Васілю Ткачову — 65 год

Спаўняецца 65 год з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка і драматурга, публіцыста і літаратурнага крытыка, перакладчыка, нашага знакамітага земляка Васіля Ткачова.
Васіль Юр’евіч – майстар у многіх жанрах: напісаў раман, дзесяткі п’ес, аповесцей, апавяданняў, гумарэсак, шмат публіцыстычных твораў, кніг для дзяцей. А колькі ў гэтага пісьменніка розных узнагарод і ганаровых званняў, якія сведчаць аб прызнанні яго і дзяржавай, і шырокай грамадскасцю – шматлікімі чытачамі яго кніг і гледачамі спектакляў па яго п’есах!

Ткачоў – лаўрэат прэміі Саюза журналістаў і міжнароднай прэміі “Дружба” за лепшы публіцыстычны твор (нарыс “Сонцам хлеб на стале”); пераможца літаратурнага конкурсу часопіса “Вясёлка” на лепшае апавяданне; лаўрэат літаратурнай прэміі імя М. Доўнар-Запольскага і расійскай прэміі Баяна; лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя А.Капусціна; лаўрэат абласнога літаратурнага конкурсу імя І. Мележа. За кнігу “Снукер” удастоены прэміі савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Першай прэміяй на рэспубліканскім конкурсе адзначана яго п’еса “Стары і дарога”. Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Пералік узнагарод можна працягваць…
На рахунку гэтага таленавітага пісьменніка больш дваццаці кніг і каля пяцідзесяці п’ес. Творы Васіля Ткачова перакладаліся на рускую,

украінскую, польскую, туркменскую, удмурдскую і марыйскую мовы. У шматлікіх пра-фесійных і народных драматычных тэатрах Бе-ларусі, Расіі і Казахстана, на тэлебачанні і радыё ажыццёўлены пастаноўкі спектакляў па п’есах драматурга Васіля Ткачова. Асобныя апавяданні пісьменніка ўключаны ў чытанкі для вучняў малодшых класаў.
… Нарадзіўся Васіль Ткачоў 1 студзеня 1948 года ў вёсцы Гута на Рагачоўшчыне. Вучыўся ў Ісканскай васьмігодцы Быхаўскага раёна, закончыў сярэднюю школу ў пасёлку Ільіч Рагачоўскага раёна. Са школьных гадоў палюбіў кнігу, прыгожае пісьменства, адчуў “творчы зуд”. Быў актыўным селькорам раённых, абласных і рэспубліканскіх газет, а потым напісаў апавяданне, якое надрукавала “Вясёлка”. З яго і пачалася літаратурная дзейнасць.
Пасля заканчэння школы таленавіты юнак некаторы час працаваў у раённых газетах (г. Івацэвічы і г.п. Карма). Затым была служба ў Савецкай Арміі, у тым ліку і на сусветна вядомым касмадроме Байканур, дзе быў інструктарам палітаддзела па камсамольскай рабоце, сустракаўся з цікавымі людзьмі, потым – вучоба на факультэце журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Служыў ваенным карэспандэнтам у Сярэдняй Азіі. З 1980 года жыве і працуе ў Гомелі: карэспандэнт шматтыражкі “Сельмашавец”, стыліст і спецыяльны карэспандэнт абласной газеты “Гомельская праўда”, у 1989-2005 гадах – старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў. З 1989 года – член Саюза пісьменнікаў СССР і БССР. Цяпер – член Саюза пісьменнікаў Беларусі і член Саюза тэатральных дзеячоў.
Паўстагоддзя шчыруе Ва-сіль Ткачоў на ніве роднай літаратуры. Многія творы ён напісаў яшчэ ў маладосці, за прайшоўшыя гады яны прасеяліся ўжо праз густое сіта часу і па-ранейшаму ўражваюць сваёй навізной, актуальнасцю, майстэрствам іх аўтара. А гэта ж і з’яўляецца важнейшым паказчыкам класікі! Пра гэта сведчыць і наступнае. Нядаўна Саюз пісьменнікаў Беларусі правёў апытанне ў бібліятэках краіны з мэтай выявіць, хто з беларускіх аўтараў найбольш папулярны і запатрабаваны ў чытачоў. Прыемна, што ў гэты спіс увайшоў і Васіль Ткачоў.
На першы погляд можа падацца, што ўсё яму даецца лёгка ў жыцці. Захацеў – напісаў, захацеў – выдаў, захацеў – паставілі спектакль… Гэта зусім не так. Васіль Ткачоў, вядома ж, мае яркі талент, адметны, але ж ён і працаўнік вялікі!
І яшчэ ёсць у яго адна ўласцівая яму рыса – дабрыня. Побач з ім заўсёды адчуваеш сябе ўтульна, лёгка.
Да юбілею пісьменніка ў выдавецтвах Мінска і Гомеля выходзяць яго новыя кнігі “Высокі страх” (апавяданні для дзяцей) і “Варона” (аповесці, апавяданні, гумарэскі). Значыць, Васіль Ткачоў зноў парадуе чытачоў – шматлікіх прыхільнікаў сваёй мнагаграннай і адметнай творчасці. А мы пажадаем свайму слаўнаму земляку моцнага здароўя і сіл, каб ён стварыў яшчэ столькі ж добрых кніг, колькі яму споўнілася год!

Міхась СЛІВА

 

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"