НАРЫСЫ ГІСТОРЫІ. СОЖ

З гэтага выпуску “Краязнаўчай крынічкі” мы пачынаем серыю матэрыялаў па актуальных пытаннях паходжання назваў нашага краю. Выданне “Тапанімічнага слоўніка Кармянскага раёна” (2015 г.), выдадзенага абмежаваным накладам, выклікала вялікую цікавасць чытачоў. Гэта стала штуршком для далейшых пошукаў, з’явіліся новыя версіі, меркаванні, не ўсе тапонімы былі апісаны (альбо поўна апісаны) у слоўніку. Разам з тым, мы разлічваем на дапамогу чытачоў: дасылайце сваю інфармацыю, пытанні ў рэдакцыю раёнкі…

сож

Пачнем з нашай галоўнай ракі – Сож. У тапані-мічным слоўніку чытаем кароценькую інфармацыю: “Сож – рака, якая працякае па землях Кармянскага раёна, у якую ўпадаюць рэкі Горна і Добрыч. Версіі паходжання ракі Сож ад: 1) імя старажытных скіфаў, сакаў; 2) старажытнапрускай назвы ў значэнні “дождж”; 3) фінамоўнага абазначэння ваўка; 4) славянскага слова, што абазначала “выпаленае месца пад ворыва”. Усё ж што азначае гэтая назва-тапонім?
Гэтым пытаннем зацікавіўся і гомельскі вучоны-тапаніміст А. Ф Рогалеў. На яго думку ў аснове назвы ракі магло ляжаць слова, якое мела значэнне “балоцісты”. Вучоны абгрунтоўвае гэту версію тым, што блізкія па гучанні слову Сож рачныя імёны Усож, Сожа сустракаюцца ў басейне іншай ракі — Сейма, цячэнне якой геаграфічна прымыкае да арэалаў шматлікіх рэчак з назвамі Сазан і Сазон. Назвы гэтых рэчак тлумачацца на аснове іранскага тэрміна “саедзаен” (балоцісты). Разам з тым прафесар Рогалеў не адмаўляе і іншую, зусім супрацьлеглую версію славянскага паходжання назвы ракі. Ён выявіў, што на старажытных картах XVI ст. рака па-лацінску называлася Nereia flumen, што азначала “цячэнне, рака Нярэя”. Геаграфічная назва Нярэя ўзыходзіць да геаграфічных тэрмінаў балцкіх моў: літоўскага nerija і латышскага nerija ў значэннях “вузкая доўгая пясчаная паласа, водмель у моры ўздоўж берага”. Верагодна, што ў мове балцкіх плямёнаў, якія насялялі Пасожжа ў перыяд да прыходу туды радзімічаў (да VIII ст.), рака называлася Нярэя. Радзімічы пераклалі балцкую назву на сваю мову, і ў выніку перакладу з’явілася найменне Сож. Супастаўляючы найменне ракі з іншымі сугучнымі славянскім рачнымі назвамі, Рогалеў дапускае сувязь назвы са словам “суша”, а літаральна “рака, якая мае сухія месцы”, гэта значыць водмелі, пясчаныя наносы.
Ёсць і іншыя тлумачэнні. Так, даследчык К.Буга выводзіў назву ракі ад фінскага слова susi (воўк). Вядомыя маскоўскія вучоныя В.Тапароў і А.Трубачоў лічаць найменне ракі балтызмам. А беларускі тапаніміст В. Жучкевіч звязваў гэту назву са старажытнарускім і старабеларускім словам “сожжь” у значэнні “выпаленыя ўчасткі лесу, падрыхтаваныя для распрацоўкі зямельнага ўчастка”.
На нашу думку, адказ на пастаўленае пытанне дапаможа знайсці зварот да славянскай міфалогіі. Характэрна, што паходжанне Сожа ў сялянскіх павер’ях Гомельшчыны тлумачыцца як “узараная баразна ад плуга”, у які святыя Кузьма і Дзям’ян (хрысціянізаваныя іпастасі Пяруна) запрэглі міфічнага змея! Яны працавалі каля возера Святое кавалямі. Калі змей у чарговы раз прыйшоў за чалавечай ахвярай, працаўнікі молата і кавадлы пайшлі на хітрасць. Яны папыталі змея высунуць язык, каб падсадзіць туды чалавека. Даверлівая рэптылія выканала просьбу святых, а тыя ўхапілі змяіны язык, загадзя падрыхтаванымі кавальскімі абцугамі. А паколькі яны былі распаленыя, гаду прыйшлося несалодка. Затым з дапамогай таварышаў Кузьма і Дзям’ян накінулі на змеюку жалезны хамут і запрэглі ў плуг. Гэтай прыладай пачвара пракапала роў, а пасля цяжкай працы напілося вадзіцы ды і лопнула, напоўніўшы гэты роў вадой… Так і ўзнік Сож.
На нашу думку ў прапанаванай легендзе ёсць рацыянальнае зерне. І назва сельскагаспадарчай прылады сахі непасрэдным чынам звязана з нашай ракой. Тут агульны корань “сош”. Пасля сахі атрымліваецца баразна, якую славяне ў старажытнасці верагодна і называлі сош (ці сож). Мы таксама высветлілі сувязь гэтага кораню ў балцкіх і іншых мовах з воднай стыхіяй ці воднымі аб’ектамі. Магчыма, у некаторых мовах слова “сош” (“сошь”, “сож”) азначала “вада”. Так маглі называць вялікую раку.
У дадатак адзначым, што і назва вёскі Расохі мае такое ж паходжанне. Прыстаўка “ра” азначае разыходжанне, альбо раздваенне, чагосьці. У нашым выпадку, напэўна ручаёў (невялічкіх рачулак).

Падрыхтаваў В. Варганаў, настаўнік гісторыі
Ворнаўскай школы

Зара над Сожам

Редакция газеты "Зара над Сожам"