Гудзеў кірмаш, звінела песня…

Бадай, такіх тэматычных святаў, якія адбыліся ў рамках агляду-конкурсу “Парад кірмашовых свят”, прысвечанага году культуры, работнікі клубных устаноў раёна не ладзілі даўно, таму гэта было вельмі адказна і хвалююча. Кірмаш быў важнай падзеяй, якую з найвялікшым нецярпеннем чакалі ўсе без выключэння. Гандляры спадзяваліся добра натаргаваць, маладыя — натанцавацца, старыя — нагаварыцца. Менавіта гэтыя мерапрыемствы сталі новым вітком у народных святкаваннях на фальклорнай аснове і садзейнічалі адраджэнню традыцыйнага кірмашу. Састаўнымі кампанентамі з’яўляюцца: віншаванні і ўшаноўванне працаўнікоў сяла, святочны гандаль сельгаспрадукцыяй і прамысловымі таварамі, выстава-продаж вырабаў народных промыслаў, атракцыёны, гульні і забавы.Такім чынам, кірмашовыя святы, адроджаныя на нацыянальнай аснове, з’яўляюцца шматфункцыянальнымі, яны прадстаўляюць чалавеку магчымасць задаволіць разнастайныя матэрыяльныя і духоўныя запатрабаванні. Маючы традыцыйную структуру правядзення, кірмаш ў кожнай вёсцы раёна прапаноўваў магчымасць для выкарыстання мясцовага фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу і сваю тэматыку. Так, напрыклад, “Свята малака” адбылося ў аграгарадку Хізаў, “Свята зёлак і гарбаты” – ў аграгарадку Баравая Буда, “Грыбное свята” – у вёсцы Ворнаўка, “Свята бліноў” – у вёсцы Лужок і г.д. Больш падрабязна пра гэтыя мерапрыемствы можна прачытаць у нумарах раённай газеты “Зара над Сожам”, якія выходзілі на працягу бягучага года.
Адметна тое, што ўсе мерапрыемствы праходзілі пры самым актыўным удзеле жыхароў вёсак, і менавіта такая форма правядзення спадабалася ўсім, яна садзейнічала аб’яднанню сельскіх жыхароў дзеля сумеснага актыўнага адпачынку і развіццю грамадскай актыўнасці працаўнікоў раёна.
Кожнае кірмашовае свята вызначалася арыгінальнай і гарманічнай кампазіцыяй, радавала паэтычнасцю і шчырай любоў’ю да бацькаўшчыны. На аздобленых пляцоўках вёсак – малыя і дарослыя весела бавілі час. Удзельнікі мерапрыемстваў стараліся стварыць вакол сябе прыгажосць, якая надавала настрой, заахвочвала лепш працаваць і цудоўна адпачываць. Усе былі ўпэўнены, што кожнаму яно прынясе шмат цікавых сустрэч і новых знаёмстваў, дазволіць дакрануцца да багатых традыцый свайго краю.
img_0100Журы вельмі цяжка было вызначыць пераможцаў, але ўрэшце першае месца атрымалі работнікі Барсукоўскага сельскага дома народных традыцый, якія арганізавалі і правялі “Свята мёду”, другое пачэсна занялі работнікі Каменскага СДК – “Свята бульбы”, а вось трэцяе месца журы агляду-конкурсу вырашылі падзяліць паміж дзвюма клубнымі установамі: Хізаўскім СДК – “Свята малака” і Акцяброўскім цэнтрам фальклору – “Капусная талака”.
З упэўненасцю скажу, што такія мерапрыемствы мы мяркуем праводзіць штогод.
Можна яшчэ шмат чаго расказваць пра нашы задумкі, але тады не застанецца сюрпрызаў для гасцей. Шчыра запрашаю жыхароў раёна наведваць такія святы, рабіць экскурс у гісторыю, дакранацца да традыцый нашага краю. Тым самым мы будзем спрыяць іх захаванню і далейшаму развіццю.
К. Якутовіч,
метадыст па народнай творчасці цэнтра культуры і вольнага часу

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"