Краязнаўчая крынічка: Нарысы гісторыі Кармяншчыны

Гістарычнае места Гомель, з супрацьлеглага боку ракіПад уладай Кіева

Як ужо адзначалася раней, незалежнасць радзіміцкага племяннога княжан-ня, заснаванага легендарным Радзімам, была парушана ў 984 г. у бітве на р. Пяшчана. Гэта была лёсавызначальная сеча для нашых продкаў. Можна меркаваць, што кожны род, кожнае паселішча адправілі сваіх “мужоў”, многія з якіх загінулі. Паводле некаторых ускосных дадзеных у радзіміцкім войску маглі быць воіны са Старагрода, Воранаўшчыны, Хізава, Лужка і іншых паселішчаў. Можна ўявіць сабе, як яны сплаўляліся на ладдзях па рацэ Сож, збіраючыся ў прызначаным месцы.
Але на баку князя Уладзіміра была сіла і перавага адзінай і моцнай дзяржавы, і ваяводзе Воўчаму Хвасту давялося спазнаць ваенную ўдачу, а ў многія дамы радзімічаў прыйшло гора…3 таго часу і з’явілася прымаўка, якой дражняць радзімічаў: «Пяшчанцы воўчага хваста бегаюць».
Кіеўская дружына, папоўненая ў Чарнігаве прафесійнымі варажскімі, палянскімі і северскімі воінамі, высту-піла на Гомій – плямённы цэнтр радзімічаў. Паспяхова пераадолеўшы Замглайскія балоты, яна перайшла мяжу каля сяла Глыбоцкае. Не сустрэўшы супраціўлення праціўніка, фарсіравала Церуху, бітва адбылася на невялікім яе прытоку Пяшчанцы (цяпер р. Пясошанька).
Паводле іншай версіі месцам бітвы была рака Пяшчана (Пяшчань) – правы прыток Сажа (у 6 км ад Прапойска, суч. Слаўгарад). Калі так, то варожаму войску прыйшлося прайсці і праз нашу мясцовасць, сутыкнуўшыся ў цэнтры радзіміцкай зямлі.
Паводле беларускага даследчыка М. Ермаловіча адной з галоўных прычын пахода кіеўскай дружыны было не толькі падпарадкаванне радзімічаў і ўмацаван-не адзінства ўсходнеславянскай дзяржавы, але і барацьба за землі, багатыя жалезнай рудой. Не трэба забываць што азначала жалеза для мацнеючай вялікай усходнеславянскай дзяржавы – Русі. Нават вядомая ўжо нам рака Пяшчана мела другую назву – Рудніца. Са шматлікіх радзіміцкіх балотаў здабываўся сырэц для выпрацоўкі металу. Калі гэтая рака не страціла свайго прамысловага значэння яшчэ на рубяжы XVIII — XIX стст., то няцяжка ўявіць, як яна цанілася ў канцы X ст.
У выніку Пасожжа стала неад’емнай часткай усходнеславянскай дзяржавы, патрэбна было жыццё рэгіёну падпарадкаваць інтарэсам Кіева. Але і пасля гэтага Гомій і Чачэрск працягваюць адыгрываць ролю важнейшых гарадоў рэгіёна, першы атрымаў статус велікакняжацкага горада. Паводле некаторых дадзеных ад імя вялікага князя кіеўскага тут кіраваў пасаднік і знаходзіўся галоўны пункт збору падаткаў з насельніцтва.
Пасля смерці Уладзіміра Святаславіча ўся Левабярэжная Русь адыходзіць Мсціславу, а Правабярэжная Русь – Яраславу Мудраму. Землі радзімічаў з гарадамі Гомій, Чачэрск, Прапойск і іншыя кіруюцца намеснікамі Мсціслава. Але пасля смерці апошняга ў 1036 г. было адноўлена адзінства усходнеславянскай дзяржавы.
Адсутнасць стабільнасці ў дзяржаве, якая назіралася ў першай трэці XI ст., зразумела, не спрыяла ўмацаванню Кіеўскай Русі і таму, хаця пісьмовыя крыніцы маўчаць аб падзеях, якія адбываліся на Пасожжы ў гэты час, можна лічыць, што ўсё XI ст. – гэта гісторыя адзяржаўлення радзімічаў – замена суверэнітэта мясцовых князёў на суверэнітэт Рурыкавічаў, упарадкаванне падаткаабкладання і хрысціянізацыя.
