Нарысы гісторыі. Якім было релігійнае жыццё нашай шляхты ў ХVІІ – ХVІІІ стст

Шляхецкі герб Караткевічаў (Корвін)Як вядома, у азначаны час шляхта нашага рэгіёну была каталіцкага веравызнання (рыма-католікі і грэка-католікі). Цэнтрам рэлігійнага жыцця ў наваколлі быў Чачэрск, а землі Кармяншчыны пераважна ўваходзілі ў юрыздыкцыю (падпарадкаванне) Чачэрскай парафіі. Час з’яўлення ў Чачэрску касцёла вызначыць цяжка, але ў інвентары 1704 г. ён ужо згадваецца як касцёл Святой Тройцы. Верагодна, ён быў пабудаваны ў канцы ХVІІ ст.
Першы будынак касцёла Святой Тройцы быў драўляным. Не пазней як з 1744 г. ён належыў езуітам. У 1784 г. на яго месцы быў пабудаваны новы касцёл Святой Тройцы. Будоўлю фінансаваў сам генерал-губернатар Чарнышоў, які прыхільна ставіўся да езуітаў. У 1786 г. касцёл быў асвячоны беліцкім дэканам ксёнзам Аўгусцінам Судорскім.
У Чачэрску мясцілася езуіцкая рэзідэнцыя з парафіяй, якая ахоплівала досыць вялікую тэрыторыю і ўключала ў сябе сённяшні Чачэрскі раён, частку Кармянскага і Веткаўскага раёнаў. Католікі пражывалі ў наступных мясцінах: Акшынка, Аношкі, Бердыж, Вараноўшчына, Грамыкі, Жабін, Жалезнікі, Малынічы, Малынічы Слабодка, Матневічы, Мяховічы (Куракі), Нямковічы, Свяцілавічы, Сябравічы, Шапатовічы, Янава, Янцы і інш. трэба адзначыць, што ў некаторых мясцінах будаваліся каплічкі (напрыклад, у Варанаўшчыне (Ворнаўцы)).
Касцюмы шляхты ХУІІ ст.j Шляхецкі касцюм 18 ст. шляхта XVII ст.Рэзідэнцыя з парафіяй у 1744–1820 гг. належыла езуіцкаму калегіуму ў Магілёве, фундавалася спачатку шляхтай Рэчыцкага павета, а з 1783 г. – графам З. Чарнышовым. Правінцыял Ян Парэцкі ў 1754 г. далучыў рэзідэнцыю да фундацыі Бекельмана, якая знаходзілася на Мсціслаўшчыне, і заснаваў пры касцёле ў Чачэрску даміцыліюм (месца жыхарства, жытло) для двух місіянераў. Чачэрская парафія ў гэты час была філіяй Гомельскай парафіі. Біскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч каля 1777 г. стварыў тут самастойную парафію.
У 1796 г. у ёй налічвалася разам з дзецьмі 769 парафіянаў, яна распасціралася на 25 вёрстаў. Да 1787 г. пры касцёле працавалі 2 святары, потым – 3. Рэзідэнцыя не мела ніякіх фальваркаў і забяспечвалася з фундатарскага двара збожжам і рэчамі, а таксама грашыма (193 руб. у год). Але рэальна місія атрымлівала толькі палову ануаты і грашовага ўтрымання. Гэты фундуш быў павялічаны да 720 руб. срэбрам за кошт жыхароў Рагачоўскага павета і змешчаны ў 1794 г. у Дзерналовічаў з 5 працэнтам гадавых. Таксама маёр Міхал Валовы завяшчаў рэзідэнцыі 800 руб. Грошы былі размешчаны ў Чачэрскай канторы, і з гэтай сумы рэзідэнцыя мела ў год 40 руб. працэнтаў. Утрыманне сакрыстыі, касцёльнага начыння і рамонт касцёла ўваходзілі ў абавязкі фундатара.
