Гонар зямлі Кармянскай

Помнік Ткачову ў пасёлку Пяшчаны (Мурманская вобл., Расія)
Помнік Ткачову ў пасёлку Пяшчаны (Мурманская вобл., Расія)

Выкладаючы гісторыю нашай краіны, на адным з урокаў звярнуў увагу на такія словы: “За гады вайны 30 лётчыкаў — ураджэнцаў Беларусі – здзейснілі паветраныя тараны.” І задумаўся: “Як жа мала мы ведаем пра нашых герояў! А адным з першых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны здзейсніў такі подзвіг, працягваючы гераічныя традыцыі сваіх папярэднікаў, быў ураджэнец Кармяншчыны…”
Сяргей Фёдаравіч Ткачоў. Ён нарадзіўся 15 кастрычніка 1914 г. у вёсцы Касцюкоўка (Міхееўка) Кармянскага раёна. Малодшы лейтэнант, лётчык 145-га знішчальнага авіапалка ВПС 14-й арміі Паўночнага фронту. Рускі. Член партыі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з першых дзён. Ваяваў у Арктыцы. Збіў дзесяць самалётаў праціўніка.
Раён савецкага Запаляр’я заўсёды славіўся вялікімі запасамі сыравіны, паліва і дароў мора. Асаблівае значэнне меў Мурманск – порт на поўначы Савецкага Саюза.
Па стане на 22 чэрвеня 1941 года, пяты паветраны флот генерал-палкоўніка Ханса-Юргена Штумпфа налічваў у сваім складзе ў агульнай складанасці 240 самалётаў у Нарвегіі і невялікае падраздзяленне ў Фінляндыі.
Сітуацыя была неспакойная. І вось раніцай 22 чэрвеня ў Мурманскім раёне СПА авіяцыяй праціўніка былі зроблены разведвальныя палёты і скінуты чатыры бомбы, у выніку чаго парушылася сувязь.
У адрозненні ад абставін на іншых франтах і флатах, камандаванне часцей савецкіх ВПС на Поўначы разгрупавала і замаскіравала сваю авіяцыю па аэрадромах. Гэта пацвярджае, у прыватнасці, і нямецкі гісторык Паўль Карэл: «На Крайняй Поўначы, дзе знаходзіўся стратэгічна важны порт Мурманск, зроблены 22 чэрвеня ў 4.00 нямецкай авіяцыяй налёт на савецкія авіябазы, апынуўся безвыніковым: савецкія самалёты былі загадзя разгрупаваны і замаскіраваны»
Адсутнасць страт у матчасткі і асабістым складзе ў першыя дні спрыяльна адбілася на развіцці сітуацыі тут у цэлым на працягу вайны.
Фактычна першым днём ваенных дзеянняў для лётчыкаў Паўночнага флота стаў аўторак 24 чэрвеня. Ужо 27 чэрвеня быў зафіксаваны першы выпадак паветранага тарана на Поўначы. Камандзір звяна лейтэнант І. Т. Місякоў на І-16 з 145-га знішчальнага авіяпалка ў час налёту пратараніў Bf-110, пры гэтым сам загінуў.
Наш зямляк, Сяргей Фёдаравіч Ткачоў, здзейсніў подзвіг 4 ліпеня 1941 года.
Перад Ткачовым і яго таварышамі стаяла задача: абараніць ад варожых самалётаў чыгуначны састаў, які накіроўваўся ў Мурманск. Ад прыбыцця згаданага саставу залежала абарона горада. У выніку паветранага бою быў знішчаны адзін з «юнкерсаў» (вядучы групы Ju-88). Але і сам наш зямляк загінуў…
Вось як пра гэтыя падзеі ўспамінае Юрый Рыбін: “… Каля пяці гадзін вечара тры І-16 4-й эскадрыллі 145-га знішчальнага авіяцыйнага палка вылецелі па трывозе ў раён станцыі Кіца, дзе самалётамі праціўніка быў абстраляны чыгуначны састаў, які ішоў на Мурманск. У раёне станцыі звяно нашых знішчальнікаў нечакана было атакавана з-за аблокаў… У першай атацы быў збіты лейтэнант Ткачоў… Яго самалёт, ахоплены полымем, упаў у раёне станцыі…”.
Нямецкія ж крыніцы сцвярджаюць, быццам Ткачоў быў збіты гаўптманам Герхардам Шашке па мянушцы Рыжы, які лётаў на Bf-110 з Stab / ZG 76, меўшы на той перыяд ужо дванаццаць перамог. Гісторык Вернер Гербіг так апісвае метад, якім карыстаўся Шашке для дасягнення поспеху: “Ён распрацаваў уласную тактыку вядзення бою. Лётаючы пад прыкрыццём Bf-109, ён кружыў над рускімі авіябазамі і збіваў ўзлятаючыя самалёты”.
Сяргей Фёдаравіч скончыў сваё жыццё як герой і загінуў у баі ў сваім самалёце. Яму прыйшлося праляжаць у зямлі больш за дваццаць гадоў, пакуль усярэдзіне 1960-х пры будаўніцтве пасёлка Пяшчаны у Мурманскай вобласці (цяпер частка паселішча Пушны, дзе ў 2010 годзе пражывала 139 чалавек) будаўнікамі быў знойдзены самалёт з астанкамі. Лётчыка пахавалі на месцы падзення. Шруба самалёта перададзена ў музей ВПС Паўночнага флота. У пасёлку Пяшчаны ўсталяваны помнік Ткачову, адна з вуліц носіць яго імя. Расіяне захоўваюць памяць аб нашым земляку. Так, у 2011 годзе, дзякуючы спонсарскай дапамозе Мурманскага марскога гандлёвага порта, рабоце пошукавых атрадаў у супрацоўніцтве з Мурманскім абласным саветам ветэранаў вайны, працы, узброеных сіл і праваахоўных органаў на магіле летчыка была адрамантаваны аграда і помнік.
Іншых звестак, прынамсі ў мяне, пра нашага земляка няма. Узнагароды? Таксама звестак няма. Пакуль не знойдзены і здымак героя. Паважаныя землякі, калі ў каго ёсць якія звесткі пра Ткачова Сяргея Фёдаравіча, а таксама, улічваючы, што ў сям’і кожнага з нас хтосьці загінуў, хтосьці ваяваў, побач з намі жылі ці жывуць ветэраны –героі і проста салдаты Перамогі, а таксама іх нашчадкі, – калі ласка, раскажыце пра іх, сваіх родных, суседзяў, землякоў. А кожная сям’я павінна захаваць памяць і праўду пра сваіх продкаў. Ніводнае імя не павінна быць забыта!
В. Варганаў

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"