Свята мёда адбылося ў Барсуках

IMG_0021

На самае салодкае, духмянае, бурштынавае свята запрасілі ўсіх жадаючых супрацоўнікі Барсукоўскага клуба-музея. Было гэта напярэдадні Мядовага Спасу, «Макаўя».
Адміністрацыйны будынак КСУП «Ім. Вала-дарскага», дзе таксама знаходзіцца ўстанова культуры, быў ўпрыгожаны кветкамі, ганак пераўтвораны ў імправізаваную сцэну, а пляцоўка – у глядацкую залу. Побач размясціўся падворак, дзе праводзілася першая частка свята – тэатралізаваная. Гаспадыня Арына, якую ўвасабляла дырэктар клуба Ірына Вараб’ёва сустракала гасцей: старшыню Кормянскага раённага Савета дэпутатаў Таццяну Шэхцер, старшыню Барсукоўскага сельвыканкама Святлану Караткевіч, выконваючага абавязкі дырэктара КСУП «Ім. Вала-дарскага» Станіслава Пашкоўскага, метадыста цэнтра культуры і вольнага часу Вольгу Захарэнку, мастацкага кіраўніка народнага ансамбля песні і музыкі «Спадчына» Людмілу Саломіну, жыхароў і запрошаных на свята калег. Спрабавала кабета выдаць замуж сваю заседзеўшуюся ў дзеўках дачку, таму і пазвала гасцей, каб было з каго выбіраць. Яе дачка Хадоська, ролю якой выконвала супрацоўніца Барсукоўскай школы Надзея Васільева, і сама была не супраць справіць вяселле, але з кім – вось праблема. Яна заляцалася да многіх, ды не ўсе прымалі яе какецтва. Арына, каб прывабіць гасцей, накрыла багаты стол. Чаго толькі там не было і печыва, і варыва, і вялізны графін з медавухай. Запрошаныя добра пачаставаліся, асабліва патэнцыяльныя жаніхі. Аднак ніводны з іх так з Хадоськай не застаўся. У працэс ўмяшалася кума і суседка – Алена (мастацкі кіраўнік клуба Алена Бундзелева). Яна правяла шмат конкурсаў, гульняў. Мэтай жанчыны было нахваліць сябе як гаспадыню, гэткую мядовую царыцу, паказаць якога якаснага накатала прадукту пчалярства. Усе з захапленнем прымалі ўдзел у Алененых забавах.
IMG_0086Фінішам стаў святочны канцэрт, у якім радаваў гледачоў фальклорны ансамбль “Вытокі”. Перад выступленнем артыстаў Святлана Караткевіч прадаставіла слова Таццяне Шэхцер. У звароце да прысутных Таццяна Валянцінаўна адзначыла, што такія святы трэба праводзіць як мага больш. Яны аб’ядноўваюць людзей, прыносяць радасць і добры адпачынак.
Удзельніцы ансамбля “Вытокі” напрацягу ўсяго канцэрта прымушалі смяяцца і смуткаваць. Але больш было нумароў вяселых, з гумарам. Гледачы смяяліся з жартаў Розы Маркаўны і Гарпіны Дармідонтаўны. Працяглымі апладысментамі сустракамі выступленні супрацоўніцы школы Галіны Іўкінай і загадчыцы сельскай бібліятэкай Валянціны Мікалаевай. У адрас апошняй я пачуў шмат цёплых слоў ад сяльчан як аб душэўным, спагадлівым чалавеку, добрым спецыялісце, творчай асобе. Больш бы такіх адданых справе работнікаў. А як добра акампанаваў спявачкам Аляксандр Саломін. Яго гармонік браў за душу.
Мерапрыемства скончылася. Але людзі яшчэ доўга не разыходзіліся, дзяліліся ўражаннямі, дзякавалі арганізатарам свята. На маю думку, барсукоўцы, у серыі такога рода свят пакуль з’яўляюцца лідэрамі. Аднак наперадзе яшчэ мерапрыемствы ў Дубавіцы, Каменцы, Ліцвінавічах, Акцяброве і Ворнаўцы. Будзем чакаць новых дзівосаў.

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"