Нарысы гісторыі Кармяншчыны. Веска Высокая

 DSC_0229Вёска Высокая

Вёска Высокая размешчана ў 8 км на поўдзень ад Кармы. Побач – аўтадарога Карма – Чачэрск. Вёска знаходзіцца на рацэ Добрыч (прыток ракі Сож); на ўсходзе – меліяратыўныя каналы, злучаныя з рэчкай Добрыч.
Планіроўка вёскі ўяўляе сабой доўгую мерыдыяльную вуліцу, паралельна з якой праходзіць меньшая па памерах вуліца, злучаная з галоўнай двума завулкамі. Забудова пераважна драўляная, двухбаковая, прысядзібнага тыпу.
Афіцыйная гісторыя вёскі Высокая бярэ свой пачатак з 1924 г. Але яе сучасныя жыхары з’яўляюцца нашчадкамі перасяленцаў з вёскі Вярхі, якая была размешчана на правым беразе возера, на адлегласці 1,5 км ад ракі Сож. У той час гэта была Рассохская воласць Рагачоўскага ўезду Магілёўскай губерні. Вёска Вярхі знаходзілася як бы на паўвостраве, акружаным вадой з трох бакоў. Толькі з захаду быў выхад да карэннага берага, але ён пралягаў ўздоўж гнілога тарфянога балота. Берагі гэтага балота былі пакрыты амаль непралазнымі зараснікамі. Сама назва вёскі, хутчэй за ўсё, паходзіць ад яе размяшчэння на невялікім узвышшы ў пойме ракі.
DSC_0223У тыя часы ўся мясцовасць была густа пакрыта змешаным лесам, дзе вадзілася мноства дзічыны. Сяляне традыцыйна трымалі хатнюю гаспадарку: кароў, коней, авечак, коз, качак, гусей, курэй.
Устанавіць дакладна час узнікнення вёскі немагчыма. Але, хутчэй за ўсё, яна існавала ўжо ў ХVІІІ ст. (Пра Вярхі ў складзе Чачэрскага староства мы пісалі раней). У 1967 годзе 104-гадовы Дзмітрый Трафімавіч Жлоба успамінаў, што яго прадзед жыў у Вярхах. Відавочна, што жыхары Вярхоў маюць генетычную сувязь з жыхарамі Ворнаўкі, якая ўпершыню ў летапісных крыніцах успамінаецца каля 1726 года.
Згодна з рэвізіяй 1859 года Вярхі знаходзіліся ва ўладаннях памешчыцы Ю. З. Казарынавай. У дарэвалюцыйны час тут налічвалася 75 двароў. У сярэднім на двор прыходзілася 1,5-2,5 дзесяціны зямлі. У абшчынным надзеле 66 дзесяцін належыла царкве. Жыхары займаліся ў асноўным земляробствам і жывёлагадоўляй. Апрацоўвалі панскую зямлю (з траццяка) або хадзілі на «заробкі» да памешчыкаў Дзерналовіча, Грамыкі, Бурдакова.
Адным з важнейшых адхожых промыслаў было плытагонства. Сплаўлялі лес у Гомель і Кіеў. Важнае месца займала рыбная лоўля.
Быў у вёсцы ветраны млын, які належыў Сцяпану Стэфанавічу Паплаўскаму. Яго называюць «палякам», але, хутчэй за ўсё, гэта быў беларус каталіцкай веры.
Усе прылады працы і інвентар выраблялі амаль выключна з дрэва. Першы металічны плуг з’явіўся ў 1916г. Самаробнай была і ўся вопратка – са льну або воўны. Лапці плялі з лута (ліпавай кары) або лазы. Крыху багацейшыя насілі лапці з пянькі.
Падаўляючая большасць жыхароў вёскі былі непісьменнымі. Некаторыя заможныя сем’і маглі адпраўляць сваіх дзяцей ў царкоўна-прыхадскую школу ў в. Ворнаўка.
Медыцынскае абслугоўванне тады цалкам адсутнічала. Затое многа было шаптух і знахараў.
Усе неабходныя тавары набываліся ў карчме, якую трымаў у сябе на даму скупшчык. Там набывалі запалкі, соль, пазней – газу, але яна была даступнай для малага кола людзей, таму дамы у асноўным асвятляліся лучынай.
