Цудоўнае падарожжа ў грыбное царства зрабілі жыхары і госці вескі Ворнаўка

Цікавае і незвычайнае мерапрыества чакала жыхароў і гасцей вёскі Ворнаўка ў мінулую суботу. Гэта было свята грыбоў, якое прайшло ў рамках конкурса-агляда “Парад кірмашовых свят”. Супрацоўнікі Ворнаўскага сельскага Дома культуры і бібліятэкі пры падтрымцы работнікаў ФАПа і сельскага Савета стварылі святочны і пазітыўны настрой для ўсіх прысутных.
bezymyannyjНа прыгожай пляцоўцы каля Дома культуры разгарнулася самае сапраўднае лясное царства, жыхары якога с вялікай  радасцю прымалі гасцей. Завіталі да іх супрацоўнікі Кармянскага цэнтра культуры і вольнага часу Кацярына Якутовіч і Дзяніс Рыбянкоў, а таксама аднавяскоўцы. Вядучая праграмы Нэля Кузняцова была ў ролі дабразычлівага Баравіка. Яна сустрэла гасцей, расказала ім цікавыя звесткі пра грыбы і пазнаёміла з уладальніцай лесу Бабай  Ягой, у сцэнічным  вобразе якой выступала Тамара Загорцава. Вясёлая жартаўніца Яга хутка заваявала ўвагу гледачоў, а тыя адразу змаглі ацаніць яе тонкі гумар. Сустракала яна гасцей не з пустымі рукамі, а як таго патрабуе традыцыя – хлебам-соллю, вельмі
свежым: «усяго толькі 300 год прайшло, як выпякла!».
bezymyannyj1Пасля запрошаныя наведалі Кікімару і Лясуна (Наталля Якутовіч і Іван Курашоў). Гэтая лясная пара вельмі адказна падрыхтавалася да прыходу гасцей. Стол ламіўся ад шматлікіх прысмакаў, якімі гасцінная Кікімара частавала гледачоў. А каб у час смакавання разнастайных страў людзі не сумавалі, Лясун праводзіў для іх забаўляльную праграму. Як толькі не весяліў прысутных гэты казачны герой. Тут былі і чароўныя загадкі, і цікавыя прыкметы, і, канечне ж, парады для  прыгатавання грыбных страў. Яны паклапаціліся і аб тым, каб гасцям было не толькі весела і смачна, але цёпла і сытна. Таму дабразычлівыя гаспадары лясной кухні Таццяна Ядранцава і Уладзіслаў Андрэеў частавалі ўсіх запрошаных сапраўдным гарачым грыбным супам. Не абыйшлося свята і без галоўнага жыхара вадаёмаў – Бабра, ролю якога выканала Тамара Андрэева. Менавіта гэты герой стаў самым любімым для маленькіх гледачоў. Дзеці з вялікім задавальненнем праводзілі з ім фотасесію і актыўна танцавалі ў музычнай частцы праграмы. Дарослым жа Бабёр раздаваў падарункі ў выглядзе прыгожа аформленых рэцэптаў, галоўным інгрэдыентам якіх з’яўляюцца грыбы.
Напрыканцы мерапрыемства ўсіх чакала лясная дыскатэка. Яна ўключала ў сябе не толькі прыгожыя музычныя кампазіцыі, але і шматлікія гульні і конкурсы, што дазволіла выбраць самых спрытных і актыўных ўдзельнікаў.
Гледзячы на вясёлыя, задаволеныя твары прысутных, смела можна гаварыць аб тым, што свята ўдалося на славу. А словы падзякі і захаплення ў адрас арганізатараў мерапрыемства – яркае таму пацвярджэнне.
Таццяна ЖЛОБА
Фота аўтара

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"