Краязнаўчая энцыклапедыя Кармяншчыны: вёскі

p_710x422_144ce81c893003afcdc4a592458ef8e2Мы працягваем краязнаўчыя падарожжы па нашым краі. На гэты раз спынемся на пытанні: «Што сабой уяўлялі нашы вёскі 100 і 200 год таму?». Паспрабуем адказаць на яго, карыстаючыся крыніцамі гісторыі і этнаграфіі. Гэта яшчэ цікава і таму, што за невялікім выключэннем насельніцтва Кармяншчыны жыло тады ў сельскай мясцовасці.

Вёскі часта размяшчаліся альбо сярод лесу, альбо на яго краі, ад якога адгароджваліся плотам, каб незнарок не зайшоў які непажаданы звер. Хаты стаялі скучана, вуліц спачатку зусім не было. Забудова была бессістэмная, як і ў шляхецкай недалёкай ваколіцы. Розніца толькі ў памерах. Вёска магла знаходзіцца таксама і на беразе ракі. Усе хаты тарцовым фасадам арыентаваліся, да ракі. Уздоўж яе ішла жвіравая вуліца, дзе хаты стаялі радком. Звычайна трапіць у вёску можна было толькі прайшоўшы праз вароты ў выглядзе вешніцы. На другім канцы – выган, дзе пасвіліся каровы. Там жа можна ўявіць сабе пастушкоў-падлеткаў. Выганы абгароджваліся жэр-дзевым плотам. На пачатку і ў канцы вёскі ставілі праваслаўны (альбо каталіцкі, былі і такія, бо, напрыклад, у ваколіцах звычайна жыла каталіцкая шляхта) крыж, абвязаны ручніком. Ён ахоўваў паселішча ад небяспекі і няшчасцяў, якіх у тыя часы хапала.
Пазней ў некаторых вёсках хаты размяшчаліся па абодва бакі ад дарогі і тарцовым фасадам былі павернуты да яе. Такія паселішчы з двухбаковай забудовай вуліц, прывычнай нам цяпер, узніклі пасля валочнай рэформы 1557 г. Спачатку яны былі невялікія: ад 10 да 30 двароў. Цікава, што спачатку хаты ставіліся па адзін бок ад дарогі, але, калі сыны падрасталі і аддзяляліся ад бацькі, то ставілі свае хаты насупраць бацькоўскіх. А вось гаспадарчыя пабудовы выносіліся на адпаведную адлегласць ад хат. Праўда клець (свіран) ставілі пад адной саломеннай страхой з хатай, каб найбольш каштоўнае захаваць ад злодзеяў. Тут маглі захоўваць збожжа, каля бакавой сцяны ставілі кубел з тканінамі, а таксама ложак, на якім ўлетку любілі паспаць маладыя хлопцы альбо дзяўчаты.
Будынкі аднаго сялянскага двара складалі разам з зямельным участкам сядзібу. Звычайна ў вёсцы было некалькі двароў (сядзіб).
Паважаныя сябры, у наступным выпуску “Краязнаўчай крынічкі” мы прадоўжым падарожжа ў мінулае, заглянем у гаспадарчыя пабудовы і сядзібы. Паведамляйце нам, пра што б яшчэ вы жадалі даведацца.

Падрыхтаваў Валерый Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

 

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"