У доўгія зімовыя вечары моладзь збіралася на вячоркі – на «хвацеру». Так называлі хату, якую моладзь наймала для гуляння і для працы. На вячорках пры лучыне дзеўкі пралі, вязалі і вышывалі. Хлопцы гулялі ў карты, расказвалі розныя небыліцы. Старажыл з вёскі Вярхі Сцяпан Ільіч Жлоба расказваў: «У бацькі было 13 душ сям’і. На ўсіх 2,5 дзесяціны зямлі. Яна была раскідана палоскамі ў некалькіх месцах. Жылі бедна. Хлеба не хапала. Бацька ўсё жыццё быў пастухом, а сям’я ўсё роўна галадала. Пра школу не прыходзілася і думаць, нават лапцей з лыка не было. У 19 гадоў пайшоў на свой хлеб, у заробкі».
У 1918 годзе рота чырвонаармейцаў устанавіла ў сяле савецкую ўладу. Землекарыстанне да 1924 г. заставалася ранейшым, потым пачалося землеўпарадкаванне. Так заканчваецца гісторыя вёскі Вярхі. Паступова жыхары перасяліліся бліжэй да новых надзелаў зямлі. Утварыліся новыя вёскі – Высокае, Красны, Каўказ, хутар Раманькі.
У пасёлак Высокае перасяліліся 50 сямей, у Красны – 60, гэта ў асноўным жыхары Ворнаўкі і Лядцаў. У пасёлак Каўказ перабраліся 8 двароў, на хутар Раманькі – 3.
Пасёлак Высокае атрымаў назву ад месцазнаходжання, пасёлак Красны – ад улады Саветаў, Каўказ – ад урочышча Каўзелі, ад аднайменнага ўрочышча атрымаў назву пасёлак Раманькі. Да 1929 года ні ў адным пасёлку не было калодзежаў, людзі карысталіся вадой з ракі Добрыч.
У 1929 годзе пачалася калектывізацыя. Першымі калгаснікамі сталі Пётр Мітрафанавіч Еўдакімаў, Антон Ільіч Паплаўскі, Рыгор Цімафеевіч Караткевіч, Фрол Пятровіч Несцяровіч, Язэп Жлоба. Калгас назвалі «Чырвоная зорка», старшынёй быў выбраны Пётр Мітрафанавіч Еўдакімаў. Ён заставаўся на гэтай пасадзе да 1941 г. Потым ветэран Грамадзянскай вайны змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Калгаснае жыццё наладжвалася з вялікімі цяжкасцямі. Сяляне то ўступалі ў калгас, то выходзілі з яго. Рабілася ўсё тады рукамі. Ураджаі былі добрымі па тых часах: 12 цэнтнераў з гектара). Паступова жыццё палепшылася. Перад вайной у калгасе «Чырвоная зорка» было 930 га ворнай зямлі і 90 га сенакосу. Гэтыя плошчы апрацоўвалі тры паляводчыя брыгады. У 1935 г. на малочна-таварнай ферме налічвалася 30 галоў буйной рагатай жывёлы і 80 коней. У 1934 годзе з’явіўся першы трактар. У 1940 г. калгас набыў аўтамашыну, газа-генератарную. Ніякіх спецыялістаў тады не было. Адзін чалавек вёў бухгалтарскі ўлік. У 1935 г. у пасёлку Высокае была пабудавана пачатковая школа, у 1937 г. – калгасная кантора.
У пачатку жніўня 1941 г. наша мясцовасць была акупіравана германскімі войскамі. У хуткім часе на тэрыторыі раёна распаўсюдзіўся партызанскі рух, да якога далучыліся многія жыхары. У іх шэрагу былі: Яўген Фёдаравіч Паплаўскі, Міхаіл Іванавіч Паплаўскі, Ігнат Сямёнавіч Жлоба, Іван Ягоравіч Жлоба, Іван Іванавіч Несцяровіч, Іван Мікалаевіч Пінцэвіч і многія іншыя. Хто падлягаў мабілізацыі, з першых дзён трапілі на фронт. Многія з іх аддалі сваё жыццё за Радзіму.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскім змаганні загінулі 62 жыхары, у памяць аб іх у цэнтры вёскі ў 1975 годзе ўсталяваны помнік. У 1962 годзе да вёскі далучаны пасёлак Красны, які быў цэнтрам калгасу «Рассвет», а затым калгас далучылі да гаспадаркі КСУП «Саўгас «Кармянскі». У вёсцы быў клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі.
У 1959 г. насельніцтва складала 207 жыхароў (згодна з перапісам), а ўжо ў 2004 г. – 347 жыхароў і 127 гаспадарак.
У 2015 г. вёска была газіфікавана.
Жыхары вёскі Высокая жывуць дружна і з надзеяй глядзяць у будучае.

