Краязнаўчыя нарысы: Рэчыцкая «адысея» Джона Сміта

john-smithШаноўныя сябры, а ці ведаеце вы хто такі Джон Сміт? Напэўна, памятаеце са школы, што гэта адзін з галоўных заснавальнікаў першай англійскай калоніі ў Паўночнай Амерыцы ў Джэйстаўне ў 1607 г., адной з будучых 13 калоній, якія складуць пазней ЗША. Дык вось, стала вядома, што ён за чатыры гады да “адкрыцця англічанамі Амерыкі” пабываў у Беларусі. А дакладней – у нашым Рэчыцкім павеце і праязджаў праз нашыя землі пасля шматлікіх блуканняў і прыгод (войны з Асманскай імперыяй, палон, рабства, рынак рабоў у Крыме, продаж, пабег, блуканне па “Дзікім полі”, трапіў у Масковію, адтуль у ВКЛ). Калі чытачам будзе цікава, мы распавядзем пра гэтыя захапляючыя прыгоды пазней, а пакуль – пра тое, што знакаміты англічанін убачыў у нас.
Рэчыцкі замак з пяццю вежамі… Рэчыца жыла поўным жыццём. Жыхарства горада і павету займалася гандлем, рамяством, земляробствам, гародніцтвам, пчалярствам, рыбалоўствам, сплавам лесу і будоўляй чаўноў. Будаваліся пераважна пласкадонныя баркі і берліны, дзеля таго, што на Дняпры шмат меляў. Баркі ўжываліся галоўным чінам для сплаву лесу па Дняпры на Украіну і да татараў, там яны звычайна прадаваліся разам з лесам. Рэчыца была важным рачным портам, дзе рух розных тавараў спрыяў канцэнтрацыі спецыялістаў разнастайных прафесій.
У лясах было шмат смалярняў. Мясцовыя смалагоны былі добрымі спецыялістамі і славіліся далёка сваімі вырабамі. Капітан Сміт мог тут убачыць смаляроў за працай ды быць азнаёмлены з іншымі майстрамі.
Нядзелямі ў Рэчыцы бывалі багатыя кірмашы. З вёсак павету прывозілі на продаж авёс, жыта, пшаніцу, гародніну, сена, мёд, воск, рыбу, жывёлу (хатнюю жывёлу можна было прадаваць на рынку ад Св. Барталамея, 24 жніўня, аж да мясапусту). Купцы з Магілёва пры-возілі крамныя рэчы, а скуплівалі воск, мёд, скуры, смалу, дзёгаць. З далёкіх мясцовасцяў, з-за мяжы, прывозілі соль, салёную рыбу, садавіну, турэцкую бакалею, мігдалы ды іншыя прысмакі. Прадаваліся так-сама вырабы з жалеза балотнай руды, якая здабывалася на месцы, і вырабы бровараў рэчыцкага павету.
У Рэчыцы была мытная камора, дзе збіралася мыта з мясцовых купцоў за ўвоз ды вываз тавараў за мяжу, з іншаземцаў за продаж тавараў на мясцовых рынках ці за перавоз праз тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага.
Хутчэй за ўсё, Джон наведаў праваслаўную царкву Уваскрасення і уніяцкую царкву св. Мікалая, мясцовы манастыр.
Рэчыца ў 1603 г. – умацаваны горад-замак у маляўнічай мясцовасці на стромым беразе Дняпра з добра наладжаным гандлем і рамяством прыцягнуў да сябе ўвагу нашага падарожніка.
Сустрэлі Сміта ў Рэчыцы гасцінна. Затрымаўся ён хіба ў замку, бо быў госцем нейкай афіцыйнай асобы, як гэта выглядае з ягоных словаў. Адсюль яго з такой жа ўвагай праводзілі ў «Короскі» – Карасцень. Не ўспамінае Сміт, аднак, ані Лоева, ані Брагіна, праз якія ён мусіў праходзіць, каб трапіць у свой наступны пункт Карасцень, які ўжо на Украіне. У Брагіне ў той час быў князь Адам Вішнявецкі, малады гуляка – любіў баляваць, прымаў гасцей. На ягоным двары заўсёды было шмат людзей з розных краін. Дзіўна, што Сміт ні словам не згадаў пра Брагін.
Вось гэтак Джон Сміт пакінуў краіну, у якой, як ён піша, прымалі яго так, што “ніколі ў сваім жыцці, ні раней, ні пазней, ён не сутыкаўся з большай пашанай, увагай і гасціннасцю”. Ніводны “губернатар”, дзе ён праходзіў, у дадатак да звычайнага штодзённага пажытку і адзення, не прамінуў абдараваць яго. Наш край пакінуў у яго уражанне як краіна, дзе “людзі цывілізаваныя, добра адзетыя, дамы іхныя маюць цікавую мэблю… Хаты збудаваныя з бярвенняў, паложаных адзін на адзін, ды злучаных зарубамі па рагох…” – тут ен дае дакладнае апісанне беларускіх вясковых хат. Не забыўся Сміт згадаць і пра нашыя дарогі праз балоты, вымашчаныя круглякамі, якія часам цягнуліся праз два-тры дні падарожжа.
Далей ішоў ён праз Украіну, Польшчу, Вугоршчыну і нарэшце вярнуўся ў сваю Англію. Там якраз рыхтавалася экспедыцыя у Амерыку, Сміт скарыстаў нагоду, і ў 1607 г. ён ужо быў у Вірджыніі.
Ёсць меркаванне, што калі ўжо на амерыканскай зямлі капітан Сміт стаў губернатарам Вірджынскай калоніі і пачаў разбудоўваць яе, паўстала патрэба спецыялістаў розных рамесных спецыяльнасцей. А таму туды маглі трапіць і нашы землякі, асабліва спецыялісты па вырабу смалы і дзёгцю, але з пэўнасцю сцвердзіць іх прысутнасць можна будзе толькі ў выніку пошукаў у амерыканскіх архівах.

Валерый Варганаў

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"