Як у Барсуках Саракі адзначалі

Адраджэнне культурных традыцый нашага народа, яго самабытнасці і непаўторнасці праз актывізацыю дзейнасці клубных устаноў і выяўленне талентаў у вёсках і нашым гарадскім пасёлку, а таксама павышэнне статуса фальклорных калектываў – адна з галоўных задач, якую ставіць перад сабою аддзел культуры Кармянскага райвыканкама. Менавіта для таго, каб напомніць людзям пра беларускія звычаі і паказаць маладым, як гэта адбываецца ў рэальнасці, на Кармяншчыне праходзіць раённы агляд-конкурс “Ка-рагод абрадаў”. Ён будзе правадзіцца на працягу ўсяго 2011 года і закране розныя святы, пачынючы з сямейна-бытавых (зару-чыны, вяселле, улазіны, радзіны), рэлігіёзных (Па-кроў, Вялікдзень, Каля-ды) і канчаючы святамі прыроднага календара (гу-канне вясны, Купалле, Саракі). Для таго, каб усё было як мага рэалістычней, дзеянне будзе праходзіць у натуральных умовах.
Конкурс распачалі ра-ботнікі сельскага клуба-музея з вёскі Барсукі. Усім жадаючым акунуцца ў гісторыю, яны паказалі інсцэніроўку свята Саракі. Лічба, што ўваходзіла ў назву свята, шырока абыгрывалася ў павер’ях і абрадавых дзеяннях, якія бытавалі ў гэты дзень. Калі на Саракі здараўся мароз, то меркавалі, што пасля яго адбудзецца яшчэ 40 маразоў. У гэты перыяд сарока пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў. Раніцой перад усходам сонца хлопчыкі стараліся перакінуць праз страху 40 трэсак — калі гэта ўдасца, то ўлетку добра будуць ім знаходзіцца птушыныя гнёзды. Свае звычаі былі і ў дзяўчат: яны пераламвалі 40 дошчачак і разрывалі 40 вяровачак і шнуркоў. Гэтыя прадметы сімвалізавалі сабою сілы, якімі была скавана зямля, і выкананне гэтага абраду, на думку людзей, набліжала надыход цяпла, абуджала ад зімовага сну ўсю жывую прыроду. «На Саракі дрэвы адпушчаюцца» — сведчылі народныя назіранні.
У клубе да падрыхтоўкі, як і да самаго правядзення, аднесліся сур’ёзна і адказна: хадзілі па дварах, наведвалі старэйшых жыхароў, якія маглі б расказаць пра тое, як правільна правесці абрад, як гэта рабілі раней нашы продкі. Сабраны фальклорны матэрыял праглядаўся, апрацоўваўся і ператвараўся ў сцэнарый.
Усё дзеянне распачыналася на вуліцы: гаспадыня хаты праганяла венікам зіму, якую сімвалізавала снежная баба са збанам на галаве, які разбівала і запрашала вясну.
«На Саракі прыляцелі з-за мора птахі» — падказвалі прыкметы і нават удакладнялі: «Прылятае 40 жаўранкаў». Таму іх прылёт адзначыла і барсукоўская гаспадыня. Яна выпекла ў гэты дзень для дзяцей 40 птушачак з цеста. (Раней маглі пакласці ў адзін з іх «саракоўку» — 20 капеек. Каму яна дастанецца — той будзе шчаслівы). Гэтыя фігуркі потым раздалі дзеткам, якія пайшлі да капы сена ці саломы і стараліся падкінуць печыва як мага вышэй.
Асобая роля была і ў гаспадара хаты. У гэты дзень трэба было абмыцца талай вадой і напаіць ёй скаціну. Усё гэта выконвалася для таго, каб быць здаровым, змыць старыя балячкі, а хатняя жывёла, па меркаваннях нашых продкаў, таксама набывала новыя сілы. На Саракі прыладжвалі арэлі і абавязкова гушкаліся — казалі, «каб камары не елі». Былі і іншыя звычаі, якія маглі крыху адрознівацца ў іншых месцах.
Пры падвядзенні вынікаў конкурсу будзе ўлічвацца мастацкае афармленне свята, узровень рэпертуару і яго адпаведнасць творчым і ўзроставым асаблівасцям выканаўцаў, майстэрства, выразнасць, артыстычнасць, сцэнічны імідж і многае іншае. У калектыва Барсукоўскага клуба-музея на перамогу ёсць усе шансы. Іх выступленне было па-сапраўднаму вясёлым, яскравым, цікавым. Здавалася, што людзі на самой справе перанесліся ў даўнія часы, што ўся інсцэніроўка – натуральнае дзеянне, звычайнае і штодзённае.
Акрамя таго ў межах “Карагода абрадаў” праходзіць яшчэ адно культурнае спа-борніцтва: “Традыцыйная кухня ў святах і абрадах беларусаў”. Тут будуць вы-стаўляцца гатаваныя стравы, якія раней былі галоўным атрыбутам святочнага стала. У гэты раз гаспадыня паказанага абраду – кіраўнік клуба-музея Ірына Валянцінаўна Вараб’ёва – добра пастаралася. На стале была бульба, каша, разнастайнае печыва, дамашнія загатоўкі, смачныя яблыкі, прыгатаваныя па асобаму рэцэпту і многае-многае іншае.
Пераможцы абрадавага конкурса будуць узнагароджаны дыпломамі і матэрыяльна. Але лепшым падарункам для ўсіх удзельнікаў стане выпуск друкаваных зборнікаў “А ў нашай вёсцы так святкуюць” і “Традыцыйная кухня ў святах і абрадах Кармяншчыны”. Такім чынам людзі з іншых рэгіёнаў змогуць даведацца, як святкуюць у нашым невялікім, але такім багатым на культурныя здабыткі раёне.
З нецярпеннем будзем чакаць, што ж падрыхтуюць для паказу ў іншых вёсках Кармяншчыны, бо наперадзе яшчэ шмат вясёлых і цікавых святаў!