Вечна жыві і квітней, Беларусь!

IMG_0503Гэтыя словы з Дзяржаўнага Гімна хочацца паўтараць заўсёды, асабліва ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які святкуецца 3 ліпеня. Бягучы год стаў для галоўнага свята нашай краіны дваццаць пятым. Менавіта столькі мы жывем у незалежнай Беларусі.

Нялёгкімі былі гэтыя гады. Пасля развалу Савецкага Саюза было цяжка налажваць народную гаспадарку, вытворчасць. Вядома, 15 рэспублік СССР цесна звязвала паміж сабой эканоміка. Часта было так, што адзін з вузлоў ці агрэгатаў ствараецца ў адной рэспубліцы, а зборка механізма або станкоў ці машын – у другой. Але паступова наша краіна пачала выходзіць з прарыву: наладжваліся сувязі, вытворчасць, узраджалася сельская гаспадарка. Зараз Беларусь займае пачэснае месца сярод еўрапейскіх краін. Але вернемся да святкавання Дня Незалежнасці.
Ва ўсіх раённых, абласных цэнтрах, гарадах прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму дню. Грандыёзны парад адбыўся ў сталіцы нашай радзімы – горадзе-герое Мінску. Парад прымаў і выступіў з урачыстай прамовай Галоўнакамандуючы, Презідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Карма ў дзень нараджэння незалежнай Беларусі была асабліва святочнай – расквечана рознакаляровымі сцяжкамі, траспарантамі, расцяжкамі. На цэнтральную плошчу раённага цэнтра а дзясятай гадзіне раніцы сталі збірацца жыхары і госці горада, прадстаўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў Кармяншчыны. Прыйшлі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Васіль Рыгоравіч Прытычанка і Іван Філімонавіч Мельнікаў, а таксама кіраўніцтва раёна – старшыня райвыканкама Аляксей Ясонаў, старшыня райсавета дэпутатаў Таццяна Шэхцер, намеснікі, кіраўнікі аддзелаў, упраўленняў райвыканкама.
Вядучыя першай часткі святочных мерапрыемстваў Галіна Кулікова і Іван Ігнаценка абвясцілі пачатак. На плошчу выйшлі дзеці розных узростаў, выкаціліся ролеры, веласіпедысты, увайшлі спартсмены-сцяганосцы. Перад імправізаванай трыбунай райвыканкама прайшлі калоны працоўных раёна: сілавікі (супрацоўнікі РАУС, РАНС, раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь), медыкі, педагогі, камунальнікі, работнікі гандлю і грамадскага харчавання, культуры, лёгкай прамысловасці, льнаводы і перапрацоўшчыкі льну. Кульмінацыяй стала разгортванне вялікага Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь. Гонар выканаць гэтую пачэсную справу быў давераны лепшым вучням раёна, якія і ўзначалілі шэсце працоўных. Усе прайшлі па цэнтральнай вуліцы Кармы ў напрамку плошчы Свабоды да помніка, каб прыняць удзел у мітынгу. Каардыніравала ўвесь працэс метадыст цэнтра культуры і вольнага часу Вольга Захарэнка.
Вядучыя другой часткі свята Святлана Барысенка і Мікалай Вышнякоў абвяшчаюць аб адкрыцці мітынгу. Гучыць Дзяржаўны Гімн Рэспублікі Беларусь. З урачыстым зваротам да прысутных звярнуўся старшыня Кармянскага райвыканкама Аляксей Ясонаў.
Затым слова было прадастаўлена дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіславу Шчэпаву.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Рыгоравіч Прытычанка расказаў аб вёрстах вайны, аб паважаных адносінах да беларусаў, пра тое, што ўсімі сіламі неабходна мацаваць сярод моладзі патрыятычнае выхаванне, аб неабходнасці цеснага супрацоўніцтва з брацкім народам Расіі.
Да пастамента помніка ўскладаюцца вянкі і кветкі ад удзячных нашчадкаў.
Ад імя моладзі выступіла настаўніца пачатковых класаў СШ №1 Анжэла Дзергачова.
Трэцяя частка ўрачыстых мерапрыемстваў прайшла ў скверы адпачынку, дзе развярнулася галоўная канцэртная пляцоўка, а таксама алея майстроў. На ёй былі прадстаўлены розныя прысмакі, выпечка, вырабленыя майстрамі устаноў культуры. Тут жа размяшчаліся стэнды і сталы з шэдэўрамі рамяства. Усё гэта, а таксама мёд і прадукты пчалярства можна было набыць, пакаштаваць. Крыху далей жадаючыя траплялі ў казку, ўдзельнічалі у розных віктарынах, конкурсах, гульнях, наведвалі выставу жывапісу, знаёміліся з кнігамі бібліятэк. Захапляльнымі былі іправізаваныя гонкі на хуткасць вінаградных улітак. Захапіла выстава фатаграфій ад БРСМ. Своеасаблівымі былі стэнды ад аб’яднання прафсаюзаў, грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Высока ў небе праляталі мотадэльтапланы са сцягамі, скідвалі віншавальныя лістоўкі.
У канцэртнай праграме прынялі ўдзел народны ансамбль песні і музыкі «Спадчына», народны вакальны калектыў “Славянская душа”, народны фальклорны калектыў “Луца” Акцяброўскага цэнтра фальклору, Соф’я Старавойтава. Дарэчы, «Славянская душа» закрывала канцэртную праграму песняй «Мая краіна – Беларусь мая». Гэтай песняй нашаму праслаўленаму калектыву было даверана адкрыць абласны канцэрт, які праходзіў напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у г. Гомель, грамадска-культурным цэнтры.
Нашу канцэртную праграму вяла Вольга Сафроненка. Рэжысёр і сцэнарыст – Галіна Кулікова.
Завяршыўся святочны дзень народным гуляннем на плошчы, акцыяй «Спяём гімн разам» і салютам.
Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара і
М. Багдановіча

Больше фото — в нашей фотагалерее

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"