Малака ў дастатку – і мы ў парадку!

IMG_0063З надыходам цяпла зноў прадоўжыўся агляд-конкурс “Парад кірмашовых свят”. У мінулую нядзелю мы наведалі Хізаўскі сельскі Дом культуры, дзе прайшло свята малака. І сапраўды, чаму б мясцовым жыхарам не ганарыцца гэтым прадуктам? Мала таго, што на тэрыторыі вёскі размешчана малочна-таварная ферма “Хізаў” КСУП “Саўгас “Багданавічы”, дзе займаюцца вытворчасцю малака, дык і ў саміх жыхароў ва ўласных гаспадарках ёсць каровы.
Каля Дома культуры на невялікай пляцоўцы ужо з самага рання пачалі збірацца людзі: мужчыны і жанчыны, дзеці, пенсіянеры. Тут іх чакалі сталы з прысмакамі, прыгатаванымі рукамі супрацоўнікаў установы культуры, а размаляваныя вяселыя скамарохі запрашалі народ на мерапрыемства.
Пачалося свята невялікай гумарэскай пра тое, як дзед малако са смятанай прадаваў, ды так разрэкламаваў сваю прадукцыю, што зразумеў: такая карысць не пашкодзіць і самому. Затым вядучыя правялі пару конкурсаў сярод гледачоў. У першым дзве каманды з набору літар складалі словы, а ў другім двое сапернікаў – мужчына і жанчына у поўнай “амуніцыі (хустка і халат) – даілі “карову”. Усё гэта суправаджалася вясёлымі жартамі, падказкамі, каментарыямі, ад якіх смяяліся і дояры, і балельшчыкі.
Потым артысты забаўлялі народ вясёлымі прыпеўкамі і песнямі. Прыемным працягам свята сталі пачастункі: скамарохі прапаноўвалі пакаштаваць розныя стравы, прыгатаваныя з малочных прадуктаў, а таксама блінцы, піражкі і пірагі, пячэнне, пампушкі, рулеты і многае іншае. Так людзі маглі пераканацца ў якасці і паспрабаваць на смак малако з Хізава, ды яшчэ ацаніць кулінарнае майстэрства мясцовых гаспадынь.
Падмацаваўшысь і набраў-шыся сілы, прысутныя прынялі ўдзел у аўкцыёне. Бойкая кабета з вялікім малатком прадавала лоты. Тавар карыстаўся попытам: жанчыны з натоўпу адна адной перабівалі стаўкі, павышалі кошт і, нарэшце, атрымлівалі сваё.
Святам малака засталіся задаволены ўсе. Добрым фіналам сустрэчы стала выступленне народнага калектыва “Луца” Акцяброўскага цэнтра фальклору.
Хізаў добра прыняў нас на свяце малака, а да наступнага мерапрыемства рыхтуецца клубная установа вёскі Кароцькі. Там тэмай дня будзе рыба, культура яе гатавання і ужывання. Што ж, будзем чакаць сустрэчы з нецярпеннем!
Таццяна Кулакова
Фота аўтара

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"