450-летию Кормы посвящается

Іван Міхайлавіч Вішнявецкі
Іван Міхайлавіч Вішнявецкі

Галерэя асоб. Іван Міхайлавіч Вішнявецкі

Бацька Івана Міхайла Васільевіч Збаражскі стаў родапачынальнікам князёў Вішнявецкіх-Карыбутаў, валодаў замкам Вішнявец у Крамянецкім павеце на Валыні, адсюль прозвішча. Ад сыноў Міхайлы, Івана і Аляксандра, народжаных у розных шлюбах, у ХVІ ст. Вішнявецкія падзяліліся на дзве лініі: старэйшую (пайшла ад старосты прапойскага, чачэрскага і варнянскага князя Івана Міхайлавіча) і малодшую (пайшла ад старосты рэчыцкага князя Аляксандра Міхайлавіча). Другая лінія спынілася на польскім каралі Міхале (пам. 1673 г.), а першая — на князі Міхале Сервацы, гетмане літоўскім (пам. 1744 г.).
Князь Іван Вішнявецкі нарадзіўся ў 1490 г., валодаў замкам Вішнявец, трымаў Эйшышскае, Варнянскае (абодва з 1533 г.), Прапойскае, Чачэрскае (з 1536 г.), Канеўскае і Чаркаскае (з 1541 г.) староствы.
Многія ведаюць пра бітву пад Клецкам 1506 г., калі войска ВКЛ разбіла татараў, але не менш важнай была сеча 28 (павдле іншых звестак – 26) красавіка 1512 г., у якой Іван праявіў сябе разам з бацькам і братам, калі была разбіта крымска-татарская арда пад Лапушнай (цяпер укр.: Лопушне Ланавецкага р-на Цярнопальскай вобл.), непадалёк ад маёнтка Вішнявец.
Саюзнікі прывялі на поле каля 6 тыс. вояў — каля 2 тыс. вялікалітоўскага (у т.л. валынскае рушэнне), 4 тыс. польскай кавалерыі і 1 рота польскай пяхоты, 2 гарматы; пад камандаваннем вял. гетм. літоўскага К. І. Астрожскага і вял. гетм. кароннага М. Камянецкага. Татары, колькасцю 10-20 тыс., заўважылі набліжэнне праціўніка і перайшлі ў наступленне, прычыняючы польска-літоўскаму войску цяжкія страты. У баі прымалі ўдзел Міхаіл Вішнявецкі з сынамі, Ян Радзівіл «Барадаты», Пётр Кміта Сабенскі, Ян Тарноўскі.
Вось як пра бітву апавядае «Хроніка літоўская і жамойцкая»: «Татаре поражены от наших. Того ж року князь Константин Острозский з литвою и русью 25 000 под Вишневцем татар перекопских побил, a з ним был Михаил Вишневецкий з сынами и князь Андрей Збаразский, a сам царь татарский Мендли Гирей ушол в малой дружинѢ».
Татары на чале з трыма малодшымі прадстаўнікамі роду Гірэяў быццам без дазволу хана Менглі-Гірэя зайшлі далёка ў глыб Рускага ваяводства ў Польшчы, сталі кошам (лагерам) у ваколіцах Буска і выслалі чамбулы (наскокі, набегі) да Перамышля. Жыгімонт Стары даручыў кароннаму гетману М. Камянецкаму з дворнымі харугвамі даць адпор крымскім татарам, на дапамогу былі пасланы вялікалітоўскія сілы на чале з К. І. Астрожскім, а з Падолля старосты Ланцкаронскі і Твароўскі было абвешчана паспалітае рушэнне. Пасля некалькіх сутыкненняў з чамбуламі злучанае войска ўдарыла па вялікаму татарскаму лагеру паблізу Вішняўца, загінула да 5 тыс. татараў, саюзнікі здабылі 10 тыс. коней, адабралі значную колькасць нарабаванага і вызвалілі 16 тыс. палонных. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што загінулі ўсе татарскія кіраўнікі — тры ханы і зяць Менглі-Гірэя.
Даведаўшыся пра разгром пад Лапушна, стары хан вырашыў заключыць дамову з Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім; абяцаў выставіць на вайну з Масквой 30 тысяч коннікаў за штогадовую выплату памінак ў памеры 15 тысяч дукатаў, у чым прысягнуў на Каране і выслаў да караля двух закладнікаў, свайго ўнука Джалаладдзіна і сына князя Дыўлет-Бахты, са світай уланаў і слуг, ды не пускаць атрады на польскія і літвінскія землі.
Пасля смерці вялікага гетмана літоўскага князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага князь Іван Міхайлавіч Вішнявецкі стаў адным з арганізатараў абароны Валыні ад набегаў крымскіх татар. У 1534, 1538 і 1540 гг. тройчы аб’яўляў мабілізацыю валынскай шляхты. Як бачым, вялікая заслуга князя заключалася ў тым, што ён шмат зрабіў для абароны нашых зямель з поўдня ад крымскіх татар.
Першы раз ажаніўся з Настассяй, дачкой Сямёна Алізаровіча, другі — з Магдаленай Дэспатаўнай Бранковіч, што паходзіла з сербскіх князёў. Меў сыноў Змітра, Жыгімонта, Андрэя і Канстанціна, а таксама дачку Кацярыну.
Нашчадак вялікага князя літоўскага Гедзіміна ў Х калене пайшоў у лепшы свет у 1543 г. Быў пахаваны ў Кіева-Пячорскай лаўры.
В. Варганаў

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"