НАРЫСЫ ГІСТОРЫІ. Саслоўны склад насельніцтва. Дваранства

У ХІХ ст. ўсё грамадства дзялілася на саслоўі-карпарацыі: дваране, духавенства, гарадскія і сельскія абывацелі.
Усе яны мелі свае органы самакіравання, акрамя прыгонных сялян, якія цалкам падпарадкоўваліся пану і вотчыннай паліцыі.
Усё дваранства падзялялася на спадчыннае (патомнае) і асабістае (пажыццёвае). У сваю чаргу патомнае дваранства дзялілася на 6 разрадаў: “дворянство жалованное или действительное, дворянство военное, дворянство, полученное путем выслуги определенного чина на гражданской службе или в результате награждения российским орденом, иностранные дворянские роды, титулованное дворянство, древние благородные роды”. Асабістыя дваране, як і патомныя, былі свабодныя ад цялесных пакаранняў і рэкрутчыны, ад асабістых падаткаў. Яны мелі пэўныя прывілеі пры замяшчэнні пасад на дзяржаўнай службе. Але яны не мелі магчымасці актыўна ўдзельнічаць у жыцці дваранскай карпарацыі, не ўносіліся ў дваранскія радаводныя кнігі і не мелі права валодаць прыгоннымі. Перадавацца асабістае дваранства магло толькі ад мужа да жонкі. Дзеці ў спадчыну яго ўжо не атрымлівалі.
Усе дваране губерні складалі губернскае дваранскае грамадства. Губернскія і павятовыя дваранскія сходы былі саслоўнымі дваранскімі органамі самакіравання. Павятовыя дваранскія сходы збіраліся раз у тры гады са згоды мясцовага губернатара і дазволу Міністэрства ўнутраных спраў. Дваранскія сходы выбіралі прадвадзіцеляў дварантва. На такіх сходах маглі прысутнічаць усе паўналетнія мужчыны – патомныя дваране, унесеныя ў радаслоўныя кнігі, а права голасу мелі толькі тыя, хто валодаў нерухомасцю, меў класны чын, ордэн, атэстат аб заканчэнні вучэбнай установы ці праслужыў тры гады на дваранскіх выбарчых пасадах. Павятовыя дваранскія сходы правяралі спісы дваран, кантралявалі права на ўдзел у дваранскіх выбарах, праводзілі папярэдняе абмеркаванне пытанняў, вызначаных для губернскага дваранскага сходу. Цікава таксама, што павятовыя дваранскія сходы не падпарадкоўваліся губернскім і маглі напрамую зносіцца з афіцыйнымі дзяржаўнымі ўладамі.
Самымі вядомымі памешчыкамі на Кармяншчыне былі: Случаноўскія (Барсукі), графы Чарнышовы (Вашчанкі, Дубролеж, Літвінавічы), Дзерналовічы (Сырск, Вынашаўка), Казарынавы (Вярхі), Быкоўскія (Дубавіца, Лужок, Расохі, Струкачоў), Міляўскія (Жабін), Янушкевічы (Задуб’е), Маліноўскія (Калюды, Коласаў), Лавянецкія (Лазовіца), Богушы (Лебядзёўка), Стракоўскія (Пятравічы), Янушкевічы (Сапажкі), Кузьміцкія (Струмень), Дзібіцкія (Хізаў) і інш.
Невялікія маёнткі часта насілі назву фальваркаў. У іх жылі аканомы ці арандатары вялікіх маёнткаў. Такім чынам фальваркам сталі называць таксама пасяленні, размешчаныя непадалёку ад маёнтка ці побач з вёскай Часта яны мелі такую ж назву, што і блізкая вёска ці маёнтак. Большасць фальваркаў складалася з 1-2 дамоў. Звычайна, пабудовы фальварку хаваліся ў зеляніне парку, акружанага плотам з брамай і высокімі варотамі, над якімі ўзвышалася дашчатая вежа. За брамай, перад маёнткам, звычайна знаходзілася плошча з кветніком – курданер. Менавіта тут спыняліся брычкі, гаспадар выходзіў і сустракаў гасцей. Іншым разам насупраць панскага дому стаяў сонечны гадзіннік. У дом гаспадара вёў ганак з прыступкамі і калонамі (яіх было 2 ці 4). Далей ішлі сені, паабапал іх знаходзіліся жылыя пакоі, гасцінная (святліца, горніцы). Сені мелі скразны праход, што вёў у двор. Дом крыўся высокай вальмавай страхой з дранкі, а нярэдка і саломы. Побач з домам знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы (хлявы, гумны, канюшні), дзе захоўвалася маёмасць. Злева ці зправа ад брамы звычайна стаяў двух’ярусны свіран з кругавой галерэяй на ўзроўні другога яруса, лесвіцай, чатырохсхільнай страхой – лямус, альбо скарбец. Першы ярус нярэдка рабіўся каменны. У ім размяшчаліся жылыя пакоі прыслугі. На другім захоўваліся зерне і мука. Нярэдка замест аднаго лямуса стаяла 4-5 свіранаў. За лямусам была другая для сушкі сыроў – сырніца. За ёй стаяла другая, накшталт сялянскай істопкі – для захавання гародніны. Далей – капцільня, лядоўня, а на беразе сажалкі – скрыня для рыбы. Крыху воддаль, з іншага боку маёнтка размяшчалася памяшканне, дзе жылі парабкі і прыслуга. Асобна стаяў скотны двор – вялізны вянок з дваром пасярэдзіне. Нярэдка двор быў крытым.
У некаторых фальварках ствараліся прамысловыя прадпрыемствы. Але пра гэта асобная гаворка.

