Хто і дзе вучыў нашых пра…прадзедаў

Вядома, што ў 19 стагоддзі тэрыторыя і ўсе населеныя пункты, якія знаходзіліся ў межах сучаснага Кармянскага раёна, уваходзілі ў склад Магілёўскай губерніі. Напярэдадні Дня настаўніка хочацца падзяліцца з чытачамі “Зары над Сожам” ведамі аб тым, хто і дзе вучыў нашых пра…прадзедаў у канцы 19 стагоддзя. Для гэтага нам патрэбна пазнаёміцца са справаздачай аб царкоўна-прыходскіх школах і школах граматы Магілёўскай епархіі, якая рабілася ў канцы кожнага навучальнага года.


 Возьмем даныя толькі за адзін 1888-1889 навучальны год і раскажам пра тыя вёскі, у якіх ужо звыш 20 год не жывуць людзі ў выніку наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.


 Пачнём з вёскі Хляўно, дзе ў той час працавала царкоўна-прыходская школа, якую наведвалі 38 хлапчукоў. У гэты навучальны год ніводнай дзяўчынкі не вучылася, але жыхары Хляўно ганарыліся тым, што іх дзяцей навучала адзіная настаўніца-жанчына на ўсю Прапойскую (Слаўгарадскую) воласць. Звалі яе Капіталіна Пруднікава. І толькі яна адна ва ўсёй акрузе мела спецыяльную адукацыю, бо закончыла Магілёўскае духоўнае вучылішча. За адукаванасць настаўніца атрымлівала і найвышэйшы заробак, які складаў 120 рублёў у год: 50 рублёў плаціла грамада, а 70 рублёў даплачваў Магілёўскі епархіяльны вучоны савет.


Настаўнікі-мужчыны ў наваколь-ных вёсках атрымлівалі значна менш, бо не мелі такой высокай адукацыі, як Капіталіна Пруднікава. І працавалі яны не ў спецыяльна збудаваным доме, як настаўніца са школы Хляўно, а ў наёмных хатах. Селянін Максім Якаўлеў вучыў у школе граматы вёскі Лабыроўка 15 вучняў (усе хлапчукі) і атрымліваў ад грамады 25 рублёў у год. У вёсцы Касцюкоўка (Міхееўка) дзяўчынкі таксама не наведвалі ў той год школу граматы, але вяскоўцаў радавала, што іх 16 дзяцей навучаў былы ўнтэр-афіцэр Якаў Міхайлаў і за сваю працу ад грамады атрымліваў 16 рублёў у год. Селянін Андрэй Карпаў даваў веды 15 хлапчукам з вёскі Салабута, за што яму плацілі 22 рублі ў год. Не магу не расказаць пра вёску Паштовая Глінка, дзе пісаўся гэты артыкул. Школу граматы тут наведвалі 20 вучняў, з іх 2 дзяўчынкі! Вучыў дзяцей чытаць і пісаць Ануфрый Дзеружынскі. У канцы навучальнага года яго заробак складаў 15 рублёў і 25 кілаграмаў жыта.


Чытач пацікавіцца, а што можна было купіць за тыя грошы настаўніку? Цэны на прадукты харчавання ў 1890 годзе былі наступныя: за 1 пуд (16 кг) мукі пшанічнай (у сакавіку) плацілі 2 руб. 30 кап., сала свінога (у лютым) – 7 руб. 90 кап., масла сметанковага (у ліпені) – 9 руб. 30 кап.


 Трэба адзначыць, што вучоба тады не насіла агульнага характару і не была абавязковай. Большасць сялянскіх хлапчукоў, ужо не кажучы аб дзяўчынках, так і заставаліся непісьменнымі. Дзеці ішлі ў школу не 1 верасня, як цяпер, а тады, калі былі завершаны ўсе сельгасработы на палях, а спынялі навучанне з пачаткам пасяўной. І тады – з красавіка па лістапад дзеці разам з бацькамі праходзілі іншую навуку – сельскагаспадарчую працу. Бо заробак настаўнікам грамада плаціла за кошт бацькоў.


 А. Сцепаненка, гісторык