Сацыяльна-эканамічнае развіццё ў IX-X стст. стварыла ўмовы для пачатку фарміравання гарадскіх цэнтраў. Перш за ўсё гэта адносіцца да Гомеля (летапіснага Гомія), які вырас з плямённага цэнтра радзімічаў. Размешчаны на поўдні зямлі радзімічаў, ён замыкаў сабой усе шляхі па Сожы і яго буйных прытоках і займаў зручнае геаграфічнае становішча. Таму ён стаў галоўным пунктам канцэнтрацыі і пераразмеркавання княжацкай даніны з усяго радзіміцкага саюза, што спрыяла развіццю горада.
У канцы IX-X ст. на Гомельскім паселішчы з’яўляюцца рысы, якія адлюстроўваюць пачатак развіцця раннефеадальнага горада. Значна павялічваецца яго плошча, якая дасягнула ў памерах 8 га і мела двухчасткавую тапаграфічную структуру: дзядзінец (0,7 га), вакольны горад са сваёй лініяй умацаванняў (4 га) і прылеглыя да яго паселішчы адкрытага тылу. Гомель стаў не толькі важным адміністрацыйным, але і рамесным цэнтрам, аб чым сведчыць наяўнасць тут слядоў ганчарнага, кавальскага, ювелірнага і іншых рамёстваў.
Асваенне радзімічамі Пасожжа спрыяла таму, што акрамя Гомеля пачалі ўзнікаць іншыя ўмацаваныя пункты, з якіх ішло асваенне наваколля. Яны, як правіла, узнікалі ў стратэгічна важных мясцінах, якія давалі магчымасць кантраляваць значную тэрыторыю. Так, у Чачэрску, неўмацаваным паселішчы роменскай культуры VIII-IX стст., размешчаным на беразе р. Чачора, у X ст. узво-дзяцца фартыфікацыйныя збудаванні, што ператварылі яго ва ўмацаваны цэнтр, які кантраляваў значную частку плыні Ніжняга Сожа. Каля ўпадзення р. Проня ў Сож на мысу, утвораным Сожам і ярам, таксама ў X ст. на аснове паселішча VIII-IX стст. узводзіцца ўмацаваны пункт, які стаў першым крокам у развіцці сярэднявечнага Прапоя (сучасны Слаўгарад). Ён кантраляваў як шлях уверх па Сожы, так і выхад у басейн Проні.
Узніклыя апорныя пункты радзіміцкай каланізацыі Пасожжа адначасова, верагодна, выконвалі ролю адміністрацыйнага і культавага цэнтра акругі. Ва ўсялякім выпадку яны з’яўляліся адзінымі ўмацаванымі паселішчамі на значнай тэрыторыі.
Пагром радзімічаў у 984 г. не спыніў развіцця Гомеля. Наадварот, уваход Пасожжа ў склад Кіеўскай Русі даў дадатковы штуршок развіццю горада. У канцы X — пачатку XI ст. старыя ўмацаванні вакольнага горада былі знішчаны і адсунуты далей на захад, што дазволіла павялічыць плошчу ўмацаванага паселішча. У гэты ж час горад пачынае пераходзіць на правы бераг ручая Гамеюк, дзе развіваецца пасад. Агульная плошча Гомеля XI ст. дасягала не менш 15 га.
У XI ст. назіраецца паступовы рост паселішча ў Чачэрску. Там каля сцен дзядзінца пачынае фармавацца селішча, якое заняло плошчу больш за 1 га. У X-XI стст. селішча такіх памераў фарміруецца каля гарадзішча Гарадзец у Крычаве. Адначасова ў апошнім з-за размяшчэння Гарадца ў баку ад Сожа, яго малой плошчы і, верагодна, разбурэння гарадзішча, якое пачалося ўжо ў той час, з XI ст. пачынаецца фармаванне новага адкрытага паселішча на беразе Сожа, на месцы будучага гарадзішча Замкавая гара. Толькі паселішча ў Прапойску ў X-XI стст. заставалася ў сваіх папярэдніх памерах – займала гарадзішча 0,5 га каля сутокі Проні і Сожа.
Насельніцтва Кармяншчыны цягацела да Чачэрска і Прапойска, якія былі важнейшымі валаснымі цэнтрамі. Напрыклад, жыхары Варанаўшчыны былі цесна звязаны з Чачэрскам, а Кармы – з Прапойскам. Праз нашу мясцовасць праходзіў старажытны гандлёвы шлях, які звязваў Верхняе Пасожжа (Смаленшчыну) і Сярэдняе Падняпроўе (Кіеўшчыну), па р. Сож праходзіла адгалінаванне вядомага гандлёвага шляху “з вараг у грэкі”. Істотную ролю і адыгрывала “дарога” “Гомельскі шлях”, якая злучала Гомель і Чачэрск.
(Працяг будзе)

