівілі лаўрэатка шматлікіх міжнародных конкурсаў як на прасторы СНД, так і еўрапейскіх краін цымбалістка Таццяна Сушчэня, дудар і флейтыст Дзмітрый Барсукоў, баяніст Зміцер Ізмайлаў, барабаншчык і танцор Андрэй Маханёк, за ўдарнай устаноўкай знаходзіўся Павел Ермаловіч. Добра танчыла Людміла Галавач.
Спявак, парадыст і проста артыст Генадзь Санько, які доўгі час выступаў разам з Ірынай Дарафеевай, парадаваў песнямі на рускай, беларускай і нават італьянскай мовах.
Асобую асалоду аўдыторыя атрымала ад выступлення вядомай беларускай джазавай спявачкі Стэлы – лаўрэата шматлікіх прэмій, прызёра многіх айчынных і замежных конкурсаў, пераможцы розных фестываляў, уладальніцы “Гран-пры” міжнароднага джазавага фестываля ў ЗША. Яна выканала таксама песні ўласнага сачынення.
Як ужо было адзначана, арганізатары такіх турнэ па ўсёй Беларусі шукаюць таленавітую моладзь, запрашаюць выступіць у Мінску, запісваюць з імі музыкальныя дыскі і, увогуле, дапамагаюць заявіць пра сябе. Ужо адзінаццаць дзяцей і падлеткаў пабывалі “пад крылом” арганізатараў гэтай акцыі, сярод іх Ягор Фарашчан, Ксенія Сітнік, Паліна Смолава, Анжаліка Ют, Уладзімір Станкевіч і іншыя таленты, якія ўжо даўно перасталі быць дзецьмі.
На гэты раз прыехала новая “зорка” беларускай сцэны – Ангеліна Мажар – вучаніца 11 класа адной са сталічных школ. Яна паказала веданне не толькі эстрадных песень, але і валоданне класічным вакалам.
Вельмі прыемна было назіраць, як нашы землякі – маленькая Віка Казакова са сваёй песняй “Я – дзяўчынка-беларусачка”, Лера Цыкуненка з кампазіцыяй на рускай мове “Всё, что сердцу дорого” пры дапамозе танцавальнага калектыва “Аквамарин”, Аляксей Цінгаеў – вучань Кармянскай школы мастацтваў па класу баяна, Аляксандра Брылёва – ужо даўно знаёмая нам “зорачка”, Іван Гоцманаў – саліст гурта “Мальчишки” выступалі нараўне з артыстамі сталічнай сцэны. Паміж іншым, Кацярына Іванаўна адзначыла здольнасці выканаўцаў, паабяцаўшы запрасіць іх у Мінск для выступленняў, а таксама запісу кампакт-дыску.


Таццяна Кулакова