Домна Іванаўна Капыльцова, сялянская дзяўчына, з беларускай вёскі Літвінавічы, прымала ўдзел у абароне горада над Нявою

55555Раней, ленінградцы, некалі жыхары вёскі Літвінавічы, амаль штогод, у час летніх водпускаў, разам с сем’ямі, наведвалі родныя мясціны. І поўнілася вёска інтэлігентнай ленінградскай гаворкай, цікавым, для сяльчан, адзеннем гарадскіх. Гасцявалі, прыехаўшыя на адпачынак, у сем’ях Максімчыкавых, Рэдута, Дадычанак і іншых, з якіх хлопцы і дзяўчаты ў розныя часы выязджалі ў горад Ленінград. Гэта яны звязалі духоўнымі ніткамі беларускую вёску і горад трох рэвалюцый, горад, жыхары якога ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паказалі бясконцыя прыклады мужнасці і самаадданасці, узаемнай падтрымкі і грамадзянскага абавязку. Гэтыя сувязі доўжацца і зараз.
Домну Іванаўну Капыльцову забраў у горад на вучобу яе дзядзька – Арцем’еў. Там яна, напярэдадні вайны, скончыла кулінарнае вучылішча і ўладкавалася на працу ў “булашную”. А потым была вайна. У верасні 1941 года фашысты прарваліся да Ленінграда і паспрабавалі захапіць горад, але былі адбіты. Пачалася цяжкая пара ленінградскай блакады, якая доўжылася 900 дзён. Неймаверныя цяжкасці выпалі на долю ленінградцаў. Але яны не зламаліся духам, выстаялі. Яшчэ ў сярэдзіне верасня 1941 года ў раёне Стрэльны ўтварыўся Араніенбаумскі плацдарм, які займаў тэрыторыю ўздоўж Фінскага заліва. Ён меў вельмі вялікае значэнне ў абароне Ленінграда і мог служыць добрым плацдармам для ўдара нашых войск па флангу і тылу праціўніка, які асаджаў горад. Вось на гэты плацдарм восенню 1943 года была перакінута і 98 стралковая Чырвонасцяжная ропшанская дывізія, у роце сувязі якой праходзіла вайсковую службу тэлефаністка-тэлеграфістка Домна Капыльцова. Дзякуючы Араніенбаумскаму “пятачку” войскам Чырвонай Арміі ўдалося зберагчы кантроль над часткай акваторыі Фінскага заліва і стварыць напружанне ў тыле нямецкіх войск. У студзені 1944 года з Араніенбаумскага плацдарма сіламі шасці дывізій была канчаткова прарвана блакада Ленінграда. Далейшы ваенны лёс Домны Іванаўны быў непасрэдна звязаны з наступальнымі ваеннымі аперацыямі войск Чырвонай арміі па вызваленню гарадоў Нарва, Кінгісеппа, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхаславакіі. Апошняй кропкай у ваеннай біяграфіі Домны Іванаўны былі баі па вызваленню горада Габельшверда. Яна была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём “За баявыя заслугі”. Пасля дэмабілізацыі вярнулася ў горад Ленінград, дзе прымала актыўны ўдзел у аднаўленчых работах сусветна вядомага горада, які фашысты хацелі сцерлі з твару зямлі і які атрымаў назву “непакорны”. Яе заслугі ў гэты перыяд былі адзначаны медалём “За доблесную працу”.
Неяк давялося пабачыць, пасля таго як скончыўся абед, Домна Іванаўна далонню правай рукі сгарнула з абруса ў падстаўленую ніжэй паверхні стала далонь левай рукі хлебныя крошкі і, крыху адкінуўшы назад галаву, укінула іх у рот. Заўважыўшы маё здзіўленне ад убачаннага, жанчына сказала: “Гэта, дзетка, засталося ад жыцця ў гады блакады. Тады ўсе зразумелі, што няма той цаны, якую можна было аддаць за бохан хлеба. Тыя, каму пашчасціла перажыць блакаду, ведаюць, што хлеб даражэй за золата, таму і адносіны да яго з іх боку такія паважлівыя”. А тое, што прыйшлося перажыць ленінградцам у дні блакады, не раскажаш і не апішаш. А калі і ўдасца гэта каму-небудзь зрабіць, то чытачу такі расказ здасца кашмарам. Толькі ўяві сабе, што на зусім маладзенькую дзяўчыну абваліліся цяжары вайны, блакада, голад і холад. А яшчэ, перажыванні за родных, што засталіся на акупіраванай ворагам тэрыторыі…
Вось так, сялянская дзяўчына, з беларускай вёскі Літвінавічы, на самай жудаснай вайне XX стагоддзя, стала салдатам, прымала ўдзел у абароне горада над Нявою, разгроме нянавіснага ворага, а ў пасляваенныя часы, аднаўляла гэты горад.
Уладзімір Сафонаў

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"