Настаўнікі Кармяншчыны

IMG_20160826_104538_39Першага верасня ўся грамадскасць Беларусі будзе адзначаць свята Дзень ведаў – пачатак новага навучальнага года. Цёплай восеньскай раніцай вучні збяруцца на ўрачыстыя лінейкі ў сваіх школах. Там іх павіншуюць кіраўнікі школ, настаўнікі, бацькі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Гэта вельмі хвалюючы і ўрачысты момант у жыцці вучнёўскіх і настаўніцкіх калектываў.
… Дзень добры, школа, педагогі,
У школу зноў вядуць дарогі.
Шагаюць вучні мерным крокам
Да родных класаў, да ўрокаў.
А вось і школа, педагогі,
Зямны паклон вам да падлогі!..
Напярэдадні свята не будзе лішнім азірнуцца назад, падвесці вынікі працы настаўнікаў, нагадаць імёны нашых землякоў, якія ўсё сваё жыццё ў пасляваенны перыяд прысвяцілі справе навучання і выхавання дзяцей у школах Кармянскага раёна.
У першую чаргу выкажу добрыя словы ў адрас патрыярха настаўніцтва Кармяншчыны, матэматыка, заслужанага настаўніка БССР Аляксандра Яўнайса. Гэта быў сціплы і працалюбівы педагог, які не меў іншага клопату, апроч выхавання падрастаючага пакалення. Да вучняў ён адносіўся з выключнай павагай і добразычлівасцю. Матэматыка – навука сур’ёзная, не ўсім давалася лёгка. Але Аляксандр Андрэевіч знаходзіў шляхі і метады, каб узброіць кожнага неабходным аб’ёмам матэматычных ведаў.
… Наград достоин наш учитель,
В нем нет зазнайства, суеты,
Детей к учебе вдохновитель,
Источник знаний, доброты…
Такой жа няўрымслівай да сваёй педагагічнай працы была яго дачка Валянціна Аляксандраўна, выкладчык фізікі. Яна займалася не толькі справай навучання і выхавання школьнікаў, але і доўгі час ўзначальвала раённы аддзел народнай асветы.
З Кармянскай сярэдняй школы вызначаўся сярод педагогаў настаўнік рускай мовы і літаратуры Ісак Касцючэнка. Ён дасканала ведаў свой прадмет. На ўроках па памяці чытаў вершы Някрасава, Пушкіна, Лермантава, вытрымкі з твораў Тургенева, Чэхава, Талстога і іншых. Настаўніку было што паведаць вучням, ён з лёгкасцю выклікаў захапленне і інтарэс да прадмета.
Міхаіл Якушэнка – дырэктар Кармянскай школы, гісторык, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Школьнікаў найбольш цікавілі ўрокі, звязаныя з эпізодамі баявых дзеянняў Чырвонай Арміі. Будынак школы быў цесны, узведзены яшчэ ў 1938 годзе. Колькасць насельніцтва ў раённым цэнтры расла. Таму ў Карме пабудавалі яшчэ дзве прасторныя новыя школы. Адну з іх узначальваў Васіль Прытычанка, настаўнік-прафесіянал. Да яго з вялікай павагай ставіліся не толькі вучні і калегі, але і бацькі. Гісторыя выкладалася Васілём Рыгоравічам вельмі цікава і займальна.
У Літвінавіцкай школе выдзяляліся такія настаўнікі, як Рыгор Ганжураў, Аляксандр Ладзік, Іван Якуш, Сцяпан Хадановіч, Міхаіл Ігнаценка. Гэтыя педагогі былі адначасова і класнымі кіраўнікамі. Яны па сваёй ініцыятыве арганізавалі для вучняў дадатковыя заняткі (без аплаты працы), дапамагалі глыбей пазнаць школьныя прадметы, папаўнялі веды школьнікаў, павышалі паспяховасць.
… «Мы благодарны педагогам, –
Ребята хором говорят.
Все вместе рады мы итогам
И эти чувства нас роднят»…
Доўгія гады дырэктарам Літвінавіцкай сярэдняй школы быў Пётр Сяргеенка. Ён многа займаўся гаспадарчымі справамі. Клапаціўся, каб школа была своечасова адрамантавана, падрыхтавана да новага навучальнага года, забяспечана палівам, нагляднымі дапаможнікамі. Вялікая ўвага ўдзялялася харчаванню дзяцей.
У Каменскай васьмігадовай школе дырэктарам працаваў Міхаіл Караткевіч. Аўтарытэтны педагог, як для вучнёўскага калектыва, так і для настаўнікаў.
Побач з ім самааддана працавалі ўлюбёныя ў сваю педагагічную дзейнасць Марыя Лявоненка, Раіса Курыленка, Лідзія Арахоўская.
Заслугоўваюць увагі і такія настаўнікі, якія шмат зрабілі ў свой час у развіцці народнай асветы ў раёне: Міхаіл Дзмітрыеў, Мікалай Кардымон, Іван Шанькаў, Самуіл Ваксман, Ульян Лугоўскі са Струменя, Уладзімір Мельнікаў з Задуб’я, Барыс Пладуноў з Хізава, Міхаіл Давыдзенка, Мікалай Кольчаў з Рудні і іншыя.
З настаўнікаў малодшых класаў педагагічным талентам выдзяляліся Наталля Шэпава з Вашчанак, Шура Шульга з Рудні, Сцепаніда Зайцава з Акцяброва.
… А как учительницы вы воистину от Бога,
Об этом все ученики ваши с любовью говорят.
Ведь вы открыли им широкую дорогу.
Они за это вас всю жизнь благодарят…
У Акцяброўскай школе трэба адзначыць настаўнікаў, з якімі мне давялося працаваць разам: Кузьма Клімаў, Людміла Палякова, Анатоль Герасіменка, Васіль і Наталля Захарэнкі, Іван і Людміла Лебедзевы, Аляксей Сцепаненка, Клаўдзія Захарэнка, Тамара Чмыхава. Я лічу, што калектыў працаваў мэтанакіравана, зладжана, з абавязкамі сваімі паспяхова спраўляўся.
У нас добра была наладжана работа з бацькамі. Рэгулярна праводзіліся бацькоўскія сходы, якія арганізоўваліся ў населеных пунктах, адкуль былі вучні. Стараліся не асоба выдзяляць адмоўныя моманты ў паводзінах і рысах характару нашых выхаванцаў перад бацькамі, імкнуліся развіваць усё тое станоўчае, што было ўласціва школьнікам.
Уся гэта мнагалікая гвардыя настаўнікаў вучыла грамаце і фарміравала светапогляд цэлага пакалення маладых людзей пасляваеннага часу ў Кармянскім раёне. Нам не сорамна за сваю працу. Ёсць чым ганарыцца.
В. Баранаў,
настаўнік Акцяброўскай школы, ветэран педагагічнай працы з 40-гадовым стажам

Фото из сети «Одноклассники»

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"