Паэзія Аркадзя Куляшова – духоўная энцыклапедыя яго пакалення

OLYMPUS DIGITAL CAMERAOLYMPUS DIGITAL CAMERAВывучаючы беларускую літаратуру, нельга не звярнуцца да творчасці таленавітага народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Амаль кожны з нас памятае яго радкі: «Цвёрда трымаўся юнак на дапросе…», «Я хаце абавязаны прапіскаю – калыскаю, падвешанай пад столь…» ці «Іх вядуць па жытняй сцяжынцы. Чатырох. Пад канвоем. З дому. Чатырнаццаць – старэйшай дзяўчынцы, Тры гады – хлапчуку малому… ».
Сёлетні год юбілейны – наша краіна адзначае 100-годдзе з дня нараджэння паэта.
Крыху ўзгадаем біяграфію Аркадзя Куляшова. Нарадзіўся паэт шостага лютага 1914 года ў мястэчку Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Пісаць вершы ён пачаў з сямі гадоў, а ў дванаццаць ужо друкаваўся ў Клімавіцкай раённай газеце «Наш працаўнік». Пасля заканчэння сямігодкі паступіў вучыцца ў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. З 1931 па 1933 год Аркадзь Куляшоў вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута.
Ён востра перажываў трагедыю першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. 24 чэрвеня пакінуў разбураны Мінск, пешшу прайшоў «горкі шлях» да Оршы, а ў Калініне добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Працаваў у армейскай газеце «Знамя Советов». У жніўні 1942 года А. Куляшоў напісаў паэму «Сцяг брыгады». Назаўжды ў народнай памяці застануцца героі напісаных паэтам у гады вайны балад – дзеці і сястра камандзіра партызанскай брыгады Міная Шмырова, расстраляныя фашыстамі; камсамолец, абліты на марозе ледзяной вадой; мужныя беларускія дзяўчаты, якіх фашысты вывезлі ў Германію, але не змаглі зламаць духоўна. Пра гэта Аркадзь Куляшоў расказаў у такіх творах, як «Балада аб чатырох заложніках», «Камсамольскі білет», «Ліст з палону», «Над брацкай магілай». Нездарма Пімен Панчанка казаў, што паэзія Аркадзя Куляшова – гэта духоўная энцыклапедыя яго пакалення.
Стагоддзю з дня нараджэння Аркадзя Куляшова было прысвечана і раённае мерапрыемства, што адбылося 17 кастрычніка на базе гімназіі г.п. Карма.
Спачатку вядучыя ўзгадалі асноўныя вехі з біяграфіі паэта, а потым пачаліся інсцэніроўкі яго твораў.
Выступленні ацэньвала журы ў скла-дзе начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Н.Р. Еўтуховай, намесніка начальніка І.А. Вышняковай, спецыяліста аддзела А.А. Джышкарыяні, дырэктара дзіцячай бібліятэкі А.А. Давыдзенка. Я таксама з’яўлялася членам журы.
Творы, прадстаўленыя на сцэне, былі розныя. Нашай увазе прапанавалі інсцэніроўкі вершаў «Вянок», «Пра Марс», «Ліст з палону», «Думкі», «Бывай», «Камсамольскі білет», «Балада аб чатырох заложніках», а таксама ўрыўкаў з паэм «Цунамі», «Хамуціус». Самай жа запатрабаванай аказалася народная балада «Маці». Але нягледзячы на тое, што гэты твор выбралі некалькі ўстаноў адукацыі, кожны раз прадстаўленне было адметным і самабытным.
Пявуча і меладычна гучала са сцэны родная мова. У большасці выпадкаў акцёрская гульня хлапчукоў і дзяўчынак, а ў дадатак да гэтага беларуская гаворка, выклікалі задавальненне і нават асалоду.
У конкурсе заўжды павінны быць пераможцы. Былі яны і ў гэты раз.
Першае месца безспрэчна было прысуджана прадстаўнікам Ворнаўскай школы. Другое атрымала гімназія, трэцяе – Ліцвінавіцкая школа.
Лічу, што мерапрыемства спадабалася як гледачам, так і ўдзельнікам.
Таццяна Клімава
Здымкі прадстаўлены гімназіяй г.п. Карма

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"