Школа- кватарантка

победаІшла апошняя ваенная восень. Золкі вецер вайны каціўся ўсё далей на захад, бушуючы там вогненным смерчам. У нас, на Кармяншчыне, віравала ўжо мірная праца. Адраджаліся на папялішчах разбураныя і спаленыя ворагам вёскі, пачалі працаваць школы. Жыццё паступова пераходзіла на мірныя рэйкі.
Кастрычніцкім ранкам з вёсак Казімірава, Міхееўка, Салабута, Літвінавічы, Лабыраўка гаманлівымі чародкамі крочылі вучні ў Рудню-Кармянскую, у школу, якая, быццам магніт, прыцягвала да сябе падлеткаў. Яны цягнуліся да ведаў, нібы раннія веснавыя кветкі да сонца.
Не сустрэла нас тады школа шырокімі светлымі вокнамі, не пацешыла прыгожым мураваным будынкам – яго не было. Мы разгубіліся: куды ж ісці? Але лагодны голас Віктара Ціханавіча Осіпава, дырэктара школы, падбадзёрыў нас:
— Школа будзе размяшчацца на кватэрах… На кожным доме вісіць шыльдачка з надпісам-указальнікам класа.
— Значыць, школа наша будзе кватаранткай, — пажартаваў хтосьці з дзяцей.
— Гэта часова. Скончыцца вайна, і мураваную школу пабудуем, — абнадзеіў нас дырэктар.
Наш клас размяшчаўся ў хаце дзеда Міколы. Класны пакой сустрэў нас густым пахам ёду і бінтоў. Дзе-нідзе на падлозе і сценах віднеліся плямы засохшай крыві. Усё гаварыла аб тым, што ў вёсцы нядаўна размяшчаўся ваенны шпіталь.
Класны кіраўнік Ганна Іванаўна Паўлючэнка размясціла дзятву за партамі, зробленымі з негабляваных дошак, па чатыры, а то і па пяць вучняў за кожнай. Глядзелі мы адзін на аднаго цікаўнымі вачанятамі, і неяк дзіўна было: хто быў апрануты ў нямецкі трафейны фрэнчык і наша вясковае галіфэ; хто ў дзявочых кофтачках з пілоткамі на галаве.
Непадалёк ад нас вучыліся пяцікласнікі Лёня-ляўша і Лёня-бяспальчык. Такія мянушкі прыліплі да іх. Вайна ўжо паспела дакрануцца да іх жыцця сваім чорным крылом. Выбухам міны адарвала ў Лёні Ушакова правую руку, а ў Лёні Ткачова – пальцы на левай руцэ.
Ні кніжак, ні сшыткаў, ні ручак, ні чарніла ў нас не было.
— Ідзе вайна – будзем усё рабіць самі, — гаварылі настаўнікі, усяляючы веру і надзею ў нашы сэрцы. – Скончыцца яна, усё будзе, а зараз…
Чарніла мы рабілі з ягад крушыны, з цёртай сажы, а настаўнікам для праверкі сшыткаў – з ягад каліны і адвару цыбулі. Дзеці ў адным класе вучыліся з пяці-шасці вёсак, таму кніжка выдавалася адна, на дзве-тры вёскі. Сшыткі рабілі з пажоўклых абрэзкаў газет і шпалераў, а іншы раз з паперы, у якую быў загорнуты порах у фашысцкіх снарадах. Гэты падарунак мы атрымлівалі ад сапёраў-чырвонаармейцаў.
З нашых настаўнікаў асабліва запомніўся дырэктар школы Віктар Ціханавіч Осіпаў. Ён умеў спалучаць і дырэктарскую строгасць, і бацькоўскую ласку, і пяшчоту да нас. Яго ўрокі фізікі і матэматыкі заўсёды захаплялі. І не выпадкова, што вучні таго апошняга ваеннага года Рыгор Сцепаненка, Мікалай Касцючэнка, скончыўшы педінстытут, працуюць настаўнікамі матэматыкі. Аўтар гэтых радкоў таксама стаў педагогам. А Леанід Ткачоў, Пётр Харытоненка – кандыдаты фізіка-матэматычных навук, Рыгор Хутарцоў – кандыдат тэхнічных навук, а Леанід Ушаў – вучоны-філосаф.
Ва ўдзячнай памяці сваіх колішніх вучняў, дзяцей вайны, жывуць, праросшы зярнятамі дабрыні і любві да Радзімы, урокі ваеннай справы, урокі жыцця ваенрука школы, былога афіцэра Савецкай Арміі Іосіфа Захаравіча Берднікава, удзельніка дзвюх сусветных войнаў. Ён кожны дзень расказваў нам аб падзеях на фронце.
Напярэдадні Дня Перамогі ў нашу школу прыйшоў выкладаць гісторыю дэмабілізаваны афіцэр Савецкай Арміі Іван Апанасавіч Анісенка. На фронце ён быў цяжка паранены. Мы з цікавасцю глядзелі на новага настаўніка, на грудзях якога ззялі ордэн Чырвонай Зоркі і шматлікія медалі. Па прыкладу свайго настаўніка сталі потым афіцэрамі многія яго вучні.
М. Кольчаў,
былы дырэктар Руднянскай школы Кармянскага раёна

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"