Сялянская сядзіба. к. 19 - п. ХХ ст.У старадаўняй  сялянскай хаце

Паважаныя чытачы, сёння мы зноў заходзім у старадаўнюю сялянскую хату: націскаем на язычок металічнай клямкі, а калі яе няма – паварочваем круцёлку ў шуле на 90 градусаў. Дзверы адчыняюцца. Але тут могуць быць яшчэ невялічкія варотцы з планак (прыкладна 1м вышынёй), якія робяцца, каб з сенцаў ў святліцу не трапілі куры. З сенцаў яшчэ адны дзверы вядуць на агарод. 

У даўніх хатах звычайна падлога была альбо земляная, альбо глінабітная (на ўтрамбаваную зямлю клалі і трамбавалі слой гліны). Толькі ў ХХ ст. сталі класці дошкі, а яшчэ пазней – іх фарбаваць, ды і тое больш заможныя сяляне.
Зайшлі ў святліцу (жылы пакой), пачынаем рухацца ад печы, па дыяганалі ад якой знаходзіцца Чырвоны кут (пра які мы ўжо распавядалі).
Цікава, што нашы малапісьменныя продкі сяляне-цесляры, якія імшылі хату, добра арыентаваліся па сонцы. Вокны каля покуці абавязкова выходзілі на поўдзень і на ўсход, а печ знаходзілася ў кутку, які ўтвараюць захад і поўнач. Покуць тут сімвалічна атаясамлівалася з храмам, стол – з алтаром.
Пад столлю ўздоўж сцен былі грады – два паралельныя нятоўстыя бервяны, замацаваныя канцамі ў сцяне. На іх ляжалі кудзелі, маткі нітак, лыка для лапцей, аўчына, лучына і іншае. Посуд захоўваўся ў адмысловых гратаўках і на паліцах, лыжкі – у лыжачніку (дошчычцы з проразямі, якая прымацоўвалася да сцяны).
Дзе ж спалі? Сем’і раней жылі ў хаце вялікія, па 10 і болей чалавек. Іх размясціць было даволі цяжка. Спалі на масту, палацях, лаўках і печы. На вышыні ў аршын ад падлогі рабілі пол з некалькіх дошак ад печы да тарцавой сцяны, вышэй – палаці з дошак, дзе спалі дарослыя і дзеці. Старыя звычайна спалі на печы. Падвешвалі калыску. І толькі ў ХХ ст. сталі паступова з’яўляцца драўляныя ложкі.
Да ХХ ст. прадметаў мэблі было вельмі мала, ды і то яны былі самаробныя: стол, лавы, услон, услончык, гратаўка, кубел, пазней – куфар, сундук. І толькі ў другой палове ХХ ст. з’явіліся драўляныя шафы, а пазней сталі набываць фабрычную мэблю.
Хата асвятлялася лучынай, якая замацоўвалася ў светачы, альбо лучніку (“дзед”), з ХХ ст. з’явіўся каганец – посуд з алеем і кнотам, пазней – керасінка. І толькі з 60-х гг. пачалося масавае правядзенне электрычнасці ў вясковай мясцовасці.
У зімовы час хата ператваралася ў рамесную майстэрню. Пад народныя спевы жанчыны пралі, а вясной ткалі кросны, шылі адзенне. Мужчыны пасля малацьбы на таку ўвечары пры святле ад лучыны рабілі лыжкі і драўляны посуд, плялі лапці і кошыкі.
Перад вялікімі гадавымі святамі хату ўпрыгожвалі, як маглі, а лавы, услон і сцены мылі. Шпалеры были толькі ў заможных. Іх сталі вырабляць з ХVІІІ ст. Тое ж і з дыванамі (рус. «с коврами»). З першай паловы ХХ ст. асаблівую папулярнасць набылі дываны, намаляваныя на тканіне.
Як бачым, у старадаўняй вясковай хаце быў вельмі самабытны ўклад жыцця.

Наш каляндар. Май.

111 год таму, 1 мая 1905 г. – па ініцыятыве кармянскіх сацыял-дэмакратаў у зенькавіцкім лесе праведзены мітынг жыхароў Кармы, у якім удзельнічалі прадстаўнікі Гомеля і Чачэршчыны. Усяго ў ім прынялі удзел каля 200 чалавек.
98 год таму, 9 мая 1918 г. – у в. Кучын нарадзіўся будучы Герой Савецкага Саюза Аляксандр Андрэевіч Філімонаў. Камандзір танкавага ўзводу, роты. Вызначыўся ў баях на тэрыторыі Германіі пры фарсіраванні р. Нэйсе (рота пад кіраўніцтвам А. Філімонава адбіла 10 контратак праціўніка, знішчыла 12 танкаў, 20 грузавых аўтамабіляў, каля 500 немцаў), прымаў удзел у вызваленні Прагі.
73 гады таму (май 1943 г.):
– прайшлі акцыі падпольшчыкаў Кармяншчыны з нагоды свята. Так, напрыклад, удзельнікі Струменьскай камсамольска-маладзёжнай падпольнай групы вывесілі на пажарнай званарні чырвоны сцяг (яго сшылі са спадніцы і на чырвоным фоне зубным парашком намалявалі серп, молат і зорку);
– на базе групы В. Паўлава быў створаны 266-ты партызанскі атрад імя М. В. Фрунзе. На час злучэння з часцямі Чырвонай Арміі налічваў 317 партызан;
– на базе групы Іванова (каля 30 чалавек), якая прыбыла з Магілёўшчыны, утвораны атрад імя В. І. Чапаева;
– пры ўдзеле кармянскіх партызан былі разгромлены гарнізоны немцаў у Бабруйску, Гомелі, Чачэрску, Рагачове;
– у кармянскае засажэўе перадыслакавалася 10-я Журавіцкая брыгада генерал-маёра І. М.Дзікана;
– партызанамі атрада імя К. Я. Варашылава 1-ай Гомельскай брыгады знішчаны два масты, тры паромныя пераправы, 2 валасныя ўправы, (паводле партызанскай зводкі).
71 год таму – 9 мая 1945 года – скончылася Вялікая Айчынная вайна. Свята Дзень Перамогі.

Падрыхтаваў В. Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"