Зажынкі на добры ўраджай

Заканчваецца летняя спёка, і ночы становяцца халаднейшыя. Гэты дзень у розных паселішчах святкуюць па-рознаму, але сэнс свята аднолькавы: усхваляюць новы ўраджай, каб забяспечыць сытае жыццё зімой. Думка беларускіх сялян была такой: як зажын пачнецца, такімі будуць і зажынкі. Наступаў вельмі адказны перыяд для ўсіх сельскіх жыхароў. Свята падводзіла вынік усім веснавым і летнім работам. Таму і рыхтавалісь да зажынак, як да вялікай сельскай падзеі. Жанчыны наводзілі чысціню ў хаце, гатавалі магчымыя прысмакі, мужчыны наводзілі парадак у двары і ў гаспадарцы. Увечары ўсёй сям’ёй хадзілі на палі і правяралі новы ўраджай: ці паспелі каласы, ці настала пара ўбіраць хлеб.
Пачыналася свята раніцай, да ўсхода сонца. Самыя першыя каласы жалі асобна. Затым звязвалі першы сноп – “гаспадарок”. Ён лічыўся самым каштоўным. Зжаць яго даручалі старэйшай жанчыне ў сям’і. “Гаспадарок” неслі да хаты, упрыгожвалі яго стужкамі, кветкамі і ставілі ў “чырвоны кут” пад іконамі. Зерне ад “гаспадарка” лічылася лекавым, яно магло адолець любую хваробу і прыносіла ў хату прыбытак.
Амаль такі абрад быў учынены творчымі калектывамі Кароцькаўскага і Ворнаўскага культурных цэнтраў. Жанчыны спявалі песні, віталі галоўных удзельнікаў жніва – камбайнёраў. Сноп, як сімвал ураджаю, быў уручаны дырэктару КСУП “Саўгас «Кармянскі” Яўгену Мікалаевічу Вараб’ёву.
У аддзяленні “Акцяброва” КСУП “Лепяшынскі” каля машынна-трактарнага парку таксама гучалі песні. Камбайнёраў, механізатараў вітаў народны фальклёрны калектыў “Луца”. Пышны каравай быў уручаны дырэктару сельгаспрадпрыемства Мікалаю Мікалаевічу Гулевічу, які высказаў словы надзеі, што ўраджай 2012 года ўдасца ўбраць без страт. Затым ён пачаставаў кожнага ўдзельніка свята смачным хлебам. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Л.М. Шатлікава як і ў КСУП «Саўгас «Кармянскі», так і ў КСУП «Лепяшынскі» уручыла ўдзельнікам жніва невялікія падарункі.
Трэба адзначыць, што свята «Зажынкі» у гэты дзень, 19 ліпеня, прайшло ва ўсіх гаспадарках раёна. І ў кожным сельгас-прадпрыемстве гасцямі хлебаробаў былі культработнікі.
Жніво стартавала. Каб толькі надвор’е не падвяло нашых хлебаробаў. Бо віды на ўраджай вельмі добрыя.


Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара