Нашы вёскі: Паштовая Глінка

42325562Адна з самых прыгожых вёсах ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці, якая уваходзіць у склад Ліцвінавіцкага сельсавета. Яна знаходзіцца ў 23 кіламет-рах на паўночны ўсход ад Кармы, у 82 км ад чыгуначнай станцыі і ў 137 км ад Гомеля. Адкуль жа ўзнікла такая цікавая назва Паштовая Глінка? Вёска вядома яшчэ з 1708 года, калі конніца Пятра І на гэтым месцы захапіла абоз шведаў. Хутчэй за ўсё назва пайшла ад паштовага тракту, пазней гэта дарога перайменавана ў Кацярынінскі тракт. Вёска складаецца з амаль прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і забудаванай двухбакова драўлянымі сялянскімі сядзібамі. Паштовая Глінка прытулілася ля самага лесу. На фоне бяроз кідаюцца ў вочы пачырванелыя асіны і сосны. Насельніцтва тут невялікае, але ўсе людзі добрыя і адкрытыя. У 1859 годзе, паводле перапісу насельніцтва, налічвалася 189 жыхароў, а ў 2004 – 25 жыхароў.
Непадалёк – самая важная і галоўная славутасць гэтай вёскі – рака Сож (прыток ракі Дняпро). Прыгожа на рэчцы ў любую пару года. Зімой вецер-свавольнік замятае снегам берагі, утвараючы казачныя сумёты-палацы. Летам у люстэрка вады ўглядаюцца высокія прыгожыя вольхі і кучаравыя вербы, што растуць па беразе. А як прыемна пасядзець з вудачкай ля рэчкі летнім ранкам, сустрэць усход сонца, паслухаць прывітальную песню жаўрука. Відавы склад рыбы такі ж, як і ў Дняпры. Водзіцца шчупак, акунь, судак, жэрах, сом і г.д. Вакол цішыня. Калі-нікалі парушаюць яе галасы птушак.
Вёска Паштовая Глінка, бадай, адно з самых ціхіх і ўтульных мястэчак не толькі раёна, але і ўсёй вобласці. Тут сапраўды можна адпачыць ад гарадской мітусні, прыйсці на бераг ракі і памарыць пра што-небудзь добрае.
Прыязджайце адпачыць! Вам тут вельмі спадабаецца.
Анастасія Шмаянкова,
студэнтка 3 курса
філалагічнага факультэта

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"