450-летию Кормы посвящается

корма

З гісторыі  мястэчка Карма

Населеных пунктаў з назвай Карма вельмі шмат, аднак у дадзеным артыкуле пойдзе гаворка аб населеным пункце,  які вядомы жыхарам нашага раёна. Кожная сучасная энцыклапедыя дае вось такое апісанне нашага з вамі раённага цэнтра: «Карма – гарадскі пасёлак у Гомельскай вобласці Беларусі, цэнтр Кармянскага раёна, на р. Сож пры ўпадзенні ў яе р. Кармянка». Дарэчы, такі тып паселішча як пасёлак гарадскога тыпу, з’явіўся ў часы савецкай улады і, на мой погляд, з’яўляецца штучным. Гістарычна правільна было б называць Карму мястэчкам. Мястэчкам называюць населены пункт, прамежкавы паміж вёскай і горадам, які меў меншую за горад колькасць і складанасць структуры насельніцтва, адсутнасць абарончых збудаванняў, аграрныя рысы вытворчасці, а ў адрозненні ад вёскі вылучаўся гандлем і рамяством як асноўнымі заняткамі большай часткі жыхароў. Аднак аб гэтым крышачку падрабязней.

Мястэчкі займалі своеасаблівае месца ў гістарычнай сістэме паселішчаў Беларусі. Яны вялі сваю гісторыю з XIV—XV ст. і адыгрывалі надзвычай важную ролю ў развіцці беларускіх зямель, выконваючы адмысловыя эканамічныя, адміністрацыйныя і культурныя функцыі. Мястэчкі, як паселішчы пераходнага стану паміж вёскай і горадам, арганічна аб’ядналі ў сабе ўклад вясковага і гарадскога жыцця, побыт селяніна і гараджаніна. Для свайго часу мястэчка – гэта, магчыма, самы дасканалы і гарманізаваны тып паселішчаў. Яны – паміж вёскай і горадам, не адарваныя ад іх. А таму спалучалі ўсё лепшае з двух бакоў – і здаровы дух прыроды, і здабыткі гарадской цывілізацыі. Паколькі мястэчкі ўвабралі ў сябе рысы як вёскі, так і тыповага гандлёва-рамесніцкага асяроддзя, то тут найбольш поўна выявіліся асаблівасці станаўлення эканамічнага горада ў эпоху Сярэднявечча, яго нетоеснасць гораду сучаснаму. Як першая стадыя эвалюцыі ад вёскі да горада, мястэчкі дазваляюць прасачыць генезіс, прычыны і ўмовы ўзнікнення буйных гарадскіх цэнтраў.
У мястэчках сутыкаліся і ўзаемадзей-нічалі веры (праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая, пратэстанцкая, іўдзейская, ісламская), этнасы (беларусы, палякі, яўрэі, татары, рускія), мовы (беларуская, польская, ідыш, руская). Мястэчка выступала як унікальная форма спакойнага, талерантнага суіснавання некалькіх нацыянальных культур, як спецыфічная лабараторыя іх інтэнсіўных узаемасувязяў і ўзаемаўзбагачэння, выпрацоўкі на гэтай аснове своеасаблівага феномену – поліэтнічнай, поліканфесійнай, полілінгвістычнай местачковай культуры. Часцей за ўсё культурны ландшафт мястэчка ўяўляў сабою перапляценне, сімбіёз трох культур – артадаксальнай яўрэйскай, шляхецкай паланізаванай і сялянскай беларускай. У адзіным працэсе функцыянавання гэтых паселішчаў узаемадзейнічалі розныя этнасы. Гэта стварала своеасаблівасць гаспадарчага і сацыяльна-культурнага жыцця.
Што тычыцца Кармы, то тут суіснавалі, як мінімум, два культурныя асяроддзі – яўрэйская і беларуская. Напрыклад, у «Геаграфічна-статыстычным слоўніку Расійскай імперыі» 1865 года пад рэдакцыяй Сямёнава гаворыцца аб тым, што Карма з’яўляецца мястэчкам Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, з колькасцю жыхароў 1497 чалавек, з іх 1268 яўрэяў. На той час у Карме налічваўся 121 двор, цагляная праваслаўная царква (пабудавана ў 1831 годзе, да гэтага была драўляная ўніяцкая), сінагога, 2 яўрэйскія малітоўныя школы. Такі выгляд Кармы захоўваўся вельмі доўга. Дарэчы і сёння больш старэйшае пакаленне памятае, як разам з беларусамі ў Карме пражывалі яўрэі.
Аднак вернемся назад у XIX стагоддзе, менавіта гэты час з’яўляецца росквітам мястэчак. Карма належыла памешчыкам Быкоўскім з выдзеленай царкоўнай зямлёй. Карма была невялікім мястэчкам, вуліцы якога кожную вясну і восень заносіла брудам, аднак летам яны буялі зелянінай. На той час у Карме было 5 вуліц: Першая і Другая Сялянская, дзве Казіных і Прапойская (сучасная вуліца Абатурава). Драўляныя хаты з саламянымі стрэхамі паўрасталі вокнамі ў зямлю. Цагляных будынкаў было не шмат, а самымі старажытнымі з’яўляюцца царква Святога Мікалая Цудатворца (пабудавана ў 1831 годзе, зараз ад яе засталіся толькі рэшткі) і двухпавярховы дом гандляроў братоў Самуіла і Гершаля Крокаў (пабудаваны ў 1911 годзе і поўнасцю захаваўся да нашага часу – крама «Second hand»).
Як і ў большасці выпадкаў, насель-ніцтва мястэчка займалася земляробствам, рамяством і гандлем. Сяляне апрацоўвалі землі памешчыка і плацілі аброк. Быў у Карме і свой вадзяны млын, які стаяў на рэчцы Кармянка і працаваў толькі вясной, уладальнікам млына быў Лейба Гурэвіч. У цэнтры мястэчка знаходзілася гандлёвая плошча (сучасная плошча Свабоды), на якой размяшчаліся гандлёвыя лаўкі. Тут яўрэі гандлявалі рознымі таварамі. Больш вялікі гандаль праходзіў у выглядзе кірмашоў і адбываўся каля чатырох разоў у год, з працягласцю каля трох дзён. На кірмаш сцякаліся сяляне з суседніх вёсак, тут яны маглі набыць соль, мыла, жалеза і другія рэдкія тавары. На ўскраіне мястэчка знаходзіліся яўрэйскія могілкі (тэрыторыя сучаснай ткацкай фабрыкі).
Такім чынам, у XIX стагоддзі Карма ўяўляла сабой тыповае беларускае мястэчка з унікальнай формай суіснавання культур, з пераважнай большасцю яўрэйскага насельніцтва.
Падрыхтаваў Іван Ігнаценка

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"