Абласны конкурс аўтаклубаў «Маршрут — далёкая вёска» адбыўся на Кармяншчыне

IMG_0055Так называлася абласное конкурснае мерапрыемства, якое праводзілася ў нашым раёне, а дакладней – у вёсцы Аляксандраўка Лужкоўскага сельсавета.
З раніцы на імправізаваную канцэртную пляцоўку, упрыгожаную рэквізітам, які нагадваў сельскае падвор’е, пачалі прыбываць аўтобусы з артыстамі 10 раёнаў Гомельшчыны. Крыху асвоіўшысь, пераапрануўшысь у канцэртныя касцюмы, госці ўдзельнікі аўтаклубаў пачалі рыхтавацца да выступленняў. Вядучая праграмы – метадыст Кармянскага цэнтра культуры і вольнага часу Вольга Захарэнка запрасіла да мікрафона старшыню Лужкоўскага сельвыканкама Юрыя Касцючэнку. У сваім звароце Юрый Уладзіміравіч павітаў гасцей і жыхароў вёскі, пажадаў перамогі і добрага настрою. Ацэньвала выступленні калектываў аўтаклубаў кампетэнтнае, прафесійнае журы, а гэта: старшыня журы, намеснік дырэктара ўстановы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» Іна Быхаўцова; галоўны спецыяліст аддзела культурна-асветніцкай работы упраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Артур Шнейдар; вядучы метадыст па культурна-досугавай дзейнасці ўстановы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» Таццяна Хахракова; вядучы метадыст па тэаральнаму мастацтву установы «Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці» Яўген Заруцкі.
Забягаючы ўперад, адзначу, што кожны з дзесяці калектываў – удзельнікаў конкурсу, пака-заў цікавую канцэртную і забаўляльную праграму, меў свой адметны каларыт.
Свята пачалося. Першымі з канцэртна-забаўляльнай праграмай «Жывіце доўга добрыя людзі» выступілі артысты Гомельскага аўтаклуба.
IMG_0079Веткаўскі аўтаклуб прадставіў тэатралізаваную гумарыстычную праграму «Сяброўкі-гаварушкі». Эх, і павесялілі яны публіку сваімі іскрамётнымі жартамі, спевамі, скокамі.
Добрушскі аўтаклуб падрых-таваў канцэртна-забаўляльную праграму «Нам гады не бяда».
З тэатралізавана-музычнай праграмай «Птушка шчасця» выступіў Светлагорскі аўта-клуб. Цікавая пастаноўка побыта беларускай вёскі пачатку 20 стагоддзя. Вельмі добра іграў самы маленькі ўдзельнік калектыву, нажаль, не ведаю яго імя.
Канцэртна-гульнёвую праг-раму «Летнія забавы» паказаў Жлобінскі аўтаклуб. Адзначу, што добра пастаўленыя, прыгожыя галасы артыстаў не пакінулі нікога раўнадушным.
Рэчыцкі аўтаклуб прывёз тэатралізаваную забаўляльную праграму «Талакой працуем, талакой адпачываем». Яго ўдзельнікі змаглі ігрышчамі, забавамі захапіць і гледачоў. Разам за артыстамі скакалі і ўдзельнічалі ў розных конкурсах жыхары вёсак Аляксандраўка і Лужок.
Канцэртна-гульнёвую праг-раму «Летні кірмашок» прад-ставіў аўтаклуб з Рагачова. Тут таксама былі гульні, конкурсы. А галоўнымі прызамі быў рагачоўскі брэнд – слоікі са згушчаным малаком.
Аўтаклуб з Хойнікаў прыехаў з канцэртна-гульнёвай праграмай «Дарога працяжнасцю ў жыццё».
«Дзве вясёлые кумы» – так называлася канцэртна-гульневая праграма, якую прадставіў аўтаклуб з Кармы, а дакладней, народны фальклорны калектыў «Луца» з Акцяброва. Адзначу, што наш самабытны калектыў, дзе б ён не выступаў, сустракаюць апладысментамі, а іх творчыя напрацоўкі выклікаюць непадробную зацікаўленасць. Адзначу асобна самую маленькую, незапланаваную ўдзельніцу нашага блока – Крысціну Асадчую.

IMG_016011111

Дзяўчынка прыехала ў вёску Аляксандраўка да бабулі з Гомеля. Яна сама папрасіла, каб ёй дазволілі расказаць вершык пра вайну. Выкананне было выдатным. Нават камяк падкаціў к горлу, калі яна расказвала, як выратоўвала свайго плюшавага мядзведзіка ад фашысцкага абстрэлу.
Добра сустракалі гледачы і нашых суседзяў – аўтаклуб з Меркулавічаў Чачэрскага раёна. Яго супрацоўнікі паказалі тэатралізаваны канцэрт «У госці да сяброў». Жарты, спевы, яскравыя гульні суправаджалі ўсю праграму чачаран.
Конкурсная праграма закончылася. Мы ж будзем чакаць рашэння журы. Вызначаць пераможцаў яно будзе у абласным цэнтры, абмяркоўваючы кожнае выступленне і праводзячы ледзь не экспертызу нумароў. Але у прафесіяналаў ад мастацтва ёсць свае сакрэты, напрацоўкі, якія і будуць прымяняць.
Адзначу: вялікую дапамогу ў арганізацыі правядзенні конкурсу аказаў Юрый Касцючэнка з актывам сельсавета, Кармянскі раённы аддзел унутраных спраў, раённы цэнтр культуры і вольнага часу, жыхары вёскі Аляксандраўка. Асобна неабходна выказаць удзячнасць супрацоўнікам сельскіх Дамоў культуры, якія частавалі гасцей рознымі прысмакамі, а таксама Валянціне і Леаніду Кашурэнкам. Прыемна сустрэцца з добрымі людзьмі.
Віктар Ільюшчанка
Фота аўтара

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"