Наш каляндар.
Верасень

76 год таму. 1 верасня 1939 г. пачалася Другая сусветная вайна.
114 год таму. 3 верасня 1901 г. у вёсцы Старая Зенькавіна Кармянскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні нарадзіўся Бандарэнка Пётр Ціханавіч. Беларус, селянін-бядняк. У 1919 г. Кармянскі валасны камітэт РКСМ прымае яго ў камсамол. З кастрычніка 1919 па жнівень 1920 г. быў адказным правадыром Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Удзельнічаў у баях на польскім фронце пад Кіевам, Ржышчавам і Чарнобылем у складзе Дняпроўскай флатыліі. Удзельнічаў у баях супраць Врангеля пад Марыупалем, Бердзянскам у складзе экспедыцыйнай марской. Да 1922 г. значыўся ўпаўнаважаным кантралёрам, кантралёрам асобага марскога памежнага аддзялення пры Асобым аддзяленні Чорнага і Азоўскага мораў. З 19 ліпеня 1944 па 31 мая 1947 гг. — намеснік палітаддзела Каспійскай флатыліі. Да лістапада 1949 г. — намеснік па палітчастцы камандуючага Чарнаморскім флотам. 21 лістапада 1949 г. звальняецца з кадраў Унутраных Сіл. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалямі «20 гадоў РККА», «За абарону Сталінграда», «За абарону Адэсы», «За абарону Севастопаля».
86 год таму. 10 верасня 1929 г. у в. Короцькі нарадзіўся Караткевіч Мікалай Аляксандравіч. Герой Сацыялістычнай Працы (1978). Заслужаны механізатар БССР (1978). Працаваў камбайнёрам у саўгасе «Кармянскі». Узнагароджаны ардэнамі Леніна (двума), Кастрычніцкай рэвалюцыі, «Знак Пашаны», медалямі. Депутат Вярхоўнага Савета БССР 1980 года.
98 год таму. 14 верасня 1917 г. у Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандавання паступае тэлеграма аб тым, што ў сялібе Хізаў (цяпер вёска ў Кармянскім раёне) утварылася самастойная рэспубліка, якая не прызнала Часовы Урад (Хізаўская рэспубліка).
15 год таму. 22 верасня 2000 года. Флаг і герб Кармы і Кармянскага раёна зацверджаны Рашэннем № 31 Кармянскага раённага Савета дэпутатаў. Герб унесены ў Гербавы артыкул Рэспублікі Беларусь 18 снежня 2000 года пад № 45. «У блакітным полі «іспанскага» шчыта два срэбраныя шабельныя эфесы, пакладзеныя ў андрэеўскі крыж».
94 гады таму. 23 верасня 1921 г. у в. Барсукі нарадзіўся Дзмітрыеў Міхаіл Апанасавіч. Беларускі вучоны ў галіне педагогікі. Доктар педагагічных навук, прафесар. Член-карэспандэнт Беларускай акадэміі навук . Герой Сацыялістычнай працы. Заслужаны настаўнік БССР. Удзельнік Вялікая Айчыннай вайны. Закончыў БДУ. Працаваў настаўнікам, дырэктарам Журавіцкай (Рагачоўскага раёна) і Кармянскай сярэдніх школ. З 1961 г. дырэктар Кармянскай сярэдняй школы-інтэрната. З 1974 г. – рэктар Мазырскага педагагічнага інстытута. Аўтар навуковых работ па гісторыі педагогікі і асветы, тэорыка-метадычных праблем адукацыі.
77 год таму. 27 верасня 1938 г. Указам Прэзідыума ВС БССР аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР Карма ператворана з мястэчка ў гарадскі пасёлак.

