Сёння Пакроў. Цікава, ці працуюць яшчэ гэтыя старадаўнія прыкметы у наш час?

14 кастрычніка адзначаецца адно з папулярных народных святаў восені – Пакровы, ці Пакравы. У Рэспубліцы Беларусь яшчэ адзначаецца Дзень маці, што невыпадкова прыпадае і на рэлігійнае свята Пакрову Прасвятой Багародзіцы. З дзяцінства памятаю словы сваёй бабулі: “Маці Божая, пакрый нас святым Тваім покрывам і барані нас ад усякага зла!”.

1128_900

Гэты дзень лічыцца пераломным момантам у жыцці прыроды і ў гаспадарцы. Пакровы – першы надыход маразоў, холада, снега, прымаразкаў – своеасаблiвая мяжа памiж восенню i зiмой. Да Пакрова звычайна завяршалі ўсе работы ў полі і садзе, уцяплялі жыллё і гаспадарчыя пабудовы. Пасля Пакроваў у сялянскім жыцці пачынаўся новы цыкл работ – нарыхтоўка паліва, перавод жывёлы на стойлавае ўтрыманне і г. д. У гэты дзень у залежнасці ад прыродных умоў жывёле скармлівалі пажынальны сноп (казалі: “На Пакровы дай сена карове”).
Здаўна лічылася, што на Пакровы зіма закрывае лета, а Бог “запячатвае зямлю, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў” (в. Сырск). З Пакроваў нельга было ўжо кранаць зямлю (“Не чапай зямлю да Радаўнiцы i пасля Пакроваў, смерць будзе ў тваiм родзе”, в. Струмень). Асаблiва гэта тычылася закладкi падмурку, будаўнiцтва агародж, тыну, нават усталявання помнiкаў на могiлках.
images-1Затое Пакровы распачыналі сезон вяселляў. Нездарма ў замужніх кабетаў павінна быць “пакрытая” галава, а дзяўчаты хадзiлi з непакрытай. Дзяўчаты, якiя верылi ў сiлу свята Пакроваў, iх здольнасць пасадзейнiчаць шлюбу, напярэдадні варажылі на замужжа. Набіралі ў фартух апалае лісце, а пасля вытрасалі з прыполу: “куды вецер панясе, туды і замуж ісці” (вв. Ворнаўка, Ліцвінавічы, Багданавічы і інш.). Таксама пяклі салёныя блінцы і перад сном з’ядалі, задумваючы, каб сасніўся і напаіў той, хто наканаваны лёсам. З марамі пра замужжа дзяўчаты прасілі святы Пакроў пакрыць іх галаву вянком (чапцом): “Пакравы прыйдуць – дзеўцы галаву накрыюць”.

На Пакровы абавязкова пяклi блiны (папрыклад, в. Задуб’е, в. Барсукі). Лiчылася, што дзякуючы гэтаму сям’я ўдала перазiмуе. Гэты абрад так i звалi – “запякаць вуглы”, што значыць зберагчы, захаваць сям’ю, хату, гаспадарку.

З дзяцінства памятаю народныя прыкметы пра надвор’е, якія згадвалі старэйшыя. Вось некаторыя з іх:

 

— Калі да Пакрова дня снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу;
— Якое надвор’е на Пакровы, такое будзе і ўсю зіму да вясны;
— Калі да Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ дзве нядзелі;
— На Пакровы да абеду восень, па абедзе – зiма;
— Калi снег да Пакроваў пойдзе – зiма будзе не хутка;
— Калi да Пакроваў жоравы адляцяць – зiма будзе ранняя i халодная;
— Калi лiсце з дуба i бярозы на Пакровы ападзе чыста – да лёгкага года, а не ападзе – да халоднай зiмы;
— Ад першага снегу да саннага шляху шэсць тыдняў;
— Якая пагода на Пакровы, такая i на Раство;
— Асабліва ж уважліва на Пакровы сачылі за ветрам: з якога ён боку быў у гэты дзень, з таго боку ён павінен дзьмуць і ўсю бліжэйшую зіму. Зыходзячы з таго пераканання, што поўдзень заўсёды нясе цяпло, а поўнач – холад, сцвярджалі, што паўночны пакроўскі вецер прадказвае суровую зіму, а паўднёвы – мяккую, гнілую. Калі ж з раніцы задзьме ўсходні вецер – зіма будзе маласнежная, заходні – наадварот, вельмі снежная.
І яшчэ, на Пакровы ладзіліся ўрачыстыя вясёлыя ярмаркі, дзе прадавалася ўсё, што Бог даў у гаспадарцы ў гэтым сезоне, і набывалася неабходнае на зіму. Час ідзе, жыццё мяняецца, а традыцыя пакроўскіх ярмарак засталася.

Падрыхтаваў В. Варганаў, настаўнік гісторыі

Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"