ЧЫМ ЖЫЛА КАРМЯНШЧЫНА

корма27 сакавіка 1955 года. У калгасе «Бальшавік» уступіў у строй калгасны радыёвузел. Устаноўлена новая апаратура, якая забяспечвае бесперабойную работу.
Зараз калгаснікі штодзённа слухаюць радыёперадачы з Масквы, Мінска. Перад мікрафонам выступаюць перадавікі калгаснай вытворчасці.

31 сакавіка 1955 года. 27 сакавіка калектыў рабочых і служачых Кармянскай МТС адзначыў 20-годдзе арганізацыі сваёй станцыі. На ўрачыстым сходзе, прысвечаным знамянальнай даце, лепшыя людзі МТС, якія працуюць з дня яе заснавання, прэміраваны каштоўнымі падарункамі.

27 сакавіка 1975 года. Нядаўна ў Баравабудскай сярэдняй школе адбылася сустрэча вучняў з чэмпіёнам Алімпійскіх гульняў 1972 года і свету 1974 года па веславанню на байдарках і каноэ Мікалаем Гарбачовым. Заслужаны майстар спорту СССР расказаў прысутным аб сваёй спартыўнай біяграфіі і аб тым, як ён стаў чэмпіёнам свету і Алімпіяды, за што быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», чым займаецца зараз, адказаў на шматлікія пытанні.
Затым чэмпіён свету і Алімпійскіх гульняў уручыў групе вучняў значкі Усесаюзнага фізкультурнага комплексу «Гатоў да працы і абароны СССР».

5 сакавіка 1985 года. Вялікая дружба ў рабят школы-інтэрната з аматарамі спорту філіяла №2 Рэчыцкага вытворчага ткацкага аб’яднання «Чырвоны Кастрычнік». Зараз праводзяцца сумесныя трэніроўкі валейбалістаў пад кіраўніцтвам інструктара філіяла Ю.Машчонскага.
Рабочыя прадпрыемства падарылі рабятам хакейныя вароты і вучні з задавальненнем займаюцца любімым відам спорту.

12 сакавіка 1985 года. «Запрасілі ветэранаў» – пад такім дэвізам у Залатамінскай школе праходзяць піянерскія зборы, камсамольскія сходы, вечары, прысвечаныя 40-годдзю Вялікай Перамогі.
Камсамольцы 8 класа запрасілі да сябе на «агеньчык» ветэрана Вялікай Айчыннай вайны В.Д. Спадабаева.
Ганаровы госць «агеньчыка» В.Д.Спадабаеў расказаў васьмікласнікам аб сваім юнацтве, апаленым віхурай вайны.
Падрыхтавала
Кармянская цэнтральная бібліятэка

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"