450-летию Кормы посвящается

Бондаренко5Лёс земляка
Пётр Ціханавіч Бандарэнка

У сувязі з 70-годдзем Вялікай Перамогі і ў чаканні 450-гадовага юбілею Кармы ўзгадаем пра нашага слаўнага земляка, удзельніка і героя абароны Севастопаля, Ачакава, Адэсы, Сталінградскай бітвы, імем якога павінен ганарыцца кожны вучань, кожны кармянец, на прыкладзе жыцця якога мы павінны выхоўваць новае пакаленне…

Гэта Пётр Ціханавіч Бандарэнка. Ён нарадзіўся ў 1901 годзе ў вёсцы Старая Зенькавіна. Яго бацька, Ціхан Якімавіч, доўга служыў на флоце. Удзельнічаў у руска-японскай вайне 1904 — 1905 гг. на крэйсеры «Вараг». Раненні падарвалі здароўе бацькі. У маці, Марыі Анісімаўны, засталося пяцёра дзяцей — два сыны і тры дачкі. Старэйшым быў Пётр. Пра яго казалі суседзі: «Эх, дай Бог веку Ціхану, ганарыўся б сваім сынам. Сапраўдны гаспадар». А ён на ўсё жыццё не забываў словы бацькі: «Вучыся, сынок, лягчэй будзе жыць на свеце». Да рэвалюцыі батрачыў, але з кнігай не развітваўся.
Наступіў 1917 год – час рэвалюцыйных падзей. Для кармянскай моладзі гэта былі шчаслівыя і трывожныя часы, напоўненыя рэвалюцыйнай рамантыкай. Летам 1918 г., у Ліцвінавічах (7 км. ад роднага сяла) П. М. Лепяшынскі арганізаваў першую на Беларусі школу-камуну. Пётр не аднойчы наведваўся з сябрамі паглядзець, як жывуць там. І разам са сваім стрыечным братам I. А. Ільюшчанкам стварыў у роднай вёсцы атрад чонаўцаў. Ён жа быў і адным з першых камсамольцаў у Карме. Калі там пачалося выступленне эсэраў, Пётр прыняў удзел у яго падаўленні.
Вясной 1919 г., як і сябар Апанас Маскалёў, стаў мараком-добраахвотнікам Дняпроўскай флатыліі. Уступіў у партыю. У 18 год юнак удзельнічае ў баях на Дняпры, Доне, Днястры, змагаецца супраць белапалякаў, Махно, Врангеля, прымае ўдзел у падаўленні Кранштацкага мяцяжу. У 1922 г., скончыўшы курсы старэйшых рулявых, Пётр знаходзіцца на караблях Балтыйскага флоту.
У лістападзе 1923 г. паступіў у Ваенна-марское палітычнае вучылішча ім. С. Б. Рашаля, скончыў яго ў лістападзе 1926 г. і быў накіраваны на Чарнаморскі флот, дзе служыў на розных пасадах. У маі 1934 г. скончыў ваенна-палітычную акадэмію і атрымаў пасаду ваенкама курсаў ўдасканалення падрыхтоўкі камсастава Чарнаморскага флоту (1934 — 1937 гг.), затым стаў ваенкамам лінкора «Парыжская камуна» — флагмана флоту.
15 лютага 1939 г. прызначаны начальнікам палітупраўлення (ПУ) Чарнаморскага флоту. 17 сакавіка 1941 года атрымаў вайсковае званне дывізіённага камісара. На пасадзе начальніка ПУ ЧФ ён сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны, з першых дзён ўдзельнічаў у баявых дзеяннях (у абароне Адэсы, у баях пры абароне Ачакава ў жніўні 1941 г.), больш за восем месяцаў знаходзіўся ў асаджаным Севастопалі, дзе адначасова з кіраўніцтвам ПУ ЧФ з’яўляўся начальнікам палітупраўлення Севастопальскага абарончага раёна (кастрычнік 1941 — чэрвень 1942).
У гэты час у поўнай меры праявіўся арганізатарскі талент П.Ц. Бандарэнкі. Вось што піша пра нашага земляка ў сваёй кнізе «Асаджаная Адэса» віцэ-адмірал I. I. Азараў: «Самы сумленны, адкрытай душы камуніст, ураўнаважаны і бясхітрасны. Да яго кожны мог трапіць на прыём у любы час. Ён умеў выслухаць, даць разумную параду. На флоце яго любілі і паважалі». Па натуры Пётр Ціханавіч быў аптымістам, ніколі не губляўся нават у самай складанай франтавой абстаноўцы.
Пасля пакідання Севастопаля (20 чэрвеня 1942 года) быў прызначаны ваенным камісарам Волжскай ваеннай флатыліі (18 жніўні 1942; з 16 кастрычніка 1942 — нам.камандуючага флатыліі па палітчастцы, начальнік палітаддзела флатыліі), дзе на працягу ўсёй Сталінградскай бітвы удзельнічаў непасрэдна ў баявых дзеяннях, у размініраванні Волгі. 13 снежня 1942 г. атрымаў званне контр-адмірала.
У баях пад Сталінградам камандуючы Волжскай ваеннай флатыліяй адмірал Д. Рогаў так ацаніў камісара флатыліі контр-адмірала П. Ц. Бандарэнку: “Стойкі салдат. Умелы арганізатар, выдатны военачальнік і палітработнік”.Пятру Ціханавічу нярэдка даводзілася знаходзіцца па пояс у вадзе і змагацца разам з матросамі пад градам куль і асколкаў. Там, на берагах Волгі, ён атрымаў цяжкае раненне.
З 15 ліпеня 1943 па ліпень 1944 гг. — начальнік палітаддзела Упраўлення вышэйшых марскіх навучальных устаноў Ваенна-марскога флоту. З ліпеня 1944 г. па май 1947 г. быў начальнікам палітаддзела Каспійскай ваеннай флатыліі. У маі 1947- верасні 1949 гг. вярнуўся на ранейшую пасаду намесніка камандуючага Чарнаморскім флотам па палітчастцы, пражываў у Севастопалі. Так склаўся лёс нашага славутага земляка, што 29 верасня 1949 г. ён быў арыштаваны за вядзенне «контррэвалюцыйных» размоў, абвінавачаны ў «шкодніцка-падрыўной дзейнасці ў партыі і дзяржаўным апараце». 28 кастрычніка 1950 г. асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР і растраляны ў той жа дзень у Суханаўскай турме. Цела крэміравана ў Данскім манастыры. Месцам упакаення сталі Новыя Данскія могілкі. Рэабілітаваны 26 мая 1954 г. Яго імем ў нашым пасёлку названа вуліца.
Незадоўга да арышту Пятру Ціханавічу некалькі дзён удалося пабываць на радзіме, якую ён вельмі любіў і дзе з дзяцінства марыў аб моры… Як пра Пятра Ціханавіча сказаў Мікалай Міхайлавіч Кулакоў (член Ваеннага савета Чарнаморскага флота), гэта быў «сапраўдны ваенны марак па прызванні і душы». Ён унёс вялікі ўклад у барацьбу савецкага народа з фашызмам, у развіццё савецкага флоту і ваенна-марской навукі. А самае галоўнае, гэта быў шчыры, сумленны і апантаны чалавек, які моцна любіў Радзіму, верай і праўдай служыў ёй.
Валерый Варганаў

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"