Згодна з інвентаром 1726 г., у Чачэрску ў гэты час было 7 вуліц, якія сыходзіліся радыяльна да замка і гандлёвай плошчы, дзе размяшчаліся карчма і крамы. Каля замка на тэрыторыі старажытнага дзяцінца стаяў касцёл Святой Тройцы. У XVI–XVIII стст. Чачэрск быў абнесены сцяною з трыма брамамі: Замкавай, Вялікай і Падольнай. Паводле даных інвентара, у мястэчку існавалі Уваскрэсенская, Мікалаеўская, Прачысценская і Спаская цэрквы (якія знаходзіліся на адпаведна названых вуліцах), сінагога на ўскраіне і было 109 жылых дамоў.
З фрагмента вопіса Рэчыцкага павета 1765 г., які датычыцца Чачэрскай парафіі, можна даведацца аб парафіянах шляхецкага стану, а таксама мясцовасцях, у якіх яны жылі. Вось вытрымка са спісу шляхцічаў-католікаў Чачэрскага староства, якія згадваюцца ў вопісе (НГАБ. Ф. 1769. – Воп. 1. – Спр. 4. – Арк. 54–65 адв.) (акрамя нашых населеных пунктаў прыводзім некаторыя ўладанні, якія не знаходзяцца на тэрыторыі цяперашняга Кармянскага раёна, але прозвішчы шляхецкіх родаў маюць да нас прамое дачыненне, а таму, магчыма, некаторыя нашы чытачы пазнаюць сваіх продкаў): Леан Келчэўскі, падстолі Рэчыцкага павета – спадчынны маёнтак Янцы; Леан Лашкевіч, Міхаіл Лашкевіч – маёнтак Аношкі; Пётр Грынеўскі, Самуэль Грынеўскі – маёнткі Аношкі і Жабін; Людвік Драбышэўскі, Андрэй Драбышэўскі, Ян Драбышэўскі, Пётр Драбышэўскі, Панцеляймон Драбышэўскі, Тэадор Драбышэўскі – маёнткі Шапатовічы; Канстанцін Жлоба – аколіца Вараноўшчына; Базыль Жлоба, Павел Нестаровіч, Базыль Шостак, Базыль Вішнеўскі — маёнтак Вараноўшчына; Рыгор Курака, Тэадор Курака, Базыль Курака, Пётр Курака, Стэфан Курака, Базыль Кунсевіч – маёнтак Мяховічы (Куракі); Канстанцін Тамашэвіч-Жлоба, Аляксандр Жлоба, Леан Жлоба, Сымон Губаровіч, Антоні Жлоба, Тэадор Шостак, Пётр Вішнеўскі, Мікалай Шостак, Рыгор Шостак, Пракоп Шостак, Мікалай Шостак, Базыль Шостак, Ян Жлоба, Эмануэль Жлоба – аколіца Вараноўшчына; Габрыэль Нестэровіч, Мацей Нестаровіч, Міхаіл Нестаровіч, Ян Цішкоўскі – аколіца Янцы; Андрэй Грамыка, Базыль Грамыка, Давыд Грамыка, Францыск Рачкоўскі – аколіца Грамыкі.
Нашчадкі гэтых шляхцічаў і дасюль жывуць у Чачэрскім, Кармянскім і Веткаўскім раёнах. Дарэчы, самы вядомы нашчадак чачэрскай каталіцкай шляхты – гэта знакаміты «Містэр Не» — шматгадовы міністр замежных справаў СССР Андрэй Грамыка, які лічыў сябе рускім і пісаў, што паходзіць з сялянаў, але такі тады быў час.
У 1772 г. пры першым падзеле Рэчы Паспалітай Чачэрскае староства было канфіскавана ў вялікага гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Агінскага і стала часткай Расійскай імперыі.

Падрыхтаваў Валерый Варганаў,
настаўнік гісторыі Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"