Возера і рака – шчасце для рыбака

день рыбыУ нашым раёне працягваецца агляд-конкурс “Парад кірмашовых свят”. У мінулую нядзелю у яго рамках у вёсцы Кароцькі прайшло свята рыбы. Ля цэнтра культуры і вольнага часу, нягледзячы на спёку, сабралася нямала народу: пенсіянеры, маладыя кабеты, дзеці і, зразумела, рыбакі-любіцелі. Вядучая мерапрыемства – дырэктар установы культуры Людміла Багдановіч, рассказала прысутным легенду пахождання людзей ад чалавека-амфібіі, а потым прапанавала гледачам праверыць свае сілы у інтэлектуальных віктарынах паводле вядомых літаратурных твораў і казак пра рыбу і рыбалку, а затым у конкурсах. Удзельнікам давялося лавіць рыбу імправізаванай вудай, паказваць спрыт і каардынацыю. Усе яны атрымалі не толькі станоўчыя эмоцыі, але і падарункі.
Працягам мерапрыемства стала гумарэска “На рыбалцы” ў выкананні мясцовых артыстаў. З яе прысутныя даведаліся, што жанчына на рыбалцы – гэта не толькі дрэнная прымета, але і вяселае відовішча.
Самай прыемнай часткай стала запрашэнне Васіля і Васілісы на падвор’е. Гаспадыня накрыла багаты стол. Чаго толькі на ім не было: рыба смажаная, салёная, вэнджаная, фаршыраваная, а яшчэ разнастайныя салаты, рулеты, бутэрброды, галоўным інгрэдыентам у якіх была рыба. Гаспадар жа ў сваю чаргу расказаў цікавыя прыкметы пра рыбалку і даваў добрыя парады рыбакам.
Настрой прысутным паднімаў фальклорны калектыў “Світанак”, музыка гучала яшчэ доўга пасля заканчэння мерапрыемства. Сустрэча ў Кароцьках удалася, а наступны раз мы распавядзем пра свята зёлак і чаю, якое пройдзе ў Баравабудскім сельскім Доме культуры.
Таццяна Кулакова

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"