Падзяліся ўспамінамі: Косальскі Прудок

xxxixЗ моманту аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі 26 красавіка спаўняецца трыццаць год. Усе мы ведаем, што Кормянскі раён пацярпеў ад яе наступстваў. У 90-я гады мінулага веку 29 сельскіх населеных пунктаў перасталі існаваць у выніку радыяцыйнага забруджвання тэрыторыі і немагчымасці на ёй жыць. Але наперакор усяму раён існуе і стабільна развіваецца.
Напярэдадні памятнай даты мы прапануем рубрыку “Падзяліся ўспамінамі”. Паважаныя чытачы! Дасылайце ў рэдакцыю свае расказы з гісторыі адселеных вёсак, магчыма, цікавыя фотаздымкі. Матэрыялы адпраўляйце на адрас: г.п. Карма, вул. Рабочая, 9, ці па электроннай пошце zaranadsozam@tut.by.
А сёння пачынаем друкаваць лісты былога настаўніка Акцяброўскай школы Васіля Уладзіміравіча Баранава.

 

Імкліва і бурна бяжыць час. Шмат падзей адбылося за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Сярод іх і тэхнагенная катастрофа XX стагоддзя – аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Яна прывяла да таго, што некаторыя населеныя пункты перасталі існаваць з-за адсялення. Вось і ў Кармянскім раёне, у паўночнай яго частцы зніклі вёскі: Лабыроўка, Салабута, Міхееўка, Хляўно, Залатаміно, Косальскі Прудок, Косаль, Курганне, Забалацкае, Рудня і іншыя. На месцы многіх з іх ужо нічога не засталося, толькі ўспаміны у сэрцы былых жыхароў.
Мой расказ аб вёсках, якія размяшчаліся ўздоўж рэчкі Касалянка. Але спачатку, некалькі слоў аб гэтай цудоўнай рачулцы. Касалянка – поўнаводная імклівая рэчка з празрыстай крынічнай вадой. Яна ніколі не перасыхае, бо падпітваецца ад крынічных ключоў. Тут водзіцца шмат рыбы розных відаў, а таксама ракаў. Абапал па берагах раскінуўся луг з сенакоснымі ўгоддзямі. Менавіта такой Касалянка засталася у маёй памяці.
А першая вёска на яе беразе на граніцы з Слаўгарадскім раёнам – Косальскі Прудок. Некалі тут налічвалася каля паўсотні двароў. Найбольш яркія ўспаміны пра людзей. Пераважаючымі прозвішчамі былі: Корневы, Турбікавы, Шаруевы, Берднікавы, Попелевы.
Уладзімір Ануфрыевіч Корнеў часта расказваў пра падзеі ў Петраградзе, удзельнікам якіх быў ён сам. Уладзімір Ануфрыевіч быў частым госцем у вучняў Акцяброўскай і Руднянскай школ. Ён з’яўляўся ганаровым піянерам піянерскіх арганізацый гэтых устаноў адукацыі.
Восіп Захаравіч Берднікаў у свой час – камандзір аднаго з падраздзяленняў Чырвонай Арміі. Пасля вызвалення Кармяншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працаваў ваенруком і настаўнікам фізкультуры ў Руднянскай сямігадовай школе.
Тут жа пражываў з сям’ёй удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Савельевіч Шаруеў, загадчык і настаўнік Залатамінскай пачатковай школы, а пазней Косальскай. Ён вельмі любіў сваю вёску, яе наваколле і Касалянку.
У Косальскім Прудку існавала некалі пачатковая школа. Настаўніцай у ёй працавала ўсё сваё жыццё Анна Міхайлаўна Турбікава (Корнева). Юрый Аляксандравіч Турбікаў некалькі разоў выбіраўся дэпутатам Акцяброўскага сельскага Савета і старшынёй сельвыканкама.
У вёсцы быў арганізаваны калгас “Чырвоны кастрычнік”. А яшчэ ў 30-я гады працаваў тут рачны млын. Гаспадарамі яго былі браты Попелевы Кірыла і Лявон, якія пазней былі раскулачаны. Млын прыйшоў у непрыгоднасць, мост і дамба таксама былі разбураныя.
Дзяцінства яркая палоска,
Жыцця ўтульнага куток.
Бывай, раднюсенькая вёска,
Наш родны, Косальскі Прудок!
Васіль Баранаў
10.03. 2016 г.

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"