Дзяцінства, што супала з ваенным ліхалеццем

победаВайна заўсёды прыходзіць нечакана, раптоўна, як смерць. Прыносіць гора і голад, холад і страх. Пакідае руіны і скалечаных ад страшэннай навалы мірных людзей. Знішчае іх мары, губіць памкненні. З цягам часу усё праходзіць: курганее, забудоўваецца, залечваецца. Застаецца толькі памяць, праўдзівая памяць у чыстай, светлай душы, знявечанай, але вольнай. І гэтая памяць не дае магчымасці сёняшнім аматарам вайны пераблытаць плюс і мінус. А прагных і спрытных да гэтага досыць заўсёды. Тых, хто жадае заблытаць моладзь, дзяцей, каб кідаць іх у розныя “майданы”, а потым, як кажуць, “чужымі рукамі жар заграбаць”.
Часам балюча становіцца ад таго, што сучасныя юнакі і дзяўчаты ўсё часцей успрымаюць вайну, як цікавую захапляльную кмп’ютарную гульню з спецэфектамі. Нават удзельнічаюць у ёй з 7 жыццямі і 8 узроўнямі. Галоўнае, разумець, як далёка віртуальнай вайне да рэальнай. І не прывядзі гасподзь да таго, каб убачыць на “накачаным” маладым целе татуіроўку свастыкі. Бо пад гэтым знакам знішчаліся не толькі салдаты, а і мірныя жыхары – старыя, жанчыны, дзеці. А ў тых, хто выжыў, засталіся на ўсё жыццё калючыя, халодныя ўспаміны.
Доўгае жыццё пражыла Ева Сцяпанаўна Давыдзенка з вёскі Малая Зімніца Слаўгарадскага раёна. Але час не знёс яе памяці пра вайну ў нябыт.
“Маё дзяцінства супала з ваенным перыядам. Нарадзілася я 15 лютага 1932 года ў вёсцы Малая Зімніца. Наша сям‘я складалася з чатырох чалавек: маці, тата, брат і я.
Мне было дзевяць год, калі пачалася страшэнная вайна. Бацьку забралі на фронт. Ваеннае ліхалецце было вельмі цяжкім. Найбольш яркія мае ўспаміны звязаны з падзеямі ўжо 1943 года. Памятую, як фронт наблізіўся да нашага населенага пункту. Ра-зам з маці мы пайшлі ў вёску Бахань. Калі сядзелі ў балоце, сталі рвацца снарады і мы пабеглі ў другі бок да вёскі Смалігаў, адтуль дабеглі да вёскі Рагі. Яшчэ нейкія бежанцы прыехалі, бульбы наварылі, сала напраглі. Нас есці пазвалі. Павячэралі, заначавалі і раніцай пайшлі назад у Зімніцу.
Тады ў нас была чырвоная карова. Калі снарады рваліся, яна ногі выцягвала, галаву клала на зямлю і ляжала. Нанач артылерысты гарматы паставілі. Да нас у хату прыходзіць немец і кажа:
– Аць-аць! На той канец!
Ну мы і пайшлі да Лявоніхі, а раніцай вярнуліся. Бачым: суседка забітая, раненага салдата забралі. Яшчэ адна баба Ева, яе таксама як і мяне звалі, сядзіць забітая на каленках ля печы у бані. Мы вывалаклі гэтую бабу, шубу здзелі і закапалі.
А зараз пра цётку сваю раскажу. Стаім мы пад хатай і бачым: ляцяць тры самалёты. Мы хутчэй пабеглі хавацца. Мая цётка і суседка таксама пабеглі. Цётку раніла, а той суседцы ўсё плячо адсекла. Я кінулася ў агарод, а там Сапёрыха ляжыць у баразне мёртвая. Я пад яе залезла і ляжала, пакуль самалёт не паляцеў, а потым далей пабегла. Але чую мая цётка крычыць: “Вады! Вады!” Я кінулася да яе, а потым да калодзежа, але пакуль прынесла вады, цётка памерла. Я пабегла праз вуліцу да суседкі, а яна сядзіць у садзе на каленках уся ў крыві. Таксама ў гэты дзень забіла нашага суседа Цвярдова, адной жанчыне з нашай вёскі адарвала ногі.
Бой закончыўся. Крыху сціхла, але перадышка была нядоўгай. Назаўтра зноў немцы гармат наставілі. І кажуць:
– Аць-Аць! Уцякайце!.
У нашага суседа быў конь, мы пагрузілі няхітры скарб на воз і паехалі ў бежанцы. Даехалі спачатку да Добрага Дуба, адтуль на Бахань. І ўжо ў Бахані зайшлі ў хату, гаспадара не было. Прыняслі саломы, на ёй і спалі. Потым пайшлі на поле накапалі бульбы, а варыць жа ні чыгунка, нічога не ўзялі. Знайшлі пустыя кансервачкі, што давалі салдатам. Наварылі бульбы, а яна не соленая, бо солі не было. Хадзілі да немцаў солі прасіць. Дадуць трохі, так і жылі.
А яшчэ ў ваенныя гады хваробы хадзілі: малярыя, тыф. Як сталі ў мяне балячкі на галаве. Здыму хустку, уся галава мокрая. Была ў вёсцы Журавічы бальніца, але ўрачоў не было. Завезла мяне маці ў гэту бальніцу, а я там ляжала трупам. Яна прыйдзе да мяне пад вакно, суседка па палаце Валя падыме мяне, пакажа маці і назад пакладзе.
Пасля вызвалення пачалося мірнае жыццё, але жылля амаль не было. У нейкіх будках жылі да самага марозу. Мужчыны пакрыху акопы разбіралі і зямлянкі ставілі. Мой тата вярнуўся з фронту без рукі. Ды мы ўсё ж такі змаглі паставіць ў вёсцы Бахань маленькую хату.
Ішоў час, жыццё пакрыху наладжвалася. Калі старшынёй стаў І.Г.Таранаў, мы паставілі вялікую хату. Я выйшла замуж і нарадзіла шэсць сыноў. Жылі бедна. Грошы не хапала. Працавала на торфе. Так і зараблялі. Пасля памёр тата, а за ім і маці. Шмат гадоў прайшло з той пары, але ўспаміны аб страшэннай навале вельмі часта мяне непакояць”.
Гэта ўспаміны аднаго з мільёнаў дзяцей ваеннай пары. І помніць пра гэта трэба заўсёды, каб не дапусціць вайны зноў, вайны без літасці, без правіл, без шкадавання.
І. Языкова,
настаўніца гісторыі Зімніцкай школы Слаўгарадскага раёна

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"