Пісьменнікі Кармянскага раёна

Деружинский«Без мелодыі няма душы… »
Авяр’яну Дзеружынскаму – 95

Я разам з ветрам веснавым
Радкі, нібыта жыта, сею …
А. Дзеружынскі
У беларускай літаратуры ёсць асаблівая кагорта тварцоў – паэты-песеннікі. Даўно ўжо сцвердзіў сябе ў песенным жанры беларускі паэт Авяр’ян Дзеружынскі.
Авяр’ян Сафонавіч Дзе-ружынскі нарадзіўся 10 чэрвеня 1919 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Хляўно Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. У 1937 годзе скончыў Магілёўскі газетны тэхнікум, а ў 1941 – Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М. Кірава ў Мінску.
У час Вялікай Айчыннай вайны ён – карэспандэнт і супрацоўнік газет у Краснаярскім краі, Калінінскай вобласці, Маскве. У 1945 годзе вярнуўся ў Мінск і працаваў загадчыкам аддзела рабочай моладзі газеты «Чырвоная змена». З 1949 года працаваў у выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Юнацтва».
Сам паэт прызнаваўся, што з маленства палюбіў песні, якіх багата ведалі ў роднай вёсцы. Пісаць вершы пачаў яшчэ са школы. Авяр’ян Дзеружынскі вылучыўся сваёй песняй «Мяцеліца», якая створана супольна з кампазітарам Міхаілам Шуміліным, а таксама песняй «Сабірайся ў госці, мой дзядок», якая набыла самабытнае гучанне дзякуючы Генадзю Цітовічу. Песні сталі народнымі.
Свой першы верш А. Дзеружынскі надрукаваў у раённай газеце «Дело Октября». Першы зборнік вершаў «Песні маладосці» з’явіўся на свет у 1959 годзе. Не прымусіў доўга чакаць сваіх чытачоў і другі зборнік – «Калінавы цвет».
Паэт заняў ганаровае месца ў беларускай дзіцячай літаратуры, яго творы шырока прадстаўлены ў хрэстаматыях для дашкольнікаў, у школьных чытанках, часта гучаць па радыё, перакладаюцца на іншыя мовы. Больш як дваццаць кніжак напісаў ён для дзяцей.
Многія яго вершы пакладзены на музыку («Песня аб міры», «Мінскі вальс», «Песня аб Мінску», «Беларусь» і інш.).
Вершы «Сані», «Сцяжынка», «Бусел і хлопчык», «Як кураняты сонейка адшукалі», «Дванаццаць месяцаў» уключаны ў праграму «Пралеска».
У 1998 годзе ў серыі «Школьная бібліятэка» выйшла яго новая кніга «Вернасць», яна прызначана вучням сярэдняга і старэйшага ўзросту. У яе ўвайшлі лепшыя творы яго «дарослай» паэзіі. Гэта кніга дапамагае лепш адчуць майстэрства паэта – лірыка, гумарыста, сатырыка, зразумець яго вялікія заслугі як таленавітага паэта-песенніка. Паэт добра ведае прыроду, умее адкрыць дзецям яе таямніцы, ўбачыць непаўторнасць і хараство родных краявідаў. Верыў А. Дзеружынскі і ў тое, што чалавецтва можа ўратаваць зямлю ад экалагічнай катастрофы і ад знішчальнай ядзернай вайны, што перамогуць дабрыня, сумленнасць, справядлівасць, розум, сонца, праўда.
Упэўнена адчувае сябе паэт і ў стыхіі роднай мовы: «У роднай мове чэрпай розум і сілу, яна – любая, прыгожая – расы самай чыстай чысцей, крыніц самых звонкіх званчэй», – звяртаецца паэт да маладых.
Вядомы беларускі пісьменнік, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра Авяр’ян Дзеружынскі памёр 4 студзеня 2002 года.

МаевскийВасіль Фаміч Маеўскі

Нарадзіўся Васіль Фаміч Маеўскі 1 сту-дзеня 1924 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Хізаў. Пасля заканчэння мясцовай сямігодкі паступіў на вучобу ў Гомельскае педвучылішча. Але, правучыўшыся там паўтара года, вярнуўся ў вёску і пайшоў у Задубскую сярэднюю школу. Ледзьве паспеў скончыць дзевяць класаў, як пачалася Вялікая Айчынная вайна.
У час акупацыі, як заўважае ў аўтабіяграфіі сам літаратар, «працаваў-гаспадарнічаў» дома. Адначасова трымаў сувязь з партызанамі, за што ў канцы 1942 года быў арыштаваны і знаходзіўся некаторы час у кармянскай турме.
– Як мне давялося і ўдалося пазбегнуць смерці, я і сам дагэтуль не разумею, – прыгадваў тыя жудасныя часіны Васіль Фаміч. – Відаць, следчы паліцыі, былы акружэнец, які вёў маю справу, аказаўся добрым чалавекам. А калі навісла пагроза другога арышту, пайшоў у партызанскі атрад імя Катоўскага.
Як і ўсе байцы, 19-гадовы юнак удзельнічаў у баявых аперацыях. Апрача таго, з’яўляўся членам рэдкалегіі атраднай газеты «Катовец», пісаў вершы і байкі. Дарэчы, ужо тады некаторыя з іх друкаваліся ў падпольных газетах – абласной «Гомельская праўда» і жлобінскай раённай «Маяк камунізму».
Пасля злучэння атрада з часцямі Савецкай Арміі малады партызан працяглы час быў байцом Жлобінскага знішчальнага батальёна, а потым, з канца 1943-га па май 1944-га, працаваў у кармянскай райгазеце «Авангард»: спачатку літработнікам, а затым – адказным сакратаром і часова выконваючым абавязкі рэдактара.
Пасля вызвалення Мінс-ка юнака паслалі туды на вучобу. З 1946 па 1959 В.Ф. Маеўскі працуе два гады літаратурным супрацоўнікам і 11 га-доў загадчыкам аддзела сялянскай моладзі рэс-публіканскай маладзёжнай газеты «Знамя юности» (былая «Сталинская молодежь»).
З 1969-1973 гг. наш зямляк з’яўляецца адказным сакратаром часопісаў «Блокнот агитатора» і намеснікам галоўнага рэдактара «Политинформатора и агитатора». З 1973 і да выхаду на пенсію ў 1984 г. ён адказны сакратар часопіса «Вожык».
У розныя гады ў беларускіх выдавецтвах выйшлі зборнікі сатырычна-гумарыстычных твораў «Палявыя маякі», «На чыстую ваду», «Розум у партфелі», «Прамой наводкай», «Кавалі смерці».
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі «Партызану Айчыннай вайны», «За баявыя заслугі», «За доблесную працу», шматлікімі юбілейнымі медалямі, трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. В.Ф. Маеўскаму прысвоена пачэснае званне «Заслужаны работнік культуры Беларусі». Памер 10 верасня 2013 года.
Падрыхтавана цэнтральнай бібліятэкай

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"