Тапанімічны слоўнік зямель Ворнаўскага сельскага савета
(працяг)

Стары Шлях (“Кацярынінскі шлях”) – старая грунтовая дарога, якая праходзіць праз вёскі Высокая і Ворнаўка ў напрамку да Чачэрска. Паводле падання тут падарожнічала расійская імператрыца Кацярына ІІ.
Старык Ворнаўскі –1,5 км. ад в. Ворнаўка, на р. Сож.
Старык Высокаўскі – 2,5 км. ад в. Высокая, на р. Сож.
Сож – рака, якая працякае па землях Кармянскага раёна, у якую ўпадаюць рэкі Горна і Добрыч. Сож часткова працякае па тэрыторыі Ворнаўскага с/с. Версіі паходжання ад: 1) імя старажытных скіфаў, сакаў; 2) старажытнапрускай асновы ў значэнні «дождж»; 3) фінамоўнага абазначэння ваўка; 4) славянскага слова, што абазначала «выпаленае месца пад ворыва». 5) мясцовае паданне аб р. Сож.
Сякера – старое забалочанае возе-ра, якое па форме нагадвае сякеру. Знаходзіцца на поўнач ад в. Енцы і ракі Горна.
Тарфяны – пасёлак у Ворнаўскім с/с (да 1978 г.), дзе ў даваенны час ішла здабыча і нарыхтоўка Торфа, існаваў тарфяны завод, цяпер частка в. Ворнаўка.
Тапіла, бал. – раней было балота. “непраходнае месца на дрыгвяністым балоце”; “багністая бездань”; “невялікае прыроднае азярцо сярод балота або выкапанае спецыяльна”; “гразкае месца”; “нізкае поле, якое ў час разводдзя і паводкі затапляецца вадой”.
Тры бярозкі – урочышча ў Ворнаўскім с/с, дзе ў ХХ ст. быў хутар.
Турышчаўскі пасёлак (Акцябар) – пасёлак ў суседнім Чачэрскім раёне, непадалёк знаходзіцца Туры-Бор і Кавалёў Рог. Назва звязваецца са словам “тур”.
Туры-Бор – пасёлак, раней урочышча, у Ворнаўскім с/с (да 1962 г.), цяпер частка в. Ворнаўка. На нашу думку, назва паходзіць ад звязаных паміж сабой, словаў “тур” і “бор”. Што атаясамліваецца з язычніцкімі абрадамі. Тур – свяшчэнная жывёла Пяруна, Бор – сасновы лес. Свяцілішчы язычніцкім багам раней знаходзіліся ў такіх мясцінах.

Падрыхтаваў
Валерый Варганаў, настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"