Шляхцянк__ рагачоўскага паветуШЛЯХТА І ЯЕ ПОБЫТ

У канцы ХVІІІ ст. мясцовая шляхта складалася не толькі з буйных памешчыкаў, але і са шматлікай “шляхты”, да якой адносіліся зусім розныя катэгорыі насельніцтва. Раней яны знаходзіліся на службе ў дзяржавы ці магнатаў. Пасля ўключэння ў склад Расійскай імперыі ў расійскае дваранскае саслоўе ўвайшла толькі тая частка шляхты, якая “подтвердила свое дворянство”. А паводле Зводу законаў Расійскай імперыі (Т. 9, с. 677,1890 г.) асобы былой шляхты, “проживающие в селениях, возвращенных от Польши губерний, не утвержденных в дворянстве и не пропустивших установленных для избрания рода жизни сроков, составляют свободных сельских обывателей, под названием однодворцев западных губерний”.
Шляхціцы маглі валодаць зямлёй без сялян. Шмат шляхціцаў не мелі ўласнай зямлі і арандавалі яе ў расійскіх дваран-памешчыкаў. На кожнага памешчыка ў сярэдзіне ХІХ ст. у нашай мясцовасці прыходзілася ў сярэднім 3-4 такіх сям’і. Амаль усе яны выконвалі сельскагаспадарчыя работы самі, часам выкарыстоўваючы парабкаў. Спосаб землеўладання аднадворцаў – участковы. Толькі час ад часу лугі і лясы заставаліся ў агульным карыстанні. У такім выпадку кожны ўласнік выстаўляў колькасць работнікаў у залежнасці ад памераў зямлі. Беспамесная шляхта, ці аднадворцы, жыла ў асноўным асобна. Месцы іх пасялення называліся аколіцамі. Назва “аколіца” паходзіць ад агульнаславянскага “околоти”, што значыць абкружаць, агарожваць, а пазней – наваколле, агароджа вакол вёскі. Аколіцы будаваліся непадалёку ад вёскі і абносіліся плотам. Тут сялілася шляхта, якая імкнулася вылучыцца ад сялян, падкрэсліць сваё высакароднае паходжанне. Хоць часта шляхты была не багацей за сялян. Здараліся выпадкі, калі селянін называў памылкова аколіцу сялом. Гэта ўспрымалася аднадворцамі – аколічнай шляхтай – як вялікая абраза. Гэтыя людзі ганарыліся сваім шляхецкім паходжаннем і не жадалі быць “мужыкамі”. Аколіцамі, напрыклад, (па стане на 1910 г.) былі: Вярхі, Варанаўшчызна, Енцы, Жабін, Лазовіца, Лядцы, Востраў, Сапагі, Струмень, Хулапаўка і інш. Цікава, што большасць насельніцтва ў гэтых пасяленнях, нават у нашай мясцовасці, складалі не праваслаўныя, а каталікі. Спіс аднадворцаў мы друкавалі раней.
Хатні побыт, адукацыя і адзенне аднадворцаў амаль нічым не адрозніваліся ад вольнага чалавека ці простага селяніна. Сярод іх былі людзі пісьменныя, але большасць – непісьменныя. Гэта працавітыя людзі, часта яны гаварылі па-польску альбо ўжывалі шмат польскіх слоў, як гэта рабілася ў касцёле. Бліжэйшым касцёлам у першай палове ХІХ ст. да нас быў касцёл у Чачэрску, туды ж (да Чачэрскай парафіі) адносіліся і рымска-каталіцкія вернікі нашай мясцовасці. Напрыклад, Паплаўскія з Вярхоў, ці Несцяровічы і Караткевічы з Варанаўшчызны, Енцаў, Кароцек і г. д.
Цікава апісваў такую шляхту старшыня Магілёўскага статыстычнага камітэту А. С. Дамбавецкі: “От исторических влияний шляхта выработала свой собственный тип… Он отличается по наружному виду, главнейше, своими усами, бороду сбривает. Одежда тоже отличается от крестьянской. Шляхтич не носит белорусских ни белой свитки, ни белой мегерки (головной убор), но какой-нибудь серый или черный кафтан, в роде длинного сюртука, на голове картуз, тоже серый или черный.
В характере шляхтича отличительные черты: задор и хвастливость… шляхтянки держали себя поодаль от крестьянок, не носили нарядов с узорами, даже кольца и бусы покупали отличные от тех, которые видели они у крестьянок». (Дембовецкий А. Опыт описания Могилевской Губернии. Кн. 2. С. 602 – 604.).
Разам з тым аднадворцы былі добрымі гаспадарамі. Шляхціцы-уласнікі жылі заможна і мелі магчымасць “скапіць капейку”. Па-іншаму жыла шляхта беззямельная. “Живя на чужой арендной земля, шляхтич перебивается из года в год, думая только о том, чтобы с меньшими трудами и издержками выручить в арендную плату и содержать себя с семьей. Еще та шляхта, которая на арендной земле образует немелкие поселки (более 7 дворов), живет не совсем бедно, потому что землевладельцы не решаются стеснять… шляхетское селение, которое дает им значительный доход… Но шляхта разбросанная, живущая по одному домику (односелье) или по два на помещичьей земле, между крестьянскими наделами или на небольших отрезках, находится в большей части в незавидном положении… Когда же шляхтич поживет на такой земле несколько лет и сколько-нибудь ее поправит, землевладелец торопится возвысить плату или удалить его, отдав улучшенный участок крестьянам, предлагающим всегда высшую плату деньгами или работою.» (Дембовецкий А. Опыт описания Могилевской Губернии. Кн. 2. С. 602 – 604.).

Падрыхтаваў В. Варганаў, настаўнік гісторыі
Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"