На Зелянец – вясны канец

На Кармяншчыне працягваецца раённы агляд-конкурс “Карагод абрадаў”, а разам з ім і “Традыцыйная кухня ў святах і абрадах беларусаў”. 14 чэрвеня ў Ворнаўскім сельскім Доме культуры народны вакальны калектыў мастацкай самадзейнасці “Жывыя крыніцы” паказаў інсцэніроўку свята Тройцы ў адпаведнасці са старажытнымі традыцыямі, што перадаліся нам ад нашых продкаў.
Народная назва свята — Сёмуха (Сямік, Тройца, Клечанне, Зелянец). Гэта старажытнае язычніцкае земляробчае свята славянскіх народаў, яно супадае з заканчэннем веснавых палявых работ. У ім праглядаецца культ продкаў і расліннасці. Пазней яно прымеркавана царквою да хрысціянскай Пяцідзесятніцы (50-ы дзень пасля Вялікадня). На Кармяншчыне Тройцу спраўляюць і дагэтуль. Канешне, некаторыя асаблівасці свята ўжо забыліся. Таму вельмі важна іх аднавіць.
Арганізатары сустракалі гасцей абрадам “Ахлёстванне”. Людзі праходзілі праз “жывы калідор”, а тым часам гаспадары мерапрыемства іх ціхенька пабівалі “маем” – невялікім букетам з аеру, галінак бярозы, клёна, рабіны, дуба. Па меркаванню продкаў, гэта дзеянне надавала чалавеку сілы, моцнае здароўе, добрае жыццё.
Таксама “маем” упрыгожвалі хаты і двары. Асобае значэнне мела бяроза, бо яна зелянее раней за іншыя дрэвы і найбольш увасабляе жыватворную сілу зямлі. Ёю ўпрыгожвалі покуць, ставілі каля брамы, весьнічак. На падлозе сцялілі траву (часцей аер, у памяць пра тое, што першыя апосталы, якіх Гасподзь паклікаў за Сабою, былі рыбакамі); кветкамі прыбіралі абразы, сталы, вокны.
Цікавы абрад і «Ваджэння куста». Ён мае, як і ўсе сёмушныя ўрачыстасці, аграрны і сямейна-шлюбны змест. У Ворнаўцы выбралі маладую дзяўчыну (“Куста”) з доўгімі валасамі, расплялі ёй косы, з травы зрабілі сваеасаблівую накідку, ўпрыгожылі галінкамі, а потым спявалі абрадавыя песні велічавага характара. Гэта, паводле народных уяўленняў, спрыяла добраму ўраджаю, замужжу дзяўчат, якім яны адрасуюцца. Таксама на Кармяншчыне прыгаворвалі: “Наш куст харошы, не пашкодзяць яму грошы”, на што ўсе прысутныя павінны былі пакласці “Кусту” некалькі рублёў.
Наступны тыдзень пасля свята Тройцы называецца Русальным або Русальніцай. Ён завяршаў сабой вясновы перыяд, прыпадаў на час маладо га вяснова-летняга буяння расліннасці. У яго гонар “Вадзілі русалку”. У Ворнаўцы ў гэтым вобразе давялося выступіць адной дзяўчыне з ліку гледачоў. Звычайна на ролю русалкі выбіралі высокую незамужнюю дзяўчыну. Ёй на галаву ўсклалі вянок, пасля чаго ўсе прысутныя дзяўчаты павінны былі лавіць містычную асобу, каб адабраць упрыгожванне з кветак.
Наступны абрад, які паказалі Ворнаўскія жыхары сваім гасцям, быў “Абкурванне”. Недалёка ад асноўнага вогнішча распалілі яшчэ адно, каб кінуць туды “май”. Дымам ад гарэння сырых раслін людзі абкурвалі хаты, жывёлу, саміх сябе. Такім чынам абараняліся ад граду і навальніцы.
Пасля гэтых дзеянняў дзяўчаты адправіліся “завіваць бярозу”. Галінкі дрэўца перапляталі паміж сабою, упрыгожвалі лентамі, а потым распускалі.
Не забыліся ў Ворнаўцы і пра святочны стол. На Тройцу вялікая ўвага таксама надавалася крашаным яйкам і розным стравам з іх выкарыстаннем. Гаспадыні пяклі бліны – сімвал сонца, гатавалі яечню на адкрытым агні. Мяса ж увогуле не елі, асноўным прадуктам на стале была гародніна, як таго і патрабуе традыцыя.
Усе прысутныя на мерапрыемстве адзначылі, што арганізатары змаглі настолькі рэалістычна стварыць атмасферу даўніны, што здавалася, быццам на іх вачах адбываецца вандроўка ў мінулае. Выкарыстанне вобразаў “Куста” і Русалкі надавалі відовішчу нейкаю таемнасць і яшчэ больш цікавілі гледачоў. Кожнаму ўдалося пранікнуцца сапраўдным духам Сёмухі.


Таццяна Кулакова