Да 30-й гадавіны Чарнобыля: вёска Косаль

reka-paceya_2Працягваем друкаваць лісты былога настаўніка Акцяброўскай школы Васіля Уладзіміравіча Баранава

Вёска раскінулася ўздоўж ракі Касалянка амаль што на два кіламетры. З захаду да поймы выходзілі глыбокія раўчукі, па якіх вясной талыя воды з палёў сцякалі у русла. Гэтыя канавы зараслі кустамі і дрэвамі. З усходняга боку каля рэчкі раскінуўся квяцісты луг. Рака Касалянка то падступала нават да гаспадарчых пабудоў, то адыходзіла на некалькі сажняў у бок луга. Усё навокал складалася ў маляўнічы пейзаж. Калі я пра гэта ўспамінаю, то нараджаюцца вершаваныя радкі.
“Вось вёска Косаль перад намі
З яе прыродай, жыхарамі.
За вёскай поле, лес, палянка,
А побач рэчка Касалянка.
У пойме рэчкі луг квяцісты,
Вакол спеў птушак галасісты.
У рацэ той рыба: язь, шчупак.
На беражку сядзіць рыбак…”
У 1930 годзе касаляне арганізавалі калгас і пачалі калектыўна распараджацца вынікамі сваёй працы. На агульным сходзе калгаснікаў выбіраўся кіруючы орган – праўленне і старшыня. У праўленне выбіраліся найбольш аўтарытэтныя вяскоўцы. Гэта былі: Сцяпан Сінегаеў, Ягор Прахарэнка, Іван Лебедзеў, Андрэй Кулажанка, Мікалай Рыжанкоў і іншыя. Рэгулярна з вялікай актыўнасцю радавых калгаснікаў праходзілі агульныя сходы. Важную ролю ў жыцці калгаса адыгрываў брыгадзір. Ён штодня размяркоўваў людзей на працоўныя аб’екты і сачыў за якасцю выконваемых заданняў. У 70-80-я гады з функцыямі брыгадзіра паспяхова спраўляліся Віктар Ушаў і Усцін Бычкоў.
Жыццё калгаснікаў не было вельмі заможным, але і бедным яго не назавеш. І ў горы і ў радасці аднавяскоўцы былі разам.
“Народ у вёсцы працавіты,
Паміж сабой радством спавіты.
У цэнтры вёскі Кулажэнкі,
Сям’я насупраць – Гаўрыленкі,
А побач Лебедзеў Іван,
За ім Максімаў сын – Раман.
А там далей пайшлі даміны
Бычковых Сашкі і Усціна.
Яшчэ ледзь крышачку далей
Зайцоў прыладзіўся Андрэй.
Над рэчкай домік-пяцісценка,
Там збудаваўся Есіпенка.”
У Косалі працавала пачатковая школа, доўгія гады якую ўзначальваў Георгій Васільевіч Цыкуненка. Разам з ім працавала настаўніцай Таццяна Мікалаеўна Залесская.
Паспяхова спраўляўся са сваімі абавязкамі сельскі магазін. Яшчэ перад вайной калгаснікі пабудавалі клуб. Тут жа размяшчалася і кантора калгаса.
С цягам часу у Косалі замест калгаса была арганізавана асобная брыгада ў складзе саўгаса “Зара камунізма” (Акцяброва).
Трыццаць год таму, пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, радыеактыўнае воблака накрыла разам з другімі вёскамі і Косаль. Людзі былі адселены ў чыстую зону, хаты і гаспадарчыя пабудовы захаранілі пры дапамозе спецыяльнай тэхнікі. Але вёска засталася жыць ва ўспамінах былых сваіх жыхароў.
Васіль Баранаў

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"