Адпраўляліся на заданне, рызыкуючы жыццём

вввБыла вайна…
Дыміліся пажары.
Рэспубліка змагалася ў агні,
Каб явай сталі залатыя мары
Пра сённяшнія радасныя дні…
Рыгор Няхай

Мой прадзядуля Іван Іванавіч Несцяровіч на-радзіўся ў 1923 годзе ў вёсцы Енцы Ворнаўскага сельскага Савета. Быў партызанам, затым служыў у 168 стралковым палку, прайшоў дарогамі вайны і спазнаў яе спаўна…
Бывала, яму нават было цяжка ўспамінаць тыя ліхія часы, але тое, што прадзядуля расказваў, прымушае задумацца нас, маладых людзей ХХІ стагоддзя, задумацца над многім…
У 1941 годзе, калі на нашу зямлю прыйшла бяда, майму прадзядулю было 18 год. Калі прыйшлі немцы, ён стаў партызанам. Змагаўся ў чачэрска-кармянскіх лясах, выконваў розныя заданні. Разам з таварышамі хадзіў ў разведку, удзельнічаў ў баявых сутычках з паліцаямі і немцамі. Але асабліва яму запомнілася вось што.
У лесе было цяжка з харчамі, часам, зусім не было чаго есці. Вось і адпраўляліся, рызыкуючы жыццём, маладыя хлапцы на заданне: на станцыі трэба было падкрасціся да вагонаў, дзе немцы захоўвалі і перавозілі харчы. Ахоўваліся ж гэтыя вагоны добра… Падкраўшыся, падпаўзалі пад вагоны, прабівалі ў днішчы дзірку і адтуль у падстаўленныя самаробныя торбы сыпаўся цукар ці зерне. Кожная хвіліна магла каштаваць жыцця. Ляжаць з торбамі было вельмі нязручна. А трэба ж яшчэ вярнуцца… Кожны такі паход быў вялікай рызыкай і патрабаваў вытрымкі і добрых нерваў. Але самае галоўнае – вяртанне ў лагер і тая радасць, якая ахоплівала ўсіх, а таксама пачуццё, што ты накарміў байцоў, жанчын, дзяцей! Як казаў мой прадзядуля, “мы, маладыя хлопцы, тады адчувалі, што сталі на самой справе дарослымі, зрабіліся сапраўднымі байцамі, якіх паважаюць. І нам хацелася рызыкаваць жыццём яшчэ і яшчэ.”
Калі наш раён у 1943 годзе быў вызвалены, былы партызан пайшоў на фронт у дзеючую армію. Ваяваў у Прыбалтыцы, удзельнічаў у вызваленні Кенігсберга, у штурме Рэйхстага, нават, як і многія нашы салдаты, распісаўся на яго сценах. Я сёння адчуваю вялікі гонар і радасць за тое, што і мой прадзядуля, просты беларускі хлопец, распісаўся на будынку Рэйхстага! Там, у Берліне, разбураным логавішчы фашызму, і сустрэў ён доўгачаканую Перамогу.
Для нас, моладзі Бела-русі, подзвіг франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў, працаў-нікоў тылу – гэта бясцэннае багацце, якім трэба ганарыцца. І нам ёсць з каго браць прыклад, ёсць пра каго расказваць сваім дзецям і ўнукам.
Іван Іванавіч Несцяровіч быў партызанам, змагаром, ды проста салдатам. І ў гэтым вялікі сэнс. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалём Жукава. У яго таксама было шмат юбілейных узнагарод.
Я лічу, што перажытае нашымі дзядамі і прадзядамі, прымушае нас рабіць усё неабходнае, каб трагедыя вайны больш не паўтарылася, каб мы ніколі не адчулі яе жахаў. Бо наш народ заплаціў вялікую цану за мірнае неба над галавой.
Ганна Драбышэўская,
былая вучаніца Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"