Спрадвек наш народ вылучаўся гасціннасцю і ветлівасцю

гостеприимствоГэта проста цудоўна, што новы 2014 год у нашай краіне аб’яўлены годам гасціннасці. Спрадвек наш народ вылучаўся гасціннасцю і ветлівасцю. Для госця знаходзілі ў хаце самае шаноўнае месца, імкнуліся накарміць як мага смачней. Беларусы ды беларускі заўсёды давалі прытулак вандроўнікам, валацугам, усім тым, хто стаміўся ў дарозе, ды й проста жабракам, накарміць якіх, лічылася, трэба ў абавязковым парадку. Гасцей мы сустракалі і працягваем сустракаць у ХХІ стагоддзі хлебам-соллю.
Цікава, што раней у народзе гасцей называлі ветліва, амаль паэтычна – гасціна. Дарэчы, гасцінай называўся і сам прыём гасцей, само частаванне. І з гасцінай лічылася ўжо справай гонару весці змястоўную і цікавую бяседу.
Мне ўзгадваюцца радкі Максіма Багдановіча:
Усяго стаяла досыць для гасціны:
Нават мёд быў і чмяліны
і пчаліны.
Госцейка! – менавіта так ласкава звярталіся нашы продкі да свайго госця, нават нечаканых любілі і шанавалі. І таму зразумела, чаму беларускі народ заўсёды імкнуўся гасціныя ў сваіх хатах упрыгожыць як мага лепш і прыгажэй. Паўсюль былі даматканыя дываны і ходнічкі.
Госць, у сваю чаргу, прывозіў шматлікія гасцінцы гаспадарам. Мой народ-паэт нават дарогу, якая вельмі часта вяла ў бацькоўскую хату, назваў прыгожа – гасцінец. Яго спрадвек беларусы абсаджвалі дрэвамі. І сёння на Беларусі захавалася шмат гасцінцаў, абсаджаных тоўстымі ліпамі ўперамежку з клёнамі і таполямі. Гэтымі ж гасцінцамі і сёння да нас едуць турысты з розных краін. І ад таго, як сёння мы прымаем гасцей, таксама залежыць імідж Беларусі. І так хочацца, каб наша сінявокая старонка працягвала заставацца самай гасціннай краінай у свеце. Так хочацца, каб ва ўсіх у нас станавілася больш званых гасцей, каб больш гасцей запрашалася на розныя ўрачыстасці – сямейныя ды вытворчыя.
Што ж такое – гасціннасць? Гэта, канешне, вялікае жаданне і заўсёдная гатоўнасць прыняць гасцей і добра пачаставаць іх. Гэта, безумоўна, і ветлівасць, і сардэчнасць у абыходжанні не толькі са сваякамі, але і з чужымі людзьмі.
І як тут не ўзгадаць яшчэ радкі з аднаго верша Янкі Сіпакова, якія вельмі любіў цытаваць заўсёды мой бацька:
На стол пакласці ўсё, што ёсць, —
Такі ўжо звычай наш спрадвечны.
Як толькі ў хату ступіць госць –
Адразу смажыцца яечня.
Менавіта стол у беларускай хаце спрадвек быў своеасаблівым алтаром. Сямейны стол – гэта гаючая пупавіна прадстаўнікоў аднаго роду. Першае, што заносілі ў новую хату, быў засцелены стол з хлебам-соллю на ім. Прычым стол у хаце абавязкова павінен быць засланы чыстым абрусам (настольнікам). Прычым хлеб павінен знаходзіцца на стале пастаянна! Спрадвек быў на стале беларусаў і другі хлеб – бульба. Вось як апісвае наш другі шаноўны хлеб мой любімы пісьменнік Уладзімір Караткевіч у нарысе “Зямля пад белымі крыламі”: “Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прыску, абскрэбсці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і, захлынаючыся, глытаць — ад гэтай, печанай, і да “клёцак з душамі”, да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале, яна – дзіва”.
Любілі нашы продкі і бліны, і аладкі, і наліснікі, і каржы, і хру-шчы і іншае печыва. Яшчэ больш за 250 гадоў таму кухар караля Рэчы Паспалітай Верашчака прапанаваў новы спосаб падачы на стол каўбасы. Яе рэзалі на невялікія кавалкі, палівалі соусам і елі лыжкай. Гэткая страва стала вядомай пад назвай верашчака ў гонар яе вынаходніка. Беларусы і сёння ядуць яе з блінамі — мачаюць і таму яшчэ называюць мачанкай. Нам сёння трэба толькі адрадзіць забытыя стравы – тады не будзе сорамна нават перад гасцямі-гурманамі!..
Так што ёсць нам, беларусам, што прапанаваць гасцям, мы заўсёды ім рады – суайчыннікам і заморскім. Сардэчна запрашаем!
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, краязнаўца
г. Віцебск

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"