З успамінаў Марыі Аляксееўны Бацанавай, жыхаркі вёскі Вашчанкі Кармянскага раён

Марыя Аляксееўна Бацанава
Марыя Аляксееўна Бацанава

Была свая бяда

Чым далей адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым больш усплывае эпізодаў таго часу. Праўду кажуць, што ў кожнага чалавека была свая вайна і свая бяда.
Вось што распавядае Марыя Аляксееўна.
“Маё дзявочае прозвішча Навуменка. Нарадзілася я ў вёсцы Зяцькавічы ў 1919 годзе. Замуж пайшла ў вёску Вашчанкі за Гаўрылу Яўтухавіча Бацанава. Ён да вайны працаваў на шахтах Данбаса. Туды мы з ім і збіраліся паехаць. А тут нечакана вайна. Пачалі праводзіць мабілізацыю мужчын.
Кіраўніцтва раёна майго мужа, а таксама Ягора Давыдавіча Палякова вырашыла пакінуць у вёсцы для сувязі з партызанамі. Немцы нейкім чынам дазналіся пра гэта і адправіліся за мужчынамі. Тых паспелі папярэдзіць. Хлопцы прынялі рашэнне ісці ў лес да партызан. Гаўрыла Яўтухавіч забег дадому, схапіў якія былі харчы і кінуўся ў лес. Толькі ён паспеў туды дайсці, як прыехалі немцы на матацыклах, з імі ж і паліцаі. Яны арыштавалі мяне і паставілі пад дулам аўтамата да сцяны. Пытанне ў іх было адно: “Дзе муж?” Я адказала, што не ведаю, маўляў на фронце. Дзве гадзіны трымалі мяне пад прыцэлам і ўсё дапытваліся пра мужа. Потым сказалі: “Заўтра каб была ў камендатуры. Адправім у Гомель”, — і паехалі. Сама ж увесь час маліла Бога аб выратаванні. Толькі немцы з паліцаямі паехалі, я агародамі, потым па жыту пабегла да брата ў Зяцькавічы. Паўтара месяца хавалася ў бліндажы ад немцаў. Хату нашу ў Вашчанках спалілі. Прыйшлі халады, і я перабралася ў пасёлак Дубролеж, дзе жылі тры сястры мужа. Яны і збераглі ад немцаў да самага вызвалення раёна.
З Ягорам Давыдавічам жа адбылося наступнае. Не паспеў ён уцекчы ў лес, як немцы былі ўжо ў яго. Толькі ён выйшаў на вуліцу, а захопнікі тут. “Куды сабраўся?” – пытаюцца. А ён адказвае: “За вуткамі на рэчку”. Рачулка працякала за агародамі, а там і лес блізка. У гэты час з дому выйшла суседка. Немцы ў яе спыталі: “У яго вуткі ёсць?”. А яна ў адказ: “Не, няма”. Фашысты да Ягора: “Брэшаш, сабака. У лес сабраўся”. Тут жа прама на агародзе і растралялі з аўтамата.
Гаўрыла Яўтухавіч быў у Журавіцкай партызанская брыгадзе да вызвалення раёна. Потым уліўся ў дзеячую армію і да перамогі быў на фронце. Да дому вярнуўся з ордэнамі “Чырвонай Зоркі”, “Ордэнам Славы”, медалямі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй” і інш. Памёр у 1969 годзе.
Марыя Аляксееўна жыве ў Карме адна. Да яе часта заходзяць унукі і дачка Надзея. Бабуля ўсё паўтарае: “Не дай, Бог, вайны!”.
Успаміны запісала
П.І. Лазарэнка

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"