ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ КАРМЯНШЧЫНЫ: У ПЫТАННЯХ І АДКАЗАХ

673110Сялянскія сядзібы

На сялянскі двор можна было патрапіць праз браму, вароты або калітку. У некаторых дварах замест каліткі ладзілі пералаз. Яго рабілі яшчэ і таму, каб можна было трапіць у палісаднік альбо агарод, які быў каля хаты. Падворак аддзяляўся ад агароду плотам. Ім жа адзялялася таксама адна сядзіба ад другой. Не кожны цяпер зможа ўзгадаць, якія былі платы. Гэта пляцень, паркан, жэрдачнік, штакетнік, дашчатнік і каменны плот.
На чыстым падворку на некаторых сядзібах можна было ўбачыць калодзеж (студню). У ранейшыя часы яго рабілі з дубовых дыляў квадратнай формы, а толькі ў ХХ ст. сталі выкарыстоўваць бетонныя кольцы. Каб дастаць ваду з калодзежу, выкарыстоўвалі драўлянае (з клёпак) вядро і журавель. Толькі ў ХХ ст. прыйшлі металічнае вядро і калаўрот (корба). Непадалёк ад студні з нахілам у дзяннік ставілі жолаб, і частка яго была ў дзянніку. Спачатку ваду налівалі ў жолаб, затым яна паступала ў дзяннік.
У ХІХ ст. звычайна хаты крыліся саломаю, у збудаванняў на страсе не было комінаў. У такіх курных хатах была курная печ. Яна не мела коміну і была глінабітнай. Дым ад такой печы, выходзіў у адтуліну (верхнік) у столі. Калі не палілі ў печы, то верхнік закрывалі цурбаном. У такой хаце была падлога звычайна земляная альбо глінабітная і высокая паўкруглая скляпеністая столь. Каб запаліць у печы, выкарыстоўвалі крэсіва, крэмень ці губкі (бо не было запалак). Курная печ рабілася з гліны на слупавой ці зрубнай аснове. Часта ў падпечку трымалі курэй. У верхняй частцы быў загнет (прыпечак), пакрыты глінай. На ім часова ставілі гаршкі. Збоку была ямачка, куды саграбалі частку гарачага вуголля. На слупавай аснове каля вугла печы, звернутага ўнутр памяшкання, знаходзіўся абрадавы слупок, дзе спраўляліся абярэгі, заклінанні, замовы ад хвароб, ад дурнога вока і г. д.
У хату можна было зайсці праз сенцы, а калі іх не было, праз дзверы, але яны былі звычайна ніжэйшыя, чым сучасныя (памеры прыкладна такія: 1,5:1 м.). Ці задумваліся, шаноўчыя чытачы, чаму? Напэўна, каб, заходзячы ў хату, пакланіцца ёй і яе насельнікам. Дзверы паварочваліся ў драўляных гнёздах (звычайна казалі, «на бегунах»). Некаторыя гаспадары ў больш пазнейшы час рабілі замест адтуліны ў сцяне двое дзвярэй, якія зачынялі хату з сенцаў. Калі печ тапілася па-чорнаму, дык асноўныя дзверы з сяней адчыняліся поўнасцю, а другія – карацейшыя – не адчыняліся. І праз іх верхнюю частку дым выходзіў у сенцы.
Каля печы, справа ад дзвярэй, – качарэжнік, у ім стаялі рагач (вілкі), чапяла, кавеня (драўляная качарга), мятла (венік). Курныя хаты былі распаўсюджаны ажно да пачатку ХХ ст. А ў лазнях, асецях і еўнях да нашых часоў захавалася печ-каменка, якая папярэднічала глінабітнай. У канцы ХІХ ст. у печы з’явіліся металічныя дзверцы. У другой палове ХХ ст. некаторыя гаспадары запрашалі печніка, які збоку печы рабіў яшчэ і пліту з двума чыгуннымі кругамі. У курных хатах не было шкла ў вокнах. Ставілі два ці тры валакавыя вакенцы, якія прыкрываліся дошчычкай. І замест шкла ў іх нацягвалі высушаны свінны пухір. У хаце з аднаго боку каля дзвярэй была печ, а з другога – мыцельнік, дзе стаяла кадушка з вадой і карцом-конаўкай. Пазней – вядро з вадой і кубкам. На сцяне каля дзвярэй была замацавана гратва (гратаўка) для захоўвання посуду. Гэты кут называўся бабін кут.
У хату селяніна можна было зайсці праз сені. Падыходзім да дзвярэй, што вядуць у сенцы. Яны зачынены, але ўдзень не замкнуты. Нанач дзверы замыкаліся на засаўку. Але раней наогул амаль не замыкаліся. Нават калі гаспадар надоўга ішоў у сяло. Тады на прабой накладвалі клямку і запіралі яго драўлянай палачкай. Калі наведвальнік бачыў такую палачку, то мусіў пачакаць. Толькі калі гаспадары з’язджалі надоўга і далёка, то хату замыкалі на замок.

Падрыхтаваў